Па працы – пашана! Годна на ўсю краіну гучаць прозвішчы ляхавічан,адзначаных разнастайнымі ўзнагародамі
За кожным дасягненнем у любой галіне, за кожным значным эканамічным паказчыкам стаіць чалавек. Менавіта дзякуючы добрасумленнай адданай працы, адказнасці, прафесіяналізму землякоў, якія любяць сваю работу, выконваюць яе з душой, Ляхавіччына развіваецца, умацоўваецца эканоміка раёна, нямала дасягненняў у сацыяльнай сферы.
Бягучая пяцігодка пацвярджае, што Ляхавіцкі раён
па праве можа ганарыцца поспехамі і здабыткамі.
А землякі, дзякуючы каму ўдалася такая дынаміка росту, атрымліваюць па працы пашану. Прычым
і на самым высокім, дзяржаўным узроўні. Вось яны, героі мірных працоўных будняў.
Ордэнам Працоўнай Славы ўзнагароджаны аператар па штучным асемяненні БРЖ СВК «Ляхавіцкі» Іван Патаповіч.
Медаль «За працоўныя заслугі» ўручаны выкладчыку Ляхавіцкага аграрнага каледжа Кацярыне Юрчык, машыністу па здабычы і перапрацоўцы фрэзернага торфу ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі» Генадзію Гутырчыку, трактарысту-машыністу ААТ «Жарабковічы» Анатолію Петуху. Медаль «За бездакорную службу» атрымалі намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Святлана Смаршчок, намеснік начальніка фінансавага аддзела райвыканкама Тамара Шумская.
Годна на ўсю краіну гучаць і прозвішчы ляхавічан,адзначаных разнастайнымі ўзнагародамі міністэрстваў і ведамстваў рэспублікі. Плеяда прадстаўнікоў розных сфер Ляхавіччыны –
34 чалавекі за гэту пяцігодку – за плённую працу ўзнагароджана Граматамі і Падзячнымі пісьмамі Брэсцкага аблвыканкама.
На Ляхавіччыне цёплыя словы пашаны і павагі, віншаванні і падзяка за працу гучаць у адрас лепшых з лепшых. За пяць апошніх гадоў Граматамі райвыканкама ўзнагароджаны 241 чалавек, Падзячныя пісьмы райвыканкама ўручаны 241 чалавеку, Падзякі старшыні райвыканкама адрасаваны 183 землякам. Традыцыйна штогод абнаўляецца раённая Галерэя славы.
Не адзін дзясятак ляхавічан удастойваўся гонару ўвайсці ў пералік тых, каму прысвойваецца ганаровае званне «Чалавек года».
Сярод узнагароджаных на самых розных узроўнях – пераможцы шматлікіх прафесійных конкурсаў і спаборніцтваў, хто ўнёс значны асабісты ўклад у развіццё свайго прадпрыемства ці арганізацыі. Сярод узнагароджаных і тыя, чыя работа ацэньваецца не толькі эканамічнымі паказчыкамі. Гэта людзі, дзякуючы чыім талентам і здольнасцям, творчаму падыходу і крэатыўнасці шматлікія грамадска значныя мерапрыемствы, фестывалі, конкурсы, спартыўныя спаборніцтвы праходзілі на высокім узроўні, натхнялі і радавалі ляхавічан і гасцей раёна.
Як жа цудоўна чуць і бачыць, калі пад апладысменты прысутных на сцэне ГДК ці на палявым стане, на пасяджэнні райвыканкама або на святкаванні Дня горада ўзнагароджваюцца нашы землякі – дастойныя, працавітыя, надзейныя, адказныя.
Юрый НЕСЦЯРОВІЧ, начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама.

Святлана Смаршчок – прафесіянал высокага ўзроўню. Яна дасканала
валодае пытаннямі пенсійнага забеспячэння,уважліва сочыць
за новаўвядзеннямі і змяненнямі ў заканадаўстве.
Назначэнне пенсіі – справа адказная. І начальнік аддзела скрупулёзна і дэталёва правярае ўсе падрыхтаваныя спецыялістамі пенсійныя справы.

Ад агранома-практыка да выкладчыка, аўтара вучэбных дапаможнікаў. Такі працоўны шлях прайшла выкладчык
агранамічных дысцыплін Ляхавіцкага аграрнага каледжа
Кацярына Юрчык. Амаль чвэрць стагоддзя яна вучыць агра-
каляджан не толькі тонкасцям аграрнай прафесіі, але і выхоўвае падрастаючае пакаленне.

Аператар па штучным асемяненні БРЖ СВК «Ляхавіцкі» Іван Патаповіч – патомны работнік сельскай гаспадаркі, спецыяліст жывёлагадоўчай галіны, прафесійная біяграфія якога вось ужо
27 гадоў звязана з адной гаспадаркай.
За працоўныя заслугі ў яго багатай скарбонцы ўзнагарод пачэснае месца займаюць ордэн Працоўнай Славы і медаль «За працоўныя заслугі». А яшчэ ён дэпутат раённага Савета дэпутатаў і дэлегат Усебеларускага народнага сходу.

Тамара Шумская ў фінансавай справе больш за 30 гадоў. Класны спецыяліст, абавязковая, сумленная – так характарызуюць яе калегі. Тамара Шумская разам з іншымі работнікамі фінансавага аддзела фарміруюць раённы бюджэт і размяркоўваюць яго так, каб задаволіць патрэбы ўсіх галін і забяспечыць усе бюджэтныя арганізацыі.

Больш за чатыры дзесяцігоддзі – працоўны вадзіцельскі стаж Анатолія Петуха. За гэты час ён атрымаў нямала ўзнагарод і дасягнуў вытворчых перамог. Механізатар ААТ «Жарабковічы» падымаўся на сцэну абласных «Дажынак» як пераможца спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на нарыхтоўцы кармоў. Добрасумленны, старанны, уважлівы да людзей – адсюль
і высокі аўтарытэт у калектыве.

Здабыча торфу – справа для сапраўдных мужчын – дужых, працавітых, з выдатнай вытрымкай і высокай самааддачай, уменнем працаваць пры любых умовах надвор’я. Менавіта такім з’яўляецца Генадзій Гутырчык. З года ў год падчас нарыхтоўчай тарфяной кампаніі ён перавыконвае норму ў разы і ўпэўнена займае лідзіруючыя пазіцыі сярод калег па цэху ў краіне.

