Інтэлектуальны ўраджай. На абласным этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды школьнікі Ляхавіцкага раёна заваявалі 7 дыпломаў і 1 пахвальны водзыў

Гімназісты-прызёры абласной алімпіяды Юлія Матчэня, Ніно Квернадзэ, Раман Кендыш, Мікіта Рамановіч, Паліна Чаранкевіч, Аліна Зубік, Юлія Маргаева.

У абласным Цэнтры маладзёжнай творчасці 12 студзеня адбылося ўрачыстае адкрыццё трэцяга (абласнога) этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Геаграфія правядзення інтэлектуальных іспытаў па 15 дысцыплінах, акрамя Брэста, ахапіла гарады Баранавічы, Івацэвічы, Маларыту і Кобрын.

Сярод таленавітых і эрудыраваных хлопчыкаў і дзяўчынак з усіх куткоў Брэстчыны дэманстравалі свае веды і 28 школьнікаў з Ляхавіцкага раёна, якія сталі пераможцамі раённага этапу. Наш рэгіён прадстаўлялі 13 гімназістаў, 2 навучэнцы СШ №1, 5 – СШ № 2 , 4 – Крывошынскай СШ і па адным навучэнцы  Начаўскай, Навасёлкаўскай, Мядзведзіцкай  СШ  і Дараўскага ВПК “дзіцячы сад – сярэдняя школа”.

Як адзначыла намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Марыя Саракавік, сёлетнія вынікі абласных спаборніцтваў не толькі парадавалі, але і пацвердзілі правільнасць выпрацаванай сістэмы падрыхтоўкі высокаматываваных школьнікаў. Арганізацыя рэсурсных цэнтраў і вучэбных збораў, міжраённых факультатываў і майстар-класаў з запрашэннем выкладчыкаў ВНУ і лепшых педагогаў вобласці, алімпіядны рух, цесная сувязь з БарДУ, сумяшчэнне летняга адпачынку школьнікаў з заняткамі профільнымі прадметамі прынеслі плённы вынік – 7 дыпломаў і 1 пахвальны водзыў.

Такі ўраджай інтэлектуальных дасягненняў у раёне быў апошні раз 7 гадоў назад.

6 дыпломаў і пахвальны водзыў абласнога значэння — у скарбонцы гімназістаў, дыплом ІІІ ступені па біялогіі ў вучаніцы Начаўскай СШ Таццяны Чаранкевіч (настаўніца Наталля Катко). Так што, можна сказаць, гімназісты паспяхова пацвердзілі статус сваёй навучальнай установы. Адметна, што пераможцам абласной алімпіяды сярод знаўцаў беларускай мовы і літаратуры стала Ніно Квернадзэ, якая з 5 класа спасцігала іх азы з настаўніцай Святланай Ермаковіч, дыплом II ступені па гэтых жа прадметах – у Паліны Чаранкевіч (настаўніца Наталля Баўтрукевіч). Веданне фізікі прынесла Мікіце Рамановічу дыплом III ступені (настаўнікі Лідзія Чарток і Аляксандр Шчэрба). Дыпломы такой жа вартасці па рускай мове і літаратуры , біялогіі і геаграфіі адпаведна ў Юліі Матчэня (настаўніца Людміла Раманенка), Юліі Маргаевай (настаўніца Таццяна Галабокава) і Рамана Кендыша (настаўніца Галіна Бурбіцкая). Пахвальны водзыў па рускай мове і літаратуры заслужыла сваімі ведамі Аліна Зубік (настаўніца Святлана Прастакевіч).

Жаданне і карпатлівая праца рабят, прафесіяналізм педагогаў і падтрымка родных – складальнікі сёлетняга поспеху юных землякоў.

У мінулы чацвер удзельнікі прадметных алімпіяд сустрэліся за “круглым сталом” з кіраўніцтвам аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. На сустрэчы абмяркоўваліся, акрамя іншага, далейшыя перспектывы алімпіяднага руху. Не абышлі ўвагай цяжкасці і праблемы падрыхтоўкі да іспытаў. Кожны ўдзельнік абласной алімпіяды атрымаў памятны падарунак.

Сярод сёлетніх дыпламантаў толькі адна выпускніца, а значыць, прозвішчы таленавітых 9-10-класнікаў яшчэ прагучаць у інтэлектуальных паядынках розных узроўняў. Вельмі хочацца спадзявацца, што да іх далучацца і іншыя імёны.

Гонар прадстаўляць Ляхавіччыну на рэспубліканскім этапе алімпіяды атрымалі гімназісткі – уладальніцы дыпломаў I і II ступеняў Ніно Квернадзэ і Паліна Чаранкевіч. Поспехаў вам, дзяўчынкі!

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *