Захоўваць і прымнажаць давер кліентаў

Ала Аляксееўна Кандратовіч

12 снежня мінулага года разлікова-касавы цэнтр №35 у горадзе Ляхавічы філіяла ААТ “Белаграпрамбанк” Брэсцкага абласнога ўпраўлення ўзначаліла Ала Кандратовіч — чалавек у банкаўскай справе не новы, больш за чвэрць стагоддзя працуе ў сферы фінансаў. Размова з ёй – пра сённяшні дзень РКЦ № 35, пра цікавыя прапановы Белаграпрамбанка і многае іншае.

— Ала Аляксееўна, чым сёння жыве наш разлікова-касавы цэнтр?
Мы працягваем актыўна працаваць у традыцыйным для сябе сектары эканомікі – аграпрамысловым комплексе. Для далейшай паспяховай работы ў гэтым накірунку ў нас ёсць усё: супрацоўнікі-прафесіяналы з багатым вопытам работы, поўнае ўзаемаразуменне з адміністрацыяй усіх узроўняў у вызначэнні прыярытэтаў развіцця, а самае галоўнае – нашы кліенты. Менавіта ім мы ўдзячны за падтрымку і давер.
Кліентамі РКЦ з’яўляюцца як фізічныя, так і юрыдычныя асобы. Сярод апошніх большасць – даўно ўтвораныя суб’екты гаспадарання, якія супрацоўнічаюць з намі шмат гадоў, разам з банкам прайшлі перыяды станаўлення. Сярод іх ляхавіцкія малочны, кансервавы, торфабрыкетны заводы, будаўнічыя арганізацыі. Усе сельскагаспадарчыя прадпрыемствы Ляхавіччыны таксама цесна супрацоўнічаюць з Белаграпрамбанкам.
Работа арганізавана так, каб быць бліжэй да кліента, забяспечыць яго комплекснае абслугоўванне. Мы прапануем самы шырокі спектр банкаўскіх паслуг.
Для дасягнення станоўчага выніку неабходна зладжаная работа ўсіх аддзелаў…
Безумоўна. Каб своечасова і якасна аказаць любую банкаўскую паслугу, неабходны кваліфікаваныя супрацоўнікі. І яны ў нас ёсць. Так, у аддзеле кліенцкага менеджменту, які ўзначальвае Жанна Занько, працуюць вопытныя спецыялісты, якія перадаюць свае веды і навыкі моладзі.
Сёння нельга ўявіць рабочае месца любога банкаўскага спецыяліста без камп’ютара. Каб хутка ўхіліць сістэмныя праблемы, своечасова праводзіць адладку праграмных прадуктаў, устанаўліваць і абслугоўваць праграмнае забеспячэнне, недастаткова быць проста праграмістам. Неабходна арыентавацца і ў эканоміцы, і ў бухгалтэрыі. У РКЦ з гэтым выдатна спраўляюцца галоўныя спецыялісты інфармацыйных тэхналогій Станіслаў Дзядзюра і Дзмітрый Галіцкі.
Заўсёды знаходзяць агульную мову з іншымі структурнымі падраздзяленнямі і кліентамі супрацоўнікі аддзела разлікаў і абслугоўвання юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, якім кіруе прафесіянал сваёй справы Ларыса Матрашына.
У аддзеле рознічных паслуг (начальнік Таццяна Жаўрыд) з задавальненнем прымуць кожнага чалавека, пазнаёмяць з пералікам найбольш цікавых прапаноў ад Белаграпрамбанка, дапамогуць выбраць аптымальны варыянт у кожным канкрэтным выпадку. Ну а работа спецыялістаў сектара касавага абслугоўвання наогул з’яўляецца візітоўкай любога банка.
— Ваш калектыў напачатку студзеня адзначыў сваё прафесійнае свята. Падведзены вынікі мінулагодняй работы, акрэслены асноўныя задачы на перспектыву. Падзяліцеся, калі ласка, планамі на бліжэйшы час.
Задач нямала. Галоўная з іх – і над ёй мы працуем пастаянна – захоўваць,прымнажаць давер кліентаў. Спецыялісты банка гатовы прадаставіць поўны пакет любых фінансавых паслуг і кансультацый. Для юрыдычных асоб уведзены электронная сістэма “кліент-банк”, SМS-банкінг, якія дазваляюць перадаваць любую банкаўскую інфармацыю ў электронным варыянце.
Кліентамі РКЦ з’яўляюцца больш за 7300 фізічных асоб, прычым 3390 – укладчыкі Белаграпрамбанка, 5900 – трымальнікі плацёжных картак. І значная частка плацяжоў, выдача крэдытаў адбываецца менавіта з іх дапамогай. Для зручнасці кліентаў устаноўлены банкаматы і інфакіёскі. А дзякуючы тэрміналам можна разлічыцца за пакупку амаль у кожным магазіне, на аўтазаправачнай станцыі
і г. д. Не трэба баяцца інтэрнэт-банкінга: за ім будучыня ў аплаце паслуг. Кіраваць сваім рахункам можна і з дапамогай сотавага тэлефона з любой краіны свету.
Адзін з накірункаў у рабоце нашага калектыву – выхаванне фінансавай граматнасці ў дзяцей. Падлеткі павінны правільна ўмець распараджацца грашыма. Напрыклад, адзін з прадуктаў, які прапаноўвае банк, – плацёжныя карткі для дзяцей і падлеткаў ад 6 да 18 гадоў. Бацькі могуць кантраляваць расход сродкаў: устанавіць штодзённы ліміт расходавання сродкаў па картцы, атрымліваць sms-паведамленні пра праведзеныя па картцы аперацыі. Папулярная рэспубліканская праграма “Расці вялікі!”. Бацькі адкрываюць рахункі на сваіх дзяцей, а банк дорыць рабятам падарункі на кожны дзень нараджэння, арганізоўвае святочныя віншаванні. Па традыцыі перад пачаткам летніх канікулаў Белаграпрамбанк праводзіць дабрачынную акцыю «Падары дзіцяці футбольны мяч».
Белаграпрамбанк актыўна прыцягвае грашовыя сродкі насельніцтва ва ўклады, прапаноўваючы выгадныя ўмовы. На сёння гэта ўклад «Вялікія грошы 2.0» (на 35 дзён пад 45% гадавых).
Наогул жа, лічу важным у банкаўскай рабоце спалучэнне прафесіяналізму і шчырых неабыякавых адносін да кліента, незалежна ад яго ўзросту і сацыяльнага статусу. Над гэтым працуем штодзень.
Гутарыла Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *