У кожнай аўталаўкі свой маршрут. «Веснікаўцы» адправіліся па некаторых кропках на маршруце магазінаў на колах Ляхавіцкага райпо. Анатомія праблемы

Пытанні гандлёвага абслугоўвання вясковага насельніцтва, у прыватнасці аўтамагазінамі райпо, перыядычна ўздымаюцца на мясцовых сходах, становяцца тэмай зваротаў на прамыя тэлефонныя лініі і падчас асабістых прыёмаў, трымаюць іх на кантролі і старшыні сельвыканкамаў

#АНАТОМИЯПРОБЛЕМЫ

Што выклікае незадаволенасць вяскоўцаў, а што іх у поўнай меры задавальняе, высвятляў «ЛВ». «Веснікаўцы» адправіліся па некаторых кропках на маршруце магазінаў на колах Ляхавіцкага райпо. Па раёне з панядзелка па суботу калясяць шэсць аўталавак, абслугоўваюць яны каля дзвюх тысяч жыхароў аграгарадкоў, вёсак, хутароў. Прычым гандлююць не толькі ў тых вясковых кропках, дзе няма стацыянарных магазінаў. Кошт на тавары не адрозніваецца ад цэн
у стацыянарных магазінах райспажыўкааперацыі. На работу аўтамагазінаў нямала станоўчых водгукаў, хаця сустракаюцца і скаргі.

Прапановай задаволены
Аўторак 19 жніўня. Рэдакцыйная машына ў вёсцы Вялікае Гарадзішча, дзе зарэгістравана 68 чалавек. Тут двойчы на тыдзень – па аўторках і пятніцах – працуе выязны магазін № 3, які робіць тры прыпынкі. Карэспандэнты «ЛВ» прыбылі ў вёску а палове 16 гадзіны. Выязны гандаль, які пачаўся па раскладзе ў 15.20, ішоў ва ўсю. Праўда, пакупнікоў на першым прыпыначным пункце не было.
– Напэўна, свята сваю ролю адыграла, сёння ж у праваслаўных Яблычны Спас. Звычайна тут нямала народу. Што купляюць? Запатрабаваны практычна ўвесь асартымент, які прапануем. У прыярытэце – хлебабулачныя вырабы, малочная прадукцыя, замарожанае мяса – курыца, свініна, каўбасныя вырабы. Летам добра разыходзяцца салодкасці – да бабуль і дзядуляў прыязджаюць унукі. Калі паступаюць заяўкі, абавязкова стараемся іх выконваць. Сярод найбольш частых – камбікорм для свойскай жывёлы і птушкі. Напрыканцы зімы – у пачатку вясны просяць прывезці бульбу, моркву,
цыбулю, бо свая ўжо закончылася. Разлічыцца за пакупку можна як наяўнымі грашыма, так і банкаўскай карткай, – расказвае прадавец аўталаўкі Наталля Ралько. У гандлі на колах яна ўжо сёмы год і справу
ведае добра. Напарнік у яе старанны – вадзіцель Віталій Вашкевіч адказвае за тое, каб аўтамабіль своечасова па раскладзе прыбываў у кожны населены пункт па маршруце аўтамагазіна.
І вось ужо аўтамагазін імчыць па Вялікім Гарадзішчы. Чарговы прыпынак больш багаты на пакупнікоў. Сярод іх тутэйшая жыхарка Кацярына Кендыш з унучкай Алінай. Хлеб, батон, малако, смятана,
замарожаныя курыныя паўфабрыкаты – тавары з паліц аўталаўкі адпраўляюцца
ў пакеты пакупніка. Разлічыўшыся, вяскоўка падзялілася ўражаннямі.
– Адназначна, работай нашай аўталаўкі задаволена. Прадавец уважлівы, абслугоўвае культурна, заказы выконвае, параіць, што лепш выбраць. Тавару ў дастатковай колькасці,
не памятаю такога выпадку, калі б камусьці ў нашай вёсцы не хапіла малака, хлеба ці іншых прадуктаў. Як і ніколі
не трапляліся сапсаваныя прадукты ці з сышоўшым тэрмінам прыгоднасці. Выбар таксама добры. Паглядзіце на вітрыну: чаго там толькі з каўбасных вырабаў няма! Цэны такія ж, як і ў магазінах. Прыязджае па раскладзе. Было аднойчы, што машына зламалася і не прыехала. Патэлефанавалі старшыні Альхоўскага сельвыканкама, і на наступны дзень аўталаўка прыбыла ў вёску па-за графікам. Адзінае, што хацелася б змяніць, дык гэта графік, каб аўталаўка прыязджала да нас тройчы на тыдзень. Купіў хлеба ў пятніцу – і да аўторка трэба чакаць. А многа не купіш, бо смак ужо не той, – адзначае Кацярына Кендыш.

Спазненне – гэта НЕ норма
А гэта ўжо вёска Пашкоўцы – апошні адрас на маршруце аўта-
лаўкі № 5. На гэты раз карэспандэнты «ЛВ» прыехалі ў
вёску хвілін за дваццаць да таго часу, калі, згодна з раскладам,
размешчаным на агароджы насупраць пункта чакання аўталаўкі, павінен прыбыць магазін на колах. Скарысталіся вольнай хвілінкай, каб пагутарыць з мясцовымі жыхарамі на тэму гандлёвага абслугоўвання.
– Доўга давядзецца вам чакаць. Наша аўталаўка прыязджае на некалькі гадзін пазней, чым указана ў раскладзе. Калі спазненне на гадзіну, то гэта лічым пашанцавала. Прывыклі, хаця і не зусім зручна, – гаворыць 78-гадовы Мікалай Барташэвіч. Пажылога вяскоўца-інваліда падтрымліваюць і іншыя тутэйшыя жыхары. Спазненне на гадзіны – многа ці дапушчальна? З якога боку паглядзець. Канешне, адна справа пачакаць пры цёплым надвор’і. А калі дождж ці мароз? Наўрад ці чаканне пры такіх умовах стане прыемным бонусам да пакупак… Вяскоўцы адзін за адным хвалілі асартымент магазіна на колах, ветлівае абслугоўванне з боку прадаўца, якая ведае, хто з вяскоўцаў што і калі купляе. Расказалі і аб тым, што месца гандлю з колаў – своеасаблівае месца сустрэчы аднавяскоўцаў, дзе можна абмеркаваць самыя розныя пытанні і навіны. Яшчэ адзін плюс аўталавак для такіх невялікіх населеных пунктаў, дзе няма іншых грамадскіх аб’ектаў.


Вось гадзіннік паказвае 16.35 – па раскладзе павінен з’явіцца аўтамагазін. Але яго не чуваць і не бачна. Праходзіць яшчэ паўгадзіны, людзі пачынаюць разыходзіцца… У карэспандэнтаў вытрымкі хапіла на адну гадзіну. І паехалі насустрач аўталаўцы. Але і там яе не знайшлі, падумалі, што размінуліся і вярнуліся ў Пашкоўцы, але безвынікова. Як патлумачылі пазней у райпо, аўталаўка зламалася, таму прыехала пазней. А калі ўзяць да ўвагі скаргі мясцовых жыхароў, атрымліваецца, што ламаецца
аўтамагазін па дарозе ў Пашкоўцы двойчы на тыдзень… Зразумела, затрымкі на маршруце могуць здарацца. Але ці не варта
ў такім выпадку змяніць расклад, каб нікога не ўводзіць
у зман?

Вёска Вялікае Гарадзішча.

Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.