Свята ў хату

Калі і выпадковым, то вельмі дарэчным здаецца той факт, што прафесійнае свята майстроў будаўнічай справы, якое штогод прыпадае на другую нядзелю апошняга летняга месяца, вельмі блізка суседнічае з днём заснавання Ляхавіцкай ПМК-13 ААТ “Пінсксаўгасбуд”. Учора арганізацыі споўнілася 42 гады. Дзень жа будаўніка калектыў прадпрыемства адзначыць заўтра. Не на рыштаваннях і без кельмы ў руках, а ў антуражы святочнасці, з пажаданнямі, у тым ліку, і новых працоўных поспехаў. Поспехі ПМК-13 завершанай архітэктурай будынкаў нагадваюцца шмат дзе. Калісьці, на першым этапе існавання, будаўнічай пляцоўкай 13-й калоны з’яўляліся і некаторыя заходнія рэгіёны Расіі, паўночныя — Украіны. Вядома – Беларусь, у першую чаргу і ў асаблівасці родная Ляхавіччына. У прыватнасці, палеская частка раёна – Свяціца, Ліпск – свой вонкавы “імідж” набыла ў многім дзякуючы прафесіяналам ПМК-13.
Але ж звернемся да дня сённяшняга, у разрэзе якога УБП ПМК-13 пазіцыяніруецца ў якасці лідэра раённай будаўнічай індустрыі, чый майстарскі выведзены аўтограф вы знойдзеце практычна на любой больш-менш маштабнай будпляцоўцы.
Начальнік калоны Міхаіл Шэйда пра справы, здабыткі і праблемы свайго калектыву гаворыць лаканічна: узводзім, будуем, такая ў нас работа. Не абсалютна яшчэ завершаны будаўніча-мантажныя і іншыя віды работ на Навасёлкаўскай малочнатаварнай ферме. Аб’ект не падаецца ардынарным (што звонку, што ўнутры) і прыцягвае ўвагу. У тых жа Навасёлках, сумежных Пранчаках арганізацыя вядзе будаўніцтва аднакватэрных жылых дамоў для мясцовых працаўнікоў, падобны падрад выконваецца і ў Гаслаўшчыне СВК “Ляхавіцкі”, ажыццяўляецца капітальны рамонт з мадэрнізацыяй будынкаў дзіцячага садка і сярэдняй школы ў вёсцы Востраў, ёсць “ангажэмент” па-за межамі Ляхавіччыны.
У самім жа райцэнтры галоўнай будаўнічай пляцоўкай ПМК-13 не першы год з’яўляецца жылы квартал у зоне вуліцы Інтэрнацыянальнай. Некалькі шматпавярховікаў пабудаваны, адзін – апошні па тэрміну пачатку будработ 40-кватэрны жылы дом – вырас амаль у першым паверсе, а размешчаны непадалёку 70-кватэрнік знаходзіцца ў стадыі аддзелкі і рыхтуецца да блізкай ужо здачы ў эксплуатацыю. Іменна на гэты аб’ект – ЖБСК-13 – “ЛВ” на тыдні і наведаўся.
У прарабскай сустрэлі старшы майстар Аляксандр Зубік, чые падначаленыя няспынна шчыруюць на аддзелцы дома, і брыгадзір муляраў, які да таго ж з’яўляецца і старшынёй ЖБСК-13 Аляксандр Саўчук.
ЖБСК-13 прызначаны стаць першым у навейшай гісторыі Ляхавіч домам, які будзе даведзены падрадчыкамі да 100-працэнтнай гатоўнасці. Здаецца, гэта называецца “пад ключ” і ўключае ў сябе выкананне поўнай унутранай аддзелкі. У тым ліку, падрыхтоўка паверхні пад шпалеры і іх непасрэдная паклейка, насцілка пакрыцця падлогі і керамічна-плітачнага санітарных вузлоў, пафарбоўка зададзеных праектам элементаў. Канешне ж, мантаж санітарна-тэхнічнага і другога абсталявання.
Так, калі кароткім радком і без закранання вострых пытанняў, якія ў рознай ступені хвалююць і саміх будаўнікоў, і спажыўцоў іх паслуг. Але ж гэта быў бы зусім іншы ракурс. Сёння — пра свята, якое ў хату.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *