Што рабіў пінчанін у Ляхавічах і чаму не трэба пераводзіць аванс прадаўцу ў інтэрнэце. Крымінал і здарэнні ў Ляхавіцкім раёне
✔️Закон адзіны для ўсіх
Райаддзел Следчага камітэта 14 красавіка ўзбудзіў крымінальную справу па частцы 1 артыкула 211 Крымінальнага кодэкса па факце прысваення маёмасці асобай, якой яна даверана, у адносінах жыхара раёна 1987 г. н. Ён, працуючы механізатарам у адным з сельгаспрадпрыемстваў, з замацаванага за ім трактара выкраў больш за 240 літраў дызельнага паліва. Справа перададзена ў суд.
✔️Не кніжная закладка
27 красавіка ў Ляхавічы прыехаў пінчанін 1994 г. н. Дзейнічаючы па ўказцы інтэрнэт-магазіна, ён забраў з тайніка закладку з псіхатропным рэчывам. Пінчанін затрыманы і змешчаны пад варту. Па факце незаконнага абароту псіхатропных рэчываў узбуджана крымінальная справа па частцы 3 артыкула 328.
✔️Вымагальніцтва
РАСК узбудзіў крымінальную справу па факце вымагальніцтва ў адносінах да невядомай асобы, якая пад пагрозай блакавання камп’ютарнай інфармацыі патрабавала ад ляхавічаніна 1976 г. н. перадачы грашовых сродкаў у памеры 600 долараў ЗША.
✔️ Без колаў і без грошай
Ляхавічанін 1991 г. н. знайшоў у інтэрнэце аб’яву пра продаж аўтамабільных колаў і перавёў прадаўцу перадаплату ў суме больш за 570 рублёў. У выніку – застаўся без грошай і без тавару. РАСК у адносінах да невядомай асобы па факце махлярства ўзбудзіў крымінальную справу.
Каб не стаць ахвярай махляроў, не трэба пры куплі тавараў у інтэрнэце рабіць авансавы плацеж. Пры карыстанні плацежнымі сэрвісамі ні ў якім разе не паведамляйце незнаёмцам лагін, пароль ці асабістыя даныя. Асобна пра паролі. Пры іх стварэнні для ўваходу ў плацежныя дадаткі нельга выкарыстоўваць сваё імя і прозвішча, дату нараджэння, клічкі жывёл і г. д., інфармацыя пра якія маецца ў сацыяльных сетках. Для розных акаўнтаў пароль павінен быць не адзін і той жа, і яго трэба перыядычна змяняць.
✔️Стоп паездка
Ляхавічанін 1995 г. н. на працягу года двойчы прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за кіраванне транспартным сродкам, не маючы права на кіраванне. А на трэці раз зарабіў крымінальную справу. Праводзіцца расследаванне. Аўтамабіль змешчаны на штрафстаянку.
Аляксандр ТРАЯНОЎСКІ, начальнік Ляхавіцкага РАСК.

