Агракаледж нарошчвае «вагу». Пяцігодка пад знакам развіцця

За апошнія пяць гадоў зроблена нямала для развіцця Ляхавіччыны, для павышэння камфорту і якасці жыцця, паляпшэння дабрабыту насельніцтва, для таго, каб раён стаў больш добраўпарадкаваным. Прыбавілі літаральна ўсе галіны! Дасягненнямі і здабыткамі адзінай сярэдняй спецыяльнай навучальнай установы Ляхавіччыны за бягучую пяцігодку падзялілася дырэктар Ляхавіцкага аграрнага каледжа Ірына Прыступа-Юнік:

– Наш каледж з амаль што 70-гадовай гісторыяй па-ранейшаму рыхтуе запатрабаваныя кадры для аграпрамысловага комплексу краіны. Выконваюцца кантрольныя лічбы новага набору навучэнцаў і, адпаведна, штогод агракаляджанамі становяцца 150-155 юнакоў і дзяўчат. А сёлета спадзяёмся, што дзякуючы ўвядзенню новай спецыяльнасці набор складзе 180 навучэнцаў. Расце колькасць навучэнцаў за кошт сродкаў бюджэту – з 450 чалавек у 2021 годзе да 550 – у 2025 годзе. Важна, што ўсе выпускнікі ЛАКа гарантавана забяспечваюцца першым працоўным месцам. Штогод на аднаго фельчара ветэрынарнай медыцыны атрымліваем 4-5 запытаў ад прадпрыемстваў і арганізацый, на заатэхніка – 5-6, на агранома – не менш за два запыты. Такая тэндэнцыя пацвярджае запатрабаванасць спецыялістаў, падрыхтаваных у нашай навучальнай установе.
З 2019 года ў каледжы рэалізуюцца адукацыйныя праграмы прафесійнай падрыхтоўкі рабочых для навучэнцаў Х-ХІ класаў сярэдніх школ Ляхавіцкага раёна па спецыяльнасцях «кладаўшчык», «агароднінавод», «садавод», «рабочы зялёнага будаўніцтва, кветкавод».


Высокую якасць адукацыйнага і выхаваўчага працэсаў забяспечвае калектыў з 67 педагагічных работнікаў, 65 працэнтаў якіх маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйныя катэгорыі. Выкладчыкі Святлана Вайцяхоўская, Алена Казакевіч, Мікалай Краўчук, Вольга Сакун, Таісія Шпак, Кацярына Юрчык, Ала Філічкіна з’яўляюцца аўтарамі вучэбных дапаможнікаў з грыфам Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі.


За пяцігодку сур’ёзна абноўлена матэрыяльна-тэхнічная база агракаледжа. Набыты легкавы аўтамабіль для вучэбных мэт, 12 муль-тыбордаў, 10 каляровых тэлевізараў, два камп’ютарныя класы, дэгідратар, сістэма паліву, хірургічны стол, электракаагулятар, стралковы трэнажор, тэрмастат, прыбор для вызначэння вільготнасці зерня, ультрагукавы аналізатар малака і іншае. У межах спонсарскай дапамогі атрымалі вучэбны трактар «Беларус». Пасля правядзення капітальных рамонтаў з мадэрнізацыяй больш камфортны выгляд набылі інтэрнат каледжа, вучэбны корпус (вуліца Леніна, 60), на гэтых аб’ектах устаноўлены сістэмы аддаленага доступу. На завяршальнай стадыі знаходзіцца праектаванне рамонту з мадэрнізацыяй вучэбнага корпуса па адрасе вуліца Леніна, 64.

Значная ўвага надаецца выхаваўчай рабоце. Каляджане – актыўныя ўдзельнікі разнастайных мерапрыемстваў, патрыятычных акцый, грамадскіх падзей, спартыўных спаборніцтваў. У верасні 2024 года Ляхавіцкаму аграрнаму каледжу – першай сярэдняй спецыяльнай навучальнай установе Брэстчыны – было прысвоена званне «Школа міру». Стала добрай традыцыяй, што кожны год скарбонка каледжскіх узнагарод папаўняецца дыпломамі пераможцаў і прызёраў рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства па спецыяльнасці «агранамія», рэспубліканскіх фестываляў мастацкай творчасці вучнёўскай і студэнцкай моладзі, творчых конкурсаў.
Бясспрэчна, каледж і каляджане ганарацца дасягнутым, але ў нас не менш амбіцыёзныя планы на заўтра. І будзем прыкладаць значныя намаганні, каб усё атрымалася, а дыплом ЛАКа па-ранейшаму заставаўся гарантам прафесійнай якасці нашых выпускнікоў.