Сітуацыя на кантролі, але тэндэнцыі насцярожваюць. На апаратнай нарадзе ў старшыні Ляхавіцкага райвыканкама прааналізавана аператыўная сітуацыя за першае паўгоддзе

Сёлета ў параўнанні з аналагічным перыядам 2024 года знізілася колькасць хуліганстваў, злачынстваў у грамадскіх месцах, не зарэгістравана забойстваў, разбояў і г. д. На ўзроўні мінулага года трымаецца колькасць крадзяжоў – 12. У параўнанні з леташнім перыядам амаль удвая стала менш злачынстваў, учыненых у стане алкагольнага ап’янення (18 і 10 адпаведна).

Аднак назіраецца павелічэнне злачынстваў, учыненых асобамі, якія маюць судзімасць. Першы намеснік начальніка РАУС Юрый Хаванскі адзначыў, што частку з іх учынілі раней судзімыя, якія не пражываюць на тэрыторыі раёна. З пачатку года супрацоўнікі крымінальна-выканаўчай інспекцыі працаўладкавалі 65 чалавек працаздольнага ўзросту, якія маюць судзімасць.
У справаздачным перыядзе адсутнічаюць «непаўналетнія» злачынствы.
Зарэгістравана злачынства прэвентыўнай накіраванасці ў сферы сямейна-бытавых адносін. Раней судзімы жыхар раёна сістэматычна «выхоўваў» сужыцельніцу кулаком. Суд Ляхавіцкага раёна за катаванне вынес яму прыгавор – два гады пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі адкрытага тыпу.
На ўліку ў РАУС зараз знаходзяцца 115 сямейных скандалістаў. Гэта больш чым летась, але прафілактычная работа міліцыі відавочна: істотна знізілася колькасць выпадкаў, калі спатрэбілася
выдаваць ахоўнае прадпісанне сямейнаму агрэсару.
Даводзіцца канстатаваць, што жыхары Ляхавіччыны ўсё ж вядуцца на вуду інтэрнэт-махляроў. У справаздачным перыядзе зафіксаваны сур’ёзны рост колькасці кіберзлачынстваў. Чарговы выпадак зарэгістраваны нядаўна. Ляхавічанка 1993 г. н. заказала ў інтэрнэце садовую мэблю і ўнесла аванс у памеры 800 рублёў. Калі дастаўка тавару ў вы-значаны дзень не адбылася, прадавец паведаміў, што ў кур’ера зламалася машына. А пасля тэлефонны нумар нашай зямлячкі прадавец наогул заблакіраваў. У выніку – ні садовай мэблі, ні грошай. Супрацоўнікі РАУС у якасці прафілактыкі кіберзлачынстваў праводзяць тэматычныя выступленні ў працоўных калектывах, індывідуальна-прафілактычныя гутаркі з рознымі катэгорыямі насельніцтва. Дарэчы, сярэдні ўзрост пацярпелых ад махляроў – 30-40 гадоў.
Што датычыць пажарнай сітуацыі ў раёне, то з пачатку года з 16 пажараў 12 зарэ-гістраваны ў гаспадарчых пабудовах. Частай прычынай вогненных здарэнняў у бягучым годзе стала неасцярожнае абыходжанне з агнём – 10 выпадкаў, з якіх сем тычацца выпальвання сухой расліннасці. Рост колькасці пажараў зафіксаваны на тэрыторыі Ляхавічаў, у Крывошынскім, Начаўскім, Альхоўскім сельсаветах. Востра стаіць пытанне з узгараннямі ў прыродных экасістэмах. За 2024 год такіх было 33 на плошчы каля шасці гектараў, а сёлета ўжо зарэгістравана 119 на плошчы каля 60 гектараў, з якіх 97 – узгаранне травы і кустоўя. Сёння супрацоўнікі РАНС разам з іншымі суб’ектамі праводзяць не толькі супрацьпажарныя абследаванні , але і рэйды па вадаёмах раёна, прафілактычныя гутаркі з насельніцтвам пра небяспеку выпальвання сухой травы, расказаў начальнік РАНС Юрый Буйкевіч.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.