У Ляхавічах з’явіўся мурал з лясным сюжэтам
Раніца 6 чэрвеня для жыхароў дома 24 па вуліцы Арлоўскага ў райцэнтры пачалася з прыемнага сюрпрызу. На тарцовым баку дома з’явіўся тэматычны мурал, у сюжэце якога закладзена беражлівае стаўленне беларусаў да ляснога багацця.
Такі патрыятычны лясны трэнд ужо заўважаны ў многіх беларускіх гарадах, зараз і Ляхавічы сталі лакацыяй для арт-праяўлення.
Як расказала «ЛВ» намеснік кіраўніка па ідэалагічнай працы Ляхавіцкага лясгаса Наталля Адаменка, задумка адлюстраваць на сцяне беражлівыя адносіны да лясных багаццяў, значнасць прафесіі работніка лясной гаспадаркі, пераемнасць пакаленняў лесаводаў увасобілася ў такім сюжэце. Варта адзначыць, што тэматычная візуалізацыя — частка рэспубліканскага праекта Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. А ўвасобіць у жыццё творчую ідэю дапамог майстар-мастак Андрэй Руско з Пінска. Каб здзівіць ляхавічан, працавалі і днём, і ноччу.
Важна, каб кожны разумеў і шанаваў наш лясны здабытак. Гэта беларускі гонар, візітная картка краіны, а таксама экалагічны, эканамічны, сацыяльны патэнцыял. Лясы ў нашай краіне займаюць практычна 40 працэнтаў тэрыторый рэспублікі. Лес — гэта тое, што мы перададзім ў спадчыну нашым дзецям, а тыя будуць выхоўваць беражлівыя адносіны ў сваіх дзяцей. Таму плануем паказаць мурал нашым маленькім лесавічкам, магчыма гэта кропка стане і прыпынкам на экскурсійным маршруце ў лясгас. Важна, што менавіта ў Год добраўпарадкавання такі цёплы сюжэт упрыгожыў адзін з дамоў нашага райцэнтра, — адзначыла Наталля Адаменка.








