Крымінал, здарэнні Ляхавіччыны

Супрацьзаконны гандаль

У сродках масавай інфармацыі  апошнім часам пастаянна з’яўляюцца паведамленні  пра распаўсюджанне і ўжыванне спайсаў.  Не абышла падобная з’ява і наш райцэнтр.  30 лістапада раённы аддзел Следчага камітэта  ўзбудзіў крымінальную справу ў адносінах ляхавічаніна, які ў кастрычніку збыў свайму знаёмаму псіхатропнае рэчыва. Малады чалавек затрыманы, вядзецца расследаванне. Згодна артыкула 328 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь яму пагражае пазбаўленне волі тэрмінам ад 5 да 8 гадоў.

На жаль, часам родныя ведаюць пра небяспечную залежнасць  сваіх блізкіх, але не б’юць трывогу. Іх маўчанне да добрага не прыводзіць – спажыванне забароненых рэчываў вядзе да рэальнай пагрозы жыццю і крымінальнай адказнасці за іх абарот.

На сённяшні дзень РАСК узбуджана 6 крымінальных спраў за захоўванне і збыт наркатычных рэчываў.

Апошняя вечарына

На пачатку мінулага тыдня фігурантам міліцэйскіх зводак стаў 57-гадовы жыхар вёскі Залужжа, які паведаміў у аператыўна-дзяжурную службу РАУС пра тое, што ён у сваім доме задушыў аднавяскоўца. Пасля сумеснага распіцця спіртных напіткаў мужчыны пачалі высвятляць адносіны.  Вынік сумны: 35-гадовы вясковец загінуў, а  яго сабутэльнік затрыманы  і адпраўлены ў следчы ізалятар г. Баранавічы. РАСК па факце забойства ўзбудзіў крымінальную справу.

Ні сораму, ні сумлення

У 27-гадовага жыхара райцэнтра  з аўтамабіля, які знаходзіўся на абочыне дарогі каля вёскі Мыслабаж, невядомыя выкралі 4 колы на металічных дысках, акумулятар і аўтамагнітолу. Страты пацярпелы ацаніў на суму больш за 4 мільёны рублёў.

Праз 2 дні  ў Тухавічах неўстаноўленая асоба выкрала з кватэры мясцовага жыхара тэлевізар коштам больш за 5 мільёнаў рублёў.  Па фактах  крадзяжоў РАСК узбудзіў крымінальныя  справы.

Аляксандр ЕРМАКОЎ,

начальнік РАУС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *