Перашкоды часовага характару. Чарговы званок на гарачую лінію раёнкі паступіў ад ляхавічанкі і тычыўся вуліцы Камсамольскай у Ляхавічах
«ЛВ» працягвае трымаць цесную інфармацыйную сувязь са сваімі чытачамі і па магчымасці дапамагаць вырашаць хвалюючыя землякоў праблемы. Чарговы званок на гарачую лінію раёнкі паступіў ад ляхавічанкі і тычыўся ён адначасова і бяспекі, і добраўпарадкавання. Размова ідзе пра стан тратуара і падыходаў да магазінаў райпо напачатку вуліцы Камсамольскай у райцэнтры.

Па словах жанчыны, пасля таго, як тут пачаліся работы па добраўпарадкаванні, у магазін вельмі складана і нязручна зайсці, вакол пясок, прадаўцы магазіна сваімі сіламі ўладкавалі драўляныя пераходы, але і па іх праходзіць небяспечна. Ляхавічанка задае рэзоннае пытанне: няўжо нельга прадумаць зручныя варыянты, каб пакупнікі маглі прайсці ў гандлёвую кропку…?
Дарэчы, яшчэ ў сёлетнім красавіку «ЛВ» звяртаў увагу на неабходнасць добраўпарадкавання гэтага ўчастка ў горадзе. Тады кіраўніцтва КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» запэўніла, што пры паступленні неабходнага фінансавання на гэтым участку вуліцы Камсамольскай пачнецца бягучы рамонт: будзе абноўлены тратуар, устаноўлены прыпыначны пункт гарадскога транспарту і, канешне, ліквідавана праблемнае месца, дзе была ўвагнутасць і пасля дажджу стаяла лужына.
– Дадзенае абяцанне выконваем. Работы ў межах бягучага рамонту пачаліся напрыканцы чэрвеня. Усё запланаванае будзе зроблена. Акрамя таго, плануем уладкаваць стаянку для аўто, якой тут не хапала, будзе адрамантавана ліўнёўка, адноўлены асфальт каля ліўнёвага сцёку, дзе правалілася яма. Што тычыцца пешаходаў і патэнцыяльных пакупнікоў, давядзецца пацярпець нязручнасці яшчэ некалькі тыдняў, – сказаў дырэктар Ляхавіцкай ЖКГ Андрэй Чайкоўскі.
Пацярпець ёсць дзеля чаго. Затое потым можна будзе камфортна і бяспечна хадзіць і ездзіць на гэтым участку.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.




