Ураджай на вагу золата. Свой уклад у справу захавання ўраджаю ўносяць і супрацоўнікі міліцыі, пажарнай і іншых службаў Ляхавіччыны

Старшы інспектар РАНС Сяргей Рабцэвіч кантралюе якасць і бяспеку захоўвання грубых кармоў.

Ва ўборачнай і корманарыхтоўчай кампаніях задзейнічаны
не толькі аграрыі. Свой уклад у справу захавання ўраджаю ўносяць і супрацоўнікі міліцыі, пажарнай і іншых службаў.

У перыяд уборкі збожжавых і нарыхтоўкі кармоў рэйдавыя групы з ліку прадстаўнікоў розных службаў выязджаюць у сельгаспрадпрыемствы раёна дзеля забеспячэння пажарнай бяспекі і супрацьпажарнага рэжыму аб’ектаў і сельгастэхнікі, дзеля кантролю за правядзеннем сельскагаспадарчых работ.

Супрацоўнікі РАНС пабывалі ў сельгаспрадпрыемствах АПК Ляхавіччыны і ацанілі стан прафілактычнай работы і веды працаўнікоў па правілах пажарнай бяспекі, праманіторылі на прадмет пажарнай бяспекі тэхніку, задзейнічаную на ўборцы ўраджаю.
– Першачарговая задача – бяспека пры правядзенні ўборачнай і корманарыхтоўчай кампаній. Важна своечасова і без страт убраць вырашчаны ўраджай, зберагчы яго ад агню. Таму выратавальнікаў можна ўбачыць і ў полі, і на зернетаку, і каля сенасховішчаў, –
адзначае начальнік РАНС Юрый Буйкевіч.
На сельгасаб’ектах выратавальнікі асаблівую ўвагу надаюць наяўнасці і спраўнасці першасных сродкаў пажаратушэння, абсталяванню тэхнікі спраўнымі іскрагасільнікамі, наяўнасці прыстасаванай для тушэння пажару тэхнікі і яе забяспечанасці вадой…
Намеснік начальніка РАНС Кірыл Красоўскі падкрэслівае, што пры правядзенні замераў тэмпературна-вільготных паказчыкаў грубых кармоў у сенасховішчах у Канюхах і Улазавічах ААТ «Жарабковічы» парушэнняў не выяўлена – вільготнасць не перавышае 17-працэнтнай адзнакі.
Сваё кола адказнасці ў прадстаўнікоў РАУС, якія разам са спецыялістамі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама праводзяць рэйдавыя мерапрыемствы ў сельгаспрадпрыемствах раёна. Яны кантралююць спраўнасць тэхнікі і вадзіцельска-транспартныя нюансы, правяраюць тэхнічную ўмацаванасць аб’ектаў і захаванне таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў, папярэджваюць крадзяжы, правяраюць работу вартавой аховы. Усё дзеля захаванасці збожжа і мэтавага выкарыстання паліва, іншай дзяржаўнай маёмасці. З выяўленых парушэнняў – факты безгаспадарчасці, якія датычаць няправільнага захоўвання металалому і загрувашчвання мехдвароў. Дзеля навядзення парадку па кожным факце ў адносінах да вінаватых будзе вынесена прадстаўленне, – падкрэслівае начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Сяргей Хмарук.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА і з архіва РАНС і РАУС