Чатыры лапы для дыспетчара. У Ляхавіцкім РАНС працуе дыспетчар, які пры неабходнасці прымае ўдзел у пошукава-выратавальных работах разам з бельгійскай аўчаркай

«Дзяжурная служба МНС. Чым вам дапамагчы?» – так пачынаецца размова дыспетчара цэнтра аператыўнага кіравання РАНС з абанентамі, якія звярнуліся па дапамогу на нумар 101 ці 112. Дыспетчар Арцём Купцоў і яго калегі гэту фразу за суткі паўтараюць неаднойчы. Іх задача – аператыўна ўдакладніць, што і дзе адбываецца, каб своечасова паспець дапамагчы людзям у выпадку пажару ці іншай надзвычайнай сітуацыі.

Практычна два гады Арцём служыць у органах і падраздзяленнях па надзвычайных сітуацыях, год працуе ў Ляхавіцкім РАНС і адзначае, што служба адказная і сур’ёзная. За гэты час пераканаўся ў правільнасці зробленага прафесійнага выбару. Арцём Купцоў падкрэслівае, што калектыў у іх дружны і зладжаны, заўсёды падтрымае і падставіць плячо. Дыспетчар пры неабходнасці прымае ўдзел у пошукава-выратавальных работах. Так было і 18 ліпеня, калі ў РАНС паступіла паведамленне пра грыбніка, які пайшоў у лес і згубіўся. Напарнік у пошукавай дзейнасці – бельгійская аўчарка па мянушцы Фрода. Пра сваё хобі і чатырохлапага сябра Арцём можа расказваць бясконца. Захапленне пачалося з брата, якому падарылі сабаку, і трэба было яго «выхоўваць». Арцём тады вучыўся ў БарДУ на настаўніка фізічнай культуры і зацікавіўся заняткамі ў кіналагічным цэнтры ў Баранавіцкім раёне. Там студэнту і прапанавалі заняцца пошукава-выратавальнай дзейнасцю і аддалі на выхаванне Фрода. Хобі Арцёма ўжо чатыры гады, і за гэты час разам з бельгійскай аўчаркай яны не раз выязджалі на пошукі людзей, у тым ліку і ў Ляхавіцкім раёне. А нядаўна напарнікі пабывалі ў гасцях у аздараўленчым лагеры «Чайка» і арганізавалі для яго выхаванцаў сапраўднае шоу. Фрода бездакорна выконваў разнастайныя каманды свайго гаспадара і ўсім вельмі спадабаўся. Разам з разумным сабакам лепш запамінаюцца і правілы бяспечных паводзін.
Арцём дзеліцца, што свой вольны час ён цалкам аддае заняткам з гадаванцам у кіналагічным цэнтры. Застаецца дадаць, што дыспетчар РАНС Арцём Купцоў мясцовы – родам з Навасёлак, і спалучэнне хобі з прафесійнай дзейнасцю на карысць пажарна-выратавальнай справе.

– 25 ліпеня мы адзначаем Дзень пажарнай службы. Дэвіз «Прафесіяналізм. Адвага. Гонар» для нас стаў сэнсам жыцця. Шчырыя віншаванні з прафесійным святам адрасую нашым паважаным ветэранам службы, усім калегам. Здароўя вам, дабрабыту і міру. Асаблівыя словы падзякі – маці і жонкам выратавальнікаў. Іх клопат і разуменне матывуюць нас быць сапраўднымі мужчынамі і, насуперак абставінам, перамагаць любыя надзвычайныя сітуацыі, – адрасуе віншаванні з прафесійным святам начальнік РАНС Юрый Буйкевіч.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.






