Інвеставаць у моладзь – інвеставаць у будучыню. Наш зямляк Антон Маслоўскі ў свае 28 гадоў займае пасаду галоўнага інжынера ААТ «Ляхавіцкі льнозавод»

У Беларусі для моладзі – зялёнае святло. Інвеставаць у моладзь – значыць, інвеставаць у сваю будучыню – у Беларусі гэта аксіёма

Пра тое, як дзяржава давярае моладзі, можа пацвердзіць фактамі з асабістай біяграфіі наш зямляк Антон Маслоўскі, які ў свае 28 гадоў займае пасаду галоўнага інжынера ААТ «Ляхавіцкі льнозавод».

Пасля заканчэння Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта восем гадоў назад перад Антонам не стаяла пытанне пра месца працы. З сёмага класа на канікулах і падчас вучобы ва ўніверсітэце быў памочнікам камбайнера на ўборцы лёну. Спачатку ў «настаўніках» у яго быў камбайнер Аляксандр Сахон, а пасля бацька, які тады таксама працаваў на льнозаводзе. Пераддыпломная практыка ў будучага спецыяліста па прамысловай электроніцы таксама прайшла на Ляхавіцкім ільнозаводзе.
Нераўнадушнага, мэтанакі-раванага і сур’ёзнага маладога чалавека заўважылі адразу. Дыпламаваны спецыяліст пачаў майстрам па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання. Праз тры гады, у маі 2020 года, ён ужо ўзначаліў цэх па вытворчасці льнянога алею. Антон дзеліцца, што новую справу пачынаць было няпроста, але цікава.

– На вытворчасці заста-валіся адходы льнонасення, якія вырашылі пусціць у перапрацоўку. Наладзілі вытворчасць ільнянога алею і макухі. Тады ж устанавілі абсталяванне і пачалі з кастрыцы рабіць падсцілачны матэрыял. Ён карыстаецца асаблівай папулярнасцю для ўтрымання коней. Так атрымалі дадатковы прыбытак і нядрэнную рэнтабельнасць. Напачатку справы давялося праводзіць адпаведныя даследаванні, шмат ездзіць, кансультавацца, шукаць абсталяванне, а пасля яго манціраваць. Перад пускам лініі па катанізацыі таксама вывучалі асаблівасці вытворчасці і аналізавалі рынак. Дырэктар ільнозавода Дзмітрый Скакун пастаянна падказвае, падтрымлівае і дапамагае, – дзеліцца Антон Маслоўскі і дадае, што на заводзе сапраўдная каманда, якая нацэлена на развіццё і мадэрнізацыю вытворчасці.
Пасля атрымання дыплома Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці «эканоміка кіравання» нашага земляка назначылі галоўным інжынерам прадпрыемства, і ўжо чацвёрты год ён адказвае за вытворчасць. За вопытам ездзіў на іншыя
заводы па перапрацоўцы лёну. Бывае і так, што вытворчасць, асабліва ў сезон, патрабуе яго прысутнасці і ноччу, але сям’я ўсё разумее і падтрымлівае.
Антон – бацька трох дочак. Жонка Марына да дэкрэтнага водпуску працавала на льнозаводзе сістэмным праграмістам. Яна, дарэчы, прыехала на Ляхавіччыну за мужам. На прадпрыемстве загадчыкам гандлёвага аб’екта працуе і мама Антона. Так што льнозавод стаў для Маслоўскіх не толькі працоўным месцам, дзе можна рэалізаваць смелыя ідэі і ініцыятыву, але і прадпрыемствам з сямейнай гісторыяй.

Дзякуючы сваёй працавітасці, актыўнасці і нераўнадушнасці Антон пабываў на сустрэчы старшыні Брэсцкага аблвыканкама Пятра Пархомчыка з прадстаўнікамі перспектыўнага кадравага рэзерву Першага рэгіёна. Пётр Пархомчык падзяліўся з маладымі людзьмі сваім бачаннем работы з кадрамі, расказаў пра сваё станаўленне ў прафесіі і любоў да справы. У цэнтры размовы – развіццё краіны і роля моладзі.

– Такія сустрэчы вельмі важныя і патрэбныя! Гэта і важкі вопыт, і натхненне, і арыенцір у заўтрашнім дні, – падкрэслівае галоўны інжынер ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» Антон Маслоўскі.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.