І дождж змывае ўсе сляды

Хто б мог падумаць, што будзе такая “вераб’іная ноч”. Маланка разрывала цемру, аглушалі раскаты грому, парывы ветру амаль што выкручвалі з зямлі дрэвы, нібы з вядра ліў дождж…
А на дыспетчарскі пульт раённага ад-дзела па надзвычайных сітуацыях на працягу 40 мінут адна за другой сталі прыходзіць просьбы аб дапамозе: у Коньках маланка ўдарыла прама ў сельскагаспадарчую пабудову – пажар; чарговы ўдар стыхіі прыйшоўся на хлеў аднаго з жыхароў Русінавіч, згарэла і нарыхтаванае на зіму сена; а ў Падлессі навальнічны разрад трапіў у дом, які ў выніку пажару застаўся без даху, з пашкоджанымі сценамі і маёмасцю… За адно імгненне людзі страцілі ўсё, што нажывалі дзесяцігоддзямі. У дадатак маральныя пакуты. Жахліва? Вельмі. Сітуацыя яшчэ больш ускладняецца, калі страчаная маёмасць аказваецца неабароненай, як у двух выпадках, што адбыліся той ноччу: згарэўшы хлеў у Русінавічах і дом у Падлессі былі незастрахаванымі. А вось пацярпелы жыхар Конек, які паклапаціўся пра сваю бяспеку, атрымае пэўную грашовую кампенсацыю. Магчыма, яе не хопіць, каб узвесці новую пабудову, аднак, гэта лепш, чым зусім нічога.
Іншы раз здарэнне ці падзею можна прадбачыць па нейкіх абставінах, часам нават чакаць непазбежнага, а вось стыхійнае бедства… Яго назва гаворыць сама за сябе. Між іншым, ёсць рэальны шанц на дапамогу ў такім выпадку – заключэнне дагавора страхавання. Ад стыхійных бедстваў (навальніца, паводка, снегапад, буран, апоўзень, землятрус, нават ад падзення касмічных цел і г.д.) можна застрахаваць сваё жыццё, маёмасць, кватэры, пабудовы, нават грамадзян-скую адказнасць за магчымыя здарэнні.
Успомнім 2007 год, калі па нашай мясцовасці пракаціўся разбуральнай сілы ўраган. Некалькі мінут хапіла, каб былі знесены стрэхі дамоў і іншых пабудоў, у некаторых месцах былі разбураны будынкі, выкарчаваны дрэвы, абарваны лініі электраперадач… Яшчэ і сёння ў гаспадарках, некаторых прадпрыемствах і арганізацыях засталіся сляды той стыхіі. Дарэчы, гэта ўбачыш найперш там, дзе гаспадары не паклапаціліся пра заключэнне дагавора страхавання або абаранілі свае ўладанні часткова. Да сваіх кліентаў Белдзяржстрах прыходзіць на дапамогу адразу. У той год былі зафіксаваны 874 страхавыя выпадкі, выплаты па якіх склалі 1 мільярд 180 мільёнаў рублёў.
Давайце ўспомнім мінулую зіму. Мы радаваліся снегу, халоднай чароўнай прыгажосці і магчымасці нарэшце заняцца зімовымі відамі спорту, па якіх многія засумавалі. Але ж снег аказаўся і небяспечным: дахі некаторых дамоў не вытрымалі яго цяжару. І зноў жа, дзякуючы таму, што пабудовы былі застрахаваны ад стыхійных бедстваў у абавязковым і добраахвотным парадку, у 18 выпадках грамадзяне атрымалі страхавыя выплаты на агульную суму 8 мільёнаў 840 тысяч рублёў.
Можна прыгадваць яшчэ шмат здарэнняў і варыянты іх рашэнняў, якія даказваюць, што Белдзяржстрах аказвае сваім кліентам бясцэнную паслугу. Было б, напэўна, вельмі добра, каб гэтыя намаганні ацэньваліся па вартасці. Напрыклад, жыхару вёскі Русінавічы, у гаспадарцы якога адбыўся пажар, як і многім іншым, страхавыя агенты некалькі разоў прапаноўвалі заключыць адпаведны дагавор. Не згадзіўся – пашкадаваў грошай, а атрымалася, што страціў значна больш…
Калі да вас прыходзіць страхавы агент, адчыніце яму дзверы, паслухайце прапановы, унікніце ў іх сутнасць. Умовы, на якіх Белдзяржстрах прапануе супрацоўніцтва, могуць аказацца для вас вельмі выгаднымі.
Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *