Памяць пацвярджаецца парадкам. Як наводзіцца і падтрымліваецца парадак на вясковых могілках у Савейках, высвятлялі «ЛВ», прадстаўнікі камунгаса і сельвыканкама

Нагодай для гэтай публікацыі стаў званок на гарачую лінію «ЛВ» жыхаркі Ляхавіцкага раёна. Жанчына скардзілася на стан могілак у Савейках, маўляў, яны зараслі хмызняком і пустазеллем,
ніхто на іх не прыбіраецца, агароджы няма…
«ЛВ» вырашыў разабрацца з праблемай непасрэдна на месцы. Але спачатку інфармацыя для роздуму. Сёння ў Ляхавіцкім раёне 65 грамадскіх могілак, усе яны на балансе КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ».
– Тэрыторыю могілак абкошваем па заяўцы сельвыканкамаў. Адзначу, што ў нас на «ўзбраенні» тры адзінкі спецыяльнай тэхнікі для абкошвання і столькі ж работнікаў. Акрамя таго, па меры
неабходнасці вывозім смецце з кантэйнерных пляцовак, якія ўладкаваны каля кожных могілак, – расказвае старшы майстар вытворчай базы КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Юрый Плескацэвіч.
Згадзіцеся, даволі праблематычна тром работнікам кожны тыдзень абкошваць траву на ўсіх могілках. І гэта пры тым, што абкошвання патрабуюць і іншыя гарадскія і вясковыя тэрыторыі агульнага карыстання.

На могілках у Савейках
У мінулы панядзелак карэспандэнты «ЛВ», старшы майстар вытворчай базы камунгаса Юрый Плескацэвіч, кіраўнік справамі Ганчароўскага сельвыканкама Надзея Васілеўская праманіторылі стан спраў на тэрыторыі могілак каля Савеек. Як і было абяцана кіраўніцтвам камунгаса, яшчэ 1 жніўня тут пачалі абкошваць траву, работы завяршылі раніцай 4 жніўня. Раніцай гэтага ж дня вывозілі
смецце з кантэйнернай пляцоўкі . У асноўным на так званых новых могілках – парадак, хаця раз-пораз трапляюцца пахаванні, што зарастаюць пустазеллем. Адразу ўзнікае пытанне: няўжо цяжка сваякам пахаваных павырываць ці скасіць пустазелле (фота 2). Тым больш, як аказалася, некаторыя жывуць у бліжэйшых вёсках. Згодна
з правіламі ўтрымання і добраўпарадкавання месцаў пахавання,
прапісанымі ў пастанове № 17 ад 10.06.2016 Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, касіць пустазелле, прыбіраць праходы паміж магіламі, наводзіць парадак непасрэдна на месцах пахавання абавязаны тыя, хто ўзяў на сябе арганізацыю пахавання і ўстанаўліваў надмагільныя збудаванні, прасцей кажучы – родныя ці сваякі пахаваных.
Дарэчы не убачым на могілках і дрэў, тым больш аварыйных.
На «старых» могілках карціна больш сумная. Як падкрэсліў прадстаўнік камунгаса, работы па навядзенні парадку тут прадоўжацца, у тым ліку ў асенне-зімовы перыяд плануецца прадоўжыць выдаленне зараснікаў дрэў і кустоўя.
Цяпер пра агароджу. На новых могілках яна поўнасцю адсутнічае, дэмантаж праведзены па прычыне зношанасці. На «старых» – некалькі дзясяткаў метраў агароджаны металічнай сеткай. Выгляд, мякка кажучы, не вельмі, і гэтая агароджа патрабуе замены.
– Нягледзячы на тое, што вясковыя могілкі перададзены на баланс камунгаса, у кампетэнцыі сельвыканкама па-ранейшаму нямала пытанняў накшталт вядзення дзяржаўнага ўліку і рэзервавання ўчасткаў для пахавання, інвентарызацыі месцаў пахавання і іншых. Не пакідаем без увагі і пытанні добраўпарадкавання. Знаходзімся на пастаяннай сувязі з камунгасам, па нашых заяўках вывозіцца смецце
з кантэйнерных пляцовак, косіцца трава. Акрамя таго, арганізоўваем суботнікі з удзелам вяскоўцаў. Сёлета такія прайшлі на могілках у Тальмінавічах, Мядзведзічах і іншых вёсках. Праўда, не паўсюдна людзі з ахвотай адгукаюцца на прапанову папрацаваць талакой. Хачу звярнуцца да ўсіх, чые карані выходзяць з вёсак сельсавета:
успомніце пра сваіх продкаў. Зазірніце на вясковыя могілкі, пакланіцеся памяці і прыбярыцеся на магілцы і прылеглым
да яе ўчастку, – гаворыць Надзея Васілеўская.
