Таварыства адказнасці

Дырэктар Генадзій Сакуць: у рабочым кабінеце і на вокладцы часопіса "Дырэктар""

Вядомы з сярэдніх класаў школы закон Ома не супярэчыць і некаторым прынцыпам работы, развіцця, функцыянавання рынку тавараў або паслуг. Як вам, напрыклад, такая яго інтэрпрэтацыя: практычна любыя рыначныя бар’еры можна пераадолець, калі моцна пастарацца, прыкласці патрэбнае працоўнае напружанне. Гэты зборны вобраз уключае ў сябе вельмі многае: вытворчую дынаміку, свежасць ідэй, хуткасць і якасць іх ажыццяўлення.

ТАА “Трансэлектракамплект” адпавядае прыведзенай формуле па многіх параметрах. Створанае нязначна больш дзясятка гадоў назад на платформе смелай свежай ідэі і развалінах старой тэхнічнай базы прадпрыемства фактычна са старту адваявала сабе месца пад сонцам на рынку тэрмаўсадачных электратэхнічных вырабаў. Раслі аб’ёмы вытворчасці, пашыралася наменклатура вырабаў і геаграфія паставак. Перманентнасць абнаўлення тэхнічнай базы таксама можна лічыць адной з візітовак прадпрыемства. Што характэрна, электратэхнічныя муфты, кажухі, манжэты, ізалятары, трубкі, разумна “запраграмаваныя” мяняць пад уздзеяннем цяпла канфігурацыю, прыкладна ў 80 працэнтах выпадкаў адгружаюцца на экспарт. У асноўным з вырабамі з лэйблам “зроблена на “Трансэлектракамплекце” пасябравалі расійскія спажыўцы. Але не толькі: на прадпрыемстве з задавальненнем адзначаюць факт актывізацыі апошнім часам дзелавых стасункаў з узбекскімі партнёрамі. У прыватнасці, гэтым часам фарміруецца дастаткова буйны заказ у адрас цэнтральнаазіяцкай краіны. Пасля пэўнага перапынку пачалі наладжвацца старыя-добрыя стасункі з украінскімі пакупнікамі ляхавіцкай электратэхнічнай прадукцыі. У адказ на некаторае “прасяданне” расійскага рынку, на “Трансэлектракамплекце” больш настойліва заняліся пытаннямі дыверсіфікацыі геаграфіі збыту сваёй прадукцыі. У прыватнасці, больш надзей ускладаецца на казахстанскі вектар, на інтэнсіфікацыю супрацоўніцтва з гэтай краінай.

Майстар цэха поліэтылену Генадзій Казакевіч (справа) з работнікамі цэха.

Надзеі таксама і на інавацыйнасць сваёй вытворчасці. Так, адна са сталічных фірмаў занята зараз распрацоўкай для “Трансэлектракамплекта” прэс-формаў для вырабу так званых тэрмаўсадачных пальчатак пад малыя сячэнні кабелю. Такое патрабаванне рынку абумоўлена, у тым ліку, і ростам аб’ёмаў індывідуальнага жыллёвага і, увогуле, малога будаўніцтва. Устаноўленыя на прадпрыемстве пласт-аўтаматы паддаюцца шырокай рэгуліроўцы, з атрыманнем неабходных прэс-формаў могуць быць пераабсталяваны, пераарыентаваны на выпуск найбольш запатрабаваных рынкам тыпаразмераў прадукцыі.

Таксама ў якасці адаптацыйнай пад рынак меры можна назваць асваенне “Трансэлектракамплектам” выпуску провада зазямлення. Як адзначылі на фірме, названы від прадукцыі карыстаецца попытам. Акрамя электратэхнічнай галіны, мае шырокае выкарыстанне ў аўтамабілебудаванні. Да таго ж, провадам зазямлення “Трансэлектракамплект” камплектуе многія са сваіх зборак. Даводзілася нятанна купляць, што, канешне ж, падымала іх сабекошт і, адпаведна, зніжала рыначную прывабнасць.

Гаспадарчая дзейнасць ТАА “Трансэлектракамплект” можна ахарактарызаваць як трансраённую: размешчанае ў суседніх Ганцавічах таварыства з абмежаванай адказнасцю “Палессе Кабель” з’яўляецца “дачкой” Ляхавіцкага ТАА. Зрэшты, гэта новая і прынцыпова іншая ў параўнанні з “мацярынскай” вытворчасць пакуль яшчэ знаходзіцца ў стадыі наладкі. А перадгісторыя пачыналася больш за год назад і, зноў-такі, грунтавалася на ідэі арганізацыі вытворчасці кабельнай прадукцыі. Не ў лепшым стане, але больш-менш патрэбных параметраў памяшканне было знойдзена ў суседнім рэгіёне. Рамонт, рэканструкцыя, мадэрнізацыя – а ў той або іншай ступені ўсё названае мела месца – каштавалі грошай і часу. Напрыклад, з мэтай падачы ў памяшканне электрычнасці давялося пракладваць новую паветраную ЛЭП. Што зараз? Устаноўленая вытворчая лінія-аўтамат, хоць ужо і мела пробныя пускі, праходзіць стадыю канчатковай наладкі. З выхадам на магутнасць палеская “дачка” “Трансэлектракамплекта” будзе вырабляць электракабель: рознага сячэння і афарбоўкі ізаляцыі, медны і алюмініевы.

Спецыялісты цэха расцяжкі кажухоў Уладзімір Пятроўскі, Аляксей Такарчык, Сяргей Лушкевіч.

У бліжэйшыя планы таварыства “забіта” адкрыццё склада-магазіна па рэалізацыі прадукцыі з уласным лагатыпам. Выкупленае пад гэты праект памяшканне размешчана сумежна з асноўнай базай. Наперадзе істотны кавалак работы, хоць у плане яго рэканструкцыі зроблена ўжо нямала.

Дынаміка развіцця “Трансэлектракамплекта”, яго інавацыйнасць па шэрагу пазіцый, экспартаарыентаванасць пацвярджаецца з году ў год і на розных узроўнях. Так, у адпаведнасці з рашэннем аргкамітэта Нацыянальнага бізнес-рэйтынгу, па выніках работы ў 2013 годзе таварыства ўвайшло ў лік “залатой” дзясяткі лепшых у сваёй групе прадпрыемстваў-экспарцёраў краіны. За заслугі ў галіне знешнеэканамічнай дзейнасці ордэн нацыянальнага бізнес-рэйтынгу атрымаў дырэктар ТАА Генадзій Сакуць, медаль лепшага работніка года прадпрыемства-экспарцёра – майстар Генадзій Казакевіч. Калега апошняга Віталій Татарыновіч таксама ўдастоіўся спецыяльнага знака.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Майстар цэха металаапрацоўкі Віталій Татарыновіч, токары Сяргей Іваноў і Віктар Кудзіновіч.

Механік Павел Валасюк і вадзіцель Іосіф Валуй.

Галоўны бухгалтар Ганна Бецька і яе каманда.

Кіраўнікі службаў і падраздзяленняў, адміністрацыя ТАА «Трансэлектракамплект».

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *