На жніве ўсе прафесіі важныя. Прафсаюзы адзначылі тых, хто ўносіць свой уклад у жніўную кампанію

Яна не задзейнічана непасрэдна на ўборцы, але мае не менш важную місію – клапоціцца пра тое, каб удзельнікі жніўнай кампаніі былі добра накормлены.

Шмат гадоў вопытны повар ЗАТ «Белпрампрыбор» Леакадзія Кляцкова гатуе абеды і падвячоркі для тутэйшых рупліўцаў хлебнай нівы. Як сама адзначае, гатаваць няцяжка, галоўнае, рабіць гэта з добрым настроем, тады і стравы смачныя. А яны ў яе сапраўды смачныя, што неаднойчы пацверджана механізатарамі «Белпрампрыбора». На сёлетнім жніве Леакадзія Кляцкова штодня гатуе ежу для прыкладна 25 работнікаў гаспадаркі.

З ушанавальнай місіяй у мінулы чацвер у ЗАТ «Белпрампрыбор» завіталі старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Саланевіч, першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Васілій Пыжык, прафсаюзны лідар аграрыяў Ляхавіччыны Вольга Анікей. У гэты ж дзень віншаванні гучалі і ў ААТ «Нача».

Марыя Янушкевіч больш за сем гадоў працуе загадчыкам цэнтральнага склада ААТ «Нача». Падчас жніва яна адказвае за прыёмку збожжа, яго далейшую дапрацоўку: сушку, ачыстку, адгрузку ў залік дзяржзаказу, займаецца падрыхтоўкай і закладкай насеннага фонду.
Аляксандр Саланевіч уручыў Леакадзіі Кляцковай і Марыі Янушкевіч Падзячныя пісьмы камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкага абкама прафсаюза работнікаў АПК і падарункі, а таксама падзякаваў за добрасумленную працу і ўдзел у жніве-2025 і пажадаў здароўя, шчасця, дабрабыту.
Як адзначыла Вольга Анікей, прафсаюзы будуць і далей прадаўжаць практыку выездаў непасрэдна на жніўную перадавую, каб не толькі праманіторыць ход уборкі і ўмовы, створаныя для аграрыяў, але і павіншваць з працоўнымі перамогамі.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.