Адрасы грамадзянскай ініцыятывы
Усё актыўней на Ляхавіччыне рэалізуецца грамадзянская ініцыятыва, сутнасць якой у тым, што жыхары вёсак збіраюць грошы, якія ідуць на ачыстку могілак ад драўнінна-хмызняковай расліннасці, выдаленне аварыйных дрэў, устаноўку бетоннай агароджы і іншыя віды добраўпарадкавання. Першапраходцамі ў добрых пачынаннях сталі жыхары вёсак Гута, Кулікі, Рагачы, якія сабралі грошы, заказалі бетонныя агароджы ў камунгасе (арганізацыя мае ўласную вытворчасць такіх вырабаў з бетону), работнікі якога потым і ўстанавілі на могілках агароджу, акрамя таго, выдалілі аварыйныя дрэвы. Дарэчы, за апошні час аварыйныя дрэвы поўнасцю выдалены камунальнікамі на могілках у Галаўнінцах, Ганчарах, на чарзе – Востраў, Станчыкі, Малое Падлессе.
– Эфектыўна ў гэтым плане ўзаемадзейнічаць з Востраўскім сельвыканкамам. Тут даволі актыўныя і кіраўніцтва сельвыканкама, і старасты, і вяскоўцы. Вынікова ідзе работа ў гэтым напрамку ў Альхоўскім сельсавеце, далучаецца і Ганчароўскі сельсавет. А ў якасці плённага і цеснага супрацоўніцтва ў плане навядзення парадку на могілках прывяду старасту вёскі Падбарочча Валянціну Маслоўскую, якая перыядычна арганізоўвае землякоў-вяскоўцаў, і разам яны наводзяць парадак на могілках. Дарэчы, сёлета, у тым ліку за сабраныя насельніцтвам грашовыя сродкі, камунгас устанавіў бетонныя агароджы на могілках у Альхоўцах,
Рагачах, Стральцах, Мінічах. У бліжэйшых планах – Залужжа, Ліпск, Востраў, – адзначае Юрый Плескацэвіч.
Вернемся да могілак у Савейках. Тут апошні прытулак знаходзяць жыхары вёсак Савейкі, Гайнін, Гайнінец. Па словах Надзеі Васілеўскай, у трох блізкіх вёсках зараз пражывае 104 чалавекі, плюс сваякі многіх пахаваных, якія жывуць у іншых месцах Беларусі. І калі б з кожнага двара сабраць некалькі дзясяткаў рублёў, як гэта робіцца ў іншых вёсках і аграгарадках Ляхавіччыны, то разам з бюджэтным фінансаваннем можна было б уладкаваць бетонную агароджу і правесці мерапрыемствы па добраўпарадкаванні.
Розныя падыходы да парадку
Каб, як гаворыцца, адчуць розніцу, заехалі на могілкі за
вёскай Мінічы. Уладкавана кантэйнерная пляцоўка з бетону, самі ёмістасці пустыя – адходы вывезены, вакол устаноўлена бетонная агароджа, на могілках – парадак.
– Работы тут пачалі некалькі тыдняў назад, і зараз яны амаль завершаны. Зноў жа, родныя і блізкія пахаваных сабралі грошы, а камунгас устанавіў агароджу, выдаліў аварыйныя дрэвы, –
удакладняе Юрый Плескацэвіч.
Ён з абурэннем расказвае, што нядаўна з адных з вясковых могілак вывезлі кузаў смецця, пераважная частка якога – бытавыя і будаўнічыя адходы, якія, відавочна, нехта прывёз сюды… Варта нагадаць, што кантэйнеры для цвёрдых камунальных адходаў, устаноўленыя на тэрыторыі могілак, прызначаны толькі для збору рытуальных адходаў. Строга забаронена выкідваць у кантэйнеры ці на пляцоўкі каля іх будаўнічыя ці бытавыя адходы. За іх несанкцыянаванае размяшчэнне прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.
Але акрамя адміністрацыйнага пакарання ёсць і іншае – свядомасць і сумленне, якія не павінны дазваляць могілкам зарастаць быллём.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.








