Забыцця не будзе! Ляхавіцкая раённая бібліятэка імя Янкі Купалы запрасіла гарадскіх навучэнцаў на прэзентацыю кнігі «Забыцця не будзе: брэсцкія сёстры Хатыні»

«Без тэрміну даўнасці. Беларусь», «Хатынь», «Вялікая Айчынная вайна», «Ніколі не забудзем» і іншыя – у ляхавіцкай купалаўцы нямала кніг, якія раскрываюць праўду пра ваенныя падзеі 1941–1945 гадоў, выкрываюць факты віны нацыстаў і пацвярджаюць іх зверствы супраць беларускага народа.

Нядаўна кніжны фонд Ляхавіцкай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы папоўніўся новым выданнем – «Забыцця не будзе: брэсцкія сёстры Хатыні». Кніга стала данінай памяці жыхарам Брэстчыны, якім давялося адчуць усе жахі вайны.
На прэзентацыю кнігі «Забыцця не будзе: брэсцкія сёстры Хатыні» Ляхавіцкая раённая бібліятэка імя Янкі Купалы запрасіла гарадскіх навучэнцаў. Сярод удзельнікаў сустрэчы – намеснік пракурора Ляхавіцкага раёна Дзіяна Клімовіч (на здымку).
Выданне – вынік сумеснай працы абласной газеты «Заря», якая рэалізоўвала праект «Забыцця не будзе», абласной пракуратуры і Брэсцкага аблвыканкама. Кніга расказвае пра злачынствы нацыстаў супраць мірнага насельніцтва падчас Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Брэсцкай вобласці. У аснове кнігі – паказанні сведкаў, фатаграфіі і лісты, успаміны відавочцаў, вынікі расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа. Асобны раздзел змяшчае інфармацыю пра злачынствы гітлераўскіх захопнікаў на ляхавіцкай зямлі.
Восем дзесяцігоддзяў мінула, як закончылася вайна, але не ўсе імёны нявінных ахвяр вядомы, і не ўсе зверствы фашыстаў агучаны. Генеральная пракуратура ў 2021 годзе ўзбудзіла крымінальную справу аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд.
Расследаванне выявіла новыя факты злачынстваў фашыстаў, у тым ліку і на тэрыторыі Брэстчыны. Кніга «Забыцця не будзе: брэсцкія сёстры Хатыні» сведчыць, што да пачатку 2025 года ў Брэсцкай вобласці дапрошаны больш за 1 700 сведкаў,
у тым ліку больш за дзевяць сотняў былых вязняў канцлагераў. У прамове сказана: «Публікуючы паказанні сведкаў, расказваючы пра жахі ваенных гадоў, мы жадаем, каб як мага больш людзей даведалася пра злачынствы нацыстаў і іх памагатых. Гэта праўда ўмацоўвае патрыятызм у нашым грамадстве».
– У Беларусі падчас вайны загінуў кожны трэці… На Брэстчыне было спалена 877 населеных пунктаў. 91 вёска так і не аднавілася. Доўгі час лічылася, што на Ляхавіччыне ў агні загінулі больш за 20 вёсак і хутароў. Падчас расследавання ўстаноўлена, што фашысты спалілі 48 вёсак і хутароў. 883 дамы знішчаны часткова ці цалкам. Ахвярамі фашыстаў сталі 511 мірных жыхароў. Восем вёсак пасля нашэсця фашысцкіх захопнікаў наогул зніклі з твару зямлі. Свяціца і Залужжа гарэлі двойчы… Дзякуючы жыхару Мінска стала вядома пра тры хутары, знішчаныя ў сакавіку 1944 года. Знаходзіліся яны недалёка ад Савеек, і пражывала там 13 чалавек, з якіх дзевяць – дзеці…

У Ляхавіцкім раёне і сёння працягваецца актыўная работа па ўвекавечванні памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. І сведчанне таму – адкрыццё ў Марынове памятнага знака спаленым вёскам Ляхавіччыны. Важна, каб здольнасць супрацьстаяць фашызму стала часткай культурнага кода беларусаў, каб падрастаючае пакаленне шанавала памяць нашых дзядоў і прадзедаў, – адзначыла намеснік пракурора Ляхавіцкага раёна Дзіяна Клімовіч.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.