Кветкі, узнагароды і апладысменты! Ляхавіцкая дзіцячая школа мастацтваў адзначае 65-гадовы юбілей

У Ляхавіцкай дзіцячай школы мастацтваў – юбілей. 65-гадоў – цудоўны ўзрост, прыгожая гісторыя і багатыя творчыя традыцыі. Установа раскрывае таленты, вучыць любіць мастацтва, пазнаваць прыгожае, ствараць і натхняцца. Сваёй школай яе называюць больш за 2 000 выпускнікоў. За шэсць з паловай дзесяцігоддзяў 256 выпускнікоў ДШМ прадоўжылі навучанне далей і выбралі мастацтва і культуру сваёй прафесіяй.

Старонкі гісторыі
Творчы шлях імянінніцы пачаўся 1 верасня 1960 года. Менавіта ў гэты дзень Ляхавіцкім раённым выканаўчым камітэтам было прынята рашэнне аб адкрыцці ў нашым райцэнтры музычнай школы, якая размяшчалася ў жылым доме з трыма пакоямі па вуліцы Дзесюкевіча, 23.
Першым дырэктарам стаў настаўнік па класе баяна Уладзімір Шахаў. Пасля школа пераехала на вуліцу Камсамольскую, 42. Амаль чатыры дзесяцігоддзі ўзначальваў калектыў Уладзімір Карцаў, які ўсім сэрцам любіў музыку, дзяцей і мастацтва. За дзесяцігоддзі шмат было ім зроблена і дасягнута – усё занатавана ва ўдзячнай памяці творчай установы. Новая старонка ў жыцці юбіляркі – 1997 год, калі адбылася змена статусу з музычнай на мастацкую. Важкі ўклад ва ўмацаванні мастацка-матэрыяльнага аўтарытэту ДШМ належыць
і Уладзіміру Круку, для якога работа стала і любімым хобі. На 60-годдзе юбілею школы ён пажадаў роднай «музыкалцы» рухацца далей і быць паспяховай сёння і ў заўтрашнім дні.

Гонар і ўдзячнасць
Школа мае багатае мінулае, паспяховую сучаснасць і перспектыўную будучыню. І аснова ўсяму – кадры, улюбёныя ў справу. Харэаграфічнае, фартэпіяннае, струннае, выяўленчае, тэарэтычнае,
баянна-акардэоннае аддзяленні, аддзяленне духавых і ўдарных інструментаў – на кожным з іх працуюць былыя выпускнікі. І іх большая частка калектыву: Уладзімір Піваварчук, Яфім Яковіч, Аляксандра Яўсеева, Вольга Дамашэвіч, Алеся Планіна, Вольга Гатоўчыц, Алена Равінская, Ірына Кірыла, Ганна Курчый і іншыя.
Асаблівая павага настаўнікам-прафесіяналам, працоўны шлях якіх пайшоў на пяты дзясятак, але яны застаюцца ў страі: кіраўнік тэарэтычнага аддзялення Святлана Мініч, кіраўнік фартэпіяннага аддзялення Ірына Клімашэўская, кіраўнік баянна-акардэоннага ад-
дзялення Аляксей Беразоўскі. Якаў Мурзіч на працягу сваёй 53-гадовай працоўнай біяграфіі на выдатна спраўляўся з рознымі працоўнымі абавязкамі, быў і дырэктарам, і завучам,
кіраўніком аддзялення.
У юбілей словы падзякі гучаць у адрас ветэранаў ДШМ, сярод якіх Тамара Бярозка, Аліна Болтуць, Людміла Жукава, Віктар Русін, Алена Тумаш і многія іншыя. Не хопіць газетнай паласы, каб узгадаць усе слаўныя старонкі творчай біяграфіі школы-юбіляркі, ушанаваць настаўнікаў, для якіх працоўнае месца стала гонарам і прызваннем.

У творчым пошуку
Пяцігодку каля руля ДШМ яе былая выпускніца Марыя Камінская – кампетэнтны кіраўнік і таленавітая асоба. Музыка стала прафесіяй і любімай справай для намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Ірыны Тулейка, працоўны стаж якой складае больш за
тры дзесяцігоддзі.
Захоўваючы свае лепшыя традыцыі, школа мастацтваў адкрывае новыя імёны і не стамляецца здзіўляць творчымі эксперыментамі, мае аўтарытэт сярод калег. Візітнай карткай ДШМ з’яўляюцца яе творчыя калектывы. Тры з іх маюць званне «народны»: ансамбль народных інструментаў «Водар» (кіраўнік Ларыса Муралава), інструментальны ансамбль «Джаз Арт» (Барыс Шабановіч) і эксперыментальная вакальная група «Берагіня» (Людміла Іваноўская). Актыўныя ўдзельнікі разнастайных конкурсаў – ансамбль «Сем нот – шэсць струн» (кіраўнік Жанна Рыжая), інструментальны ансамбль «Адэль» (Святлана Чорная), дзіцячы ансамбль духавых і ўдарных інструментаў «Спадарожнік» (Барыс Шабановіч), харэаграфічны калектыў «Сюрпрыз» (кіраўнікі Таццяна Яўсей, Вольга Дамашэвіч і Аляксандра Яўсеева). Дорыць радасць гледачам ансамбль акардэаністаў (кіраўнік Аляксей Беразоўскі), ансамбль цымбалістаў (Наталля Маслоўская) і іншыя. Навічкі сярод творчых калег, але даволі папулярныя сярод землякоў – кавер-бэнд «Вясна» (Таццяна Ладзілава), вакальная група «Е-ноткі» (Людміла Іваноўская). Не злічыць усіх перамог, дыпломаў і званняў таленавітых навучэнцаў і іх настаўнікаў.
Нераўнадушны, працавіты і крэатыўны калектыў ДШМ стаў аўтарам шматлікіх конкурсаў, прыняць удзел у якіх лічаць гонарам прадстаўнікі іншых рэгіёнаў. Гэта «Іграй, мой баян!», «Вясеннія ноткі», «Вывучаючы мастацтва» і іншыя.
– Нягледзячы на ўзрост, наша дзіцячая школа мастацтваў, на самай справе, вельмі маладая і сучасная. У школе створаны ўсе ўмовы для раскрыцця творчых здольнасцей нашых юных землякоў. За поспехамі выхаванцаў – карпатлівая праца нашых педагогаў – сапраўдных прафесіяналаў, яркіх асоб. Нашы настаўнікі сталі прыкладам для многіх выпускнікоў, якія змаглі праявіць сябе ў мастацтве
і іншых сферах. Шчыра ўдзячна калектыву за плённую працу, любоў да дзяцей і прафесіі, – адзначае дырэктар ДШМ Марыя Камінская.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота з архіва ДШМ і Сяргея ВАРАНОВІЧА.

За добрасумленную працу, высокае прафесійнае майстэрства, вялікі асабісты ўклад у захаванне, развіццё культуры раёна і ў сувязі з 65-годдзем з дня ўтварэння дзяржаўнай установы адукацыі «Ляхавіцкая дзіцячая школа мастацтваў» узнагароджаны шэраг яе работнікаў:

Граматай Ляхавіцкага раённага выканаўчага камітэта – настаўнік па класе духавых інструментаў Барыс ШАБАНОВІЧ, настаўнік тэарэтычных дысцыплін Святлана МІНІЧ;
Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў – намеснік дырэктара
па вучэбна-выхаваўчай рабоце Ірына ТУЛЕЙКА, настаўнік харэаграфічнага аддзялення Таццяна ЯЎСЕЙ;
Падзячным пісьмом Ляхавіцкага раённага выканаўчага камітэта – настаўнік па класе фартэпіяна Уладзімір ПІВАВАРЧУК, канцэртмайстар Таццяна БРАВЕНКА;
Падзячным пісьмом раённага Савета дэпутатаў – настаўнік ударных інструментаў Яфім ЯКОВІЧ.