Проездом… Ляховичи встречают гостей и туристов

Можна адпачыць у альтанцы на беразе Шчары

Існуе легенда, нібы па маскоўскім тракце (так называлі старую Брэст-Маскоўскую шашу) праязджала са сваёй світай царыца Кацярына ІІ. Спынілася на начлег на пастаялым двары, што знаходзіўся на скрыжаванні дарог. Тут ад іх адбіліся паляўнічыя сокалы, якіх пасля доўга шукалі, а паселішча з пастаялым дваром назвалі Падсаколле. Але ўвагу хачу засяродзіць не на гістарычнай ці то байцы, ці то праўдзе, а на тым, што яшчэ ў даўні час тут быў пастаялы двор. Падарожнік, не важна якога чыну ці звання, мог спыніцца, каб абагрэцца, перакусіць, адпачыць, пакарміць коней, а заўтра зноў прадоўжыць свой шлях.

Шмат часу ўцякло. Ад пастаялага двара ў Падсаколлі не засталося і следу, толькі, калі верыць легендзе, напамінае пра яго назва вёскі. Сучасны магазін райпо стаіць на скрыжаванні дарог, каб быў відаць усім праезджым. Многія спыняюцца купіць у дарогу прахаладжальны напітак ці сяго-таго перакусіць, хаця тут няма стаянкі для аўтафургонаў, што ўскладняе паркоўку.

Была зроблена спроба палічыць гэтую гандлёвую кропку райпо аб’ектам прыдарожнага сэрвісу, прывабна аформілі і прылягаючую тэрыторыю. У магазіне можна было ўключыць электрачайнік, заварыць чай ці каву, разагрэць у мікрахвалёўцы бутэрброд. Аднак райЦГіЭ забараніў гэта, паколькі тут няма элементарных санітарных умоў.

Арганізацыя прыдарожнага сэрвісу на тэрыторыі раёна – праблема “з барадой”. Але пакуль акрамя фантазій на адпаведную тэму прапанаваць няма чаго. Напрыклад, разглядалася ідэя стварэння цэлага комплексу паслуг у Ганчарах. І гэтая задумка мела падставу: аўтазаправачная станцыя, магазін, праз дарогу – гатовыя памяшканні былога сельгаспрадпрыемства, якія выстаўляліся на аўкцыён. Нават падумвалі пра міні-заапарк. Зразумела, усё гэта патрабуе затрат і не малых, а інвестараў так і не знайшлося. Адно памяшканне, праўда, узяў у арэнду індывідуальны прадпрымальнік, зрабіў пякарню. І гэта таксама магло б быць пачаткам вялікай і вельмі патрэбнай “сэрвіснай” справы.

Намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Кацуба расказала, што распрацавана схема зямельных участкаў для арганізацыі прыдарожнага сэрвісу, у тым ліку і ў Ганчарах. Цікавіліся людзі, але пакуль безвынікова. Прынамсі, стварэнне аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу дало б новыя рабочыя месцы для мясцовых людзей.

Кажуць, што не надта многа машын праязджае па старой Брэст-Маскоўскай шашы – няма сэнсу будаваць сэрвісны аб’ект. Між іншым, падарожнік выбірае шлях цывілізаваны і камфортны: свет чуткамі поўніцца.

Давайце зменім маршрут: дарога рэспубліканскага значэння Баранавічы – Ляхавічы таксама праходзіць па зямлі раёна. У свой час у Дараве была пабудавана адкрытая пляцоўка для адпачынку, некалькі лавачак і альтанка. Паблізу магазін, бар, пляж. Сёння гэты аб’ект недагледжаны, ніяк не прыцягвае ўвагу праезджых. Магчыма, пасля таго, як запрацуе бар (індывідуальны прадпрымальнік узяў яго ў арэнду), гэтае месца над Шчарай ажыве.

А далей на шляху – Ляхавічы. Як сустракае наш райцэнтр падарожнікаў у Год гасціннасці? Чысціня, парадак, дагледжаныя дамы, утульныя дворыкі, прыгожы сквер, а вось і важны для турыста аб’ект – гасцініца “Эдэльвейс”. Пасля рэканструкцыі будынак не пазнаць, пакоі ўтульныя, з прыгожай мэбляй, выгодамі. Выдатнае месца для камфортнага адпачынку.

Недалёка ад горада ёсць аграсядзіба ”Медуніца”, гаспадаром якой з’яўляецца Аляксандр Панфіла. Для гасцей, якія сюды наведваюцца, адкрываюцца цудоўныя краявіды, возе-ра, дзе можна парыбачыць, для аматараў папарыцца – саўна, а марозным вечарам добра пасядзець ля палаючага каміна…Вось, бадай што і ўсё, чым сёння можа парадаваць Ляхавіччына прыезджых. Не густа, хоць магло б быць значна больш і, дарэчы, без асаблівых капіталаўкладанняў. Як вядома, у нас шмат вельмі цікавых гістарычных і прыгожых месцаў, якія трэба добраўпарадкаваць: Грушаўка, Нетчын, Флер’янова, Сваятычы, Савейкі… Дарэчы, наконт апошніх двух аб’ектаў. У Савейках неўзабаве будзе ўзводзіцца турыстычны комплекс з гасцініцай і іншымі аб’ектамі сацкультбыту. А вось былая сядзіба роду Чапскіх, што ў Сваятычах, на жаль, пакуль застаецца без гаспадара: на нядаўнім аўкцыёне, на якім прапаноўвалася некалішняя панская сядзіба, ніхто не купіў і за 20 працэнтаў ад кошту пабудовы. А там прыгожа: у люстра возера глядзіцца касцёл – помнік архітэктуры 18 стагоддзя, побач парк з рэдкімі для нашай лесапаласы дрэвамі.

Аднак вернемся зноў у Ляхавічы. Гараджане і праязджаючыя падарожнікі з цікавасцю назіралі, як хутка разгарнулася будоўля за пару кіламетраў ад райцэнтра. ТАА”Зорка Падмаскоўя” ўзялася інвесціраваць узвядзенне аб’екту прыдарожнага сэрвісу. Найперш распачалі будаўніцтва АЗС, нават укапалі ёмістасці, узвялі сцены адміністрацыйнага будынка. У плане значыцца кафетэрый, парковачная пляцоўка для аўтамабіляў, а ў перспектыве – гасцініца. І раптам… усё заглохла, інвестары зніклі на доўгі час. Але нядаўна адгукнуліся, па словах Таццяны Кацуба, паабяцалі, што ўсё застаецца ў сіле, з сакавіка работы адновяцца. Будзем спадзявацца.

Ляхавіцкая зямля гасцінная, прыгожая, светлая. На ёй пакуль што не шмат турыстычных аб’ектаў, якія маглі б прыняць гасцей і прадаставіць ім усе выгоды пражывання. Але гэта кампенсуецца цеплынёй, сардэчнасцю і шчырасцю, з якімі ляхавічане сустракаюць. Прыязджайце, будзем рады!

Аліна ЛАПІЧ.

У суседа як? Нядаўна давялося праязджаць старой шашой Брэст- Масква па трох раёнах Мінскай вобласці: Клецкім, Капыльскім і Слуцкім. Здавалася б, не такая вялікая адлегласць ад Ляхавіцкага – крыху больш за сотню кіламетраў, але розніца ёсць. Прычым, рознаполюсная: і станоўчая, і адмоўная.

На Клетчыне ўразіла дагледжанасць і ўладкаванасць прыдарожных палос. Нават у чалавека, які мала што разу-мее ў культуры земляробства, напэўна, выклікае захапленне парадак на палях.

Некалі ў час суцэльнага дэфіцыту многія прызджалі за пакупкамі ў Сіняўку. Але, як гаворыцца, няма таго, што раней было. Сіняўка не ў запусценні, але некаторыя магазіны зачынены. Мясцовая сталоўка амаль што пры дарозе працуе, чым не кропка прыдарожнага сэрвісу? У будныя дні кожны жадаючы, у тым ліку і вадзіцелі праязджаючых машын, могуць спыніцца тут на абедзенны перапынак.

Адметны каларыт вызначае і вёскі, якія размешчаны па абодва бакі шашы: то драўляныя буслы ўпрыгожваюць двор, то ў кветніку размясціліся самаробныя ўпрыгожванні. Што здзівіла дык здзівіла: на прамежку шляху ў 50 кіламетраў –

2 аб’екты прыдарожнага сэрвісу. Адзін меншы, другі большы з магазінам, міні-кафэ.

Да Слуцка заставаўся 21 кіламетр па шашы. Зноў на шляху — міні-пляцоўка для адпачынку з лавачкамі, столікамі. Недалёка магазін, шынамантаж. Як гаворыцца, і людзям падсілкавацца, і машыне пры неабходнасці хуткая дапамога. Гэта, між іншым, і ёсць прыдарожны сэрвіс.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *