Навіны з «Цэнтра». У ААТ «Нача» Ляхавіцкага раёна ў эксплуатацыю ўведзены дабудаваны ў сучасным стылі жывёлагадоўчы аб’ект «Цэнтр»


Калектыў МТФ «Цэнтр» ААТ «Нача» на чале з загадчыцай фермы Людмілай Чарапавіцкай ( у цэнтры).

Падсумаваны вынікі работы жывёлагадоўлі раёна за пяць першых месяцаў года. Цэнтральнай навіной мая можна лічыць факт падпісання дакумента аб уводзе ў эксплуатацыю дабудаванага ў сучасным стылі жывёлагадоўчага аб’екта «Цэнтр», што ў аграгарадку Нача аднайменнага адкрытага акцыянернага таварыства.

Яго ўжо сёння многія называюць малочнатаварным комплексам. Але ж такім «Цэнтр» стане пасля завяршэння ўсіх запланаваных у рамках рэканструкцыі мерапрыемстваў.

Пакуль жа ў перыметры МТФ «Цэнтр» ААТ «Нача» выраслі дзве новыя пабудовы: кароўнік і сумежны з ім даільна-малочны блок. Галоўны заатэхнік акцыянернага таварыства Сяргей Расоха, які ўдзельнічаў у будаўніцтве, напаўненні жывёлай, пуску новых аб’ектаў у эксплуатацыю, будзённа, але і не без задавальнення сцвярджае, што ўкамплектаваць разлічанае на 480 пастановачных месцаў памяшканне атрымалася за кошт выключна «начаўскіх» рэзерваў.
– Пераразмеркавалі сваю жывёлу, абышліся без дадатковых закупаў. Каровы добра ўліліся ў новыя для сябе схемы ўтрымання і даення. Хоць, канешне, першыя 10–15 дзён знаходжання былі няпростымі і для нашых работнікаў, і для кароў. Частка з апошняй партыі жывёлы працягвае адаптавацца, знаходзіцца ў стрэсавым стане і не да канца паказвае свой удойны патэнцыял, – тлумачыць галоўны жывёлавод гаспадаркі.
Што да паказчыкаў прадукцый-насці дойнага статка, то ў сярэднім за суткі ад адной каровы гаспадарка атрымлівае 20,7 кілаграма малака. Лідарам з’яўляецца МТК «Зубелевічы», а аб’ект «Цэнтр» вельмі наблізіўся і рыхтуецца ўзяць мяжу ў 20 кілаграмаў малака ад каровы ў суткі.

З новага кароўніка яшчэ не выветрыўся дух новабудоўлі, памяшканне выгадна адроз-ніваецца аб’ёмамі паветра, насычанасцю святлом, плошчай для свабоднага выгулу жывёлы, для кожнай з груп якой распрацаваны і вытрымліваецца свой асобны рацыён.
– Камфорт – першае, пра што хочацца сказаць. З ўвядзеннем новага кароўніка яго ў нас стала непараўнальна больш. Гэта і пра жывёлу, і пра нашых работнікаў. Важная дэталь таксама ў тым, што жывёлаводаў на ферме доўгі час не хапала. У новых жа ўмовах патрэбнасць у іх колькасці адчувальна зменшылася, і атрымалася закрыць гэта раней дастаткова балючае пытанне. Усе людзі навідавоку. Даваць распараджэнні, трымаць на кантролі іх выкананне стала прасцей. Хоць абсалютная большасць маіх падначаленых адказныя, дысцыплінаваныя, дастаткова вопытныя работнікі, –
уключаецца ў размову і дапаўняе разважанні свайго начальніка загадчыца фермы Людміла Чарапавіцкая.
«Цэнтральная» начаўская даільная зала абсталявана ўстаноўкай тыпу «Паралель». Разлічана на адначасовую пастаноўку 36 кароў.

Аператары даення хутка засвоілі прынцыпы і схемы яе і сваёй работы на кожным этапе вытворчага цыкла. Можна сказаць, што з машынай-аўтаматам ужо спраўляюцца «на аўтамаце», без мітусні. Кожны з двух працэсаў даення – ранішні і вячэрні – працягваецца некалькі гадзін і завяршаецца прыбіраннем-мыццём даільнага памяшкання. Чысціня на кожным з вытворчых этапаў з’яўляецца неабходнай умовай і гарантыяй экстра-якасці малака.

Каб увайсці ў каляіну патрабаванняў для работы ва ўмовах новай даільнай залы, некалькі дзён аператары правялі пад кантролем спецыялістаў, якія займаліся ўстаноўкай-наладкай «Паралелі». Далей – пайшло-паехала, як трэба, як патрабуюць тэхніка-тэхналагічныя нормы і рэгламенты. Усяго на новай ферме задзейнічаны
чатыры аператары: Ірына Валчок, Святлана Кендыш, Жанна
Шэпелева і Наталля Дараневіч.
Пра кожную з іх магу гаварыць многа і толькі добрае: сумленныя, працавітыя, неабыякавыя ў адносінах да справы, – пералічвае эпітэты ў адрас сваіх ключавых жывёлаводаў Людміла Чарапавіцкая.
На аб’екце «Цэнтр» у штатным раскладзе значыцца і пасада так званага дапаможнага жывёлавода. Гэта «вартавы парадку», у абавязках якога значыцца падтрыманне чысціні і парадку ў лакацыях санітарна-бытавых памяшканняў даільна-малочнага блока, мыццё і прывядзенне ў норму спецадзення работнікаў з дапамогай пральнай машыны.
За пяць месяцаў года вытворчасць малака ў ААТ «Нача»
паднялася на больш як шэсць працэнтаў у параўнанні з мінулым годам, падняліся і сярэднія ўдоі ад кожнай каровы, выраслі сутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы на адкорме і вырошчванні.
А «цэнтральная» рэканструкцыя ў ААТ «Нача» працягваецца і гэтымі днямі. Ужо атрымала аб’ёмна-канструкцыйны абрыс памяшканне будучага прафілакторыя для ўтрымання маладняку БРЖ катэгорыі ад нуля да трох месяцаў пасля нараджэння. За ім у чарзе значыцца рэканструкцыя яшчэ аднаго, паралельнага новаму кароўніка і яго «завязка» на працуючую даільную залу. І гэта не стане фінішам.
– Хацелася б усё гэта завяршыць у нешта адзінае, каб атрымаўся цэлы, «закруглены» цыклам жывёлагадоўчы комплекс, – падсумоўвае свае думкі і нашу гутарку Людміла Чарапавіцкая.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.