Да рагулі патрэбны тэхналагічны падыход

Гаспадарыць па-новаму, з прымяненнем навукова распраца-ваных і правераных на практыцы тэхналогій вядзення жывёлагадоўлі — задача дня, якая стаіць перад аграрыямі. Аднак, аказваецца, зусім не проста “пераскочыць” са старых метадаў на новыя і тут жа атрымаць эфект.

У апошнія гады ва ўсіх гаспадарках раёна актыўна ішла перабудова жывёлагадоўчай галіны: рэканструяваліся, рамантаваліся малочнатаварныя фермы і комплексы, ставілася сучаснае абсталяванне, зааветспецыялісты вырашалі шматлікія арганізацыйныя пытанні: дзялілі кароў на тэхналагічныя групы, распрацоўвалі адпаведныя рацыёны кармлення і г. д.

Нарэшце запрацавала група спецыялістаў па аднаўленні статка. Набыты нятанны дыягнастычны прыбор, з дапамогай якога можна на ранніх тэрмінах вызначыць цельнасць кароў. Наогул, зроблена немала.

Між тым, па выніках мінулага года гаспадаркі раёна надаілі малака на 1,3 працэнта менш, як у годзе папярэднім. Аб’ектыўныя і суб’ектыўныя прычыны аналізуе намеснік начальніка райсельгасхарчу па жывёлагадоўлі Максім ГУЛЬКОВІЧ.

— У апошнім квартале мінулага года і асабліва ў снежні стаў адчувальным эфект ад укаранення прагрэсіўных тэхналогій у малочную жывёлагадоўлю раёна: узраслі надоі малака.

Калі запускаецца тэхналагічны працэс, важна, каб працавалі ўсе яго звёны, толькі тады будзе станоўчы вынік. Напрыклад, многія сельгаспрадпрыемствы было праб-

лематычна перавесці на выкарыстанне камбікорму заводскай вытворчасці. Цяпер гэтае пытанне вырашана. СВК “Шлях новы”, “Ляхавіцкі”, ДП “Нача”, ЗАТ “Белпрампрыбор” удзялілі ўвагу сухастойным каровам: у адпаведнасці з тэхналагічным рэгламентам раздзялілі іх на 2 групы і арганізавалі дыферэнцыраванае кармленне.

У СВК “Жарабковічы” стаў відавочным вынік селекцыйнай работы: значна павялічыўся выхад маладняку — на 100 кароў атрымана 81 цяля (плюс 9 да ўзроўню папярэдняга года) – лепшы паказчык у раёне.

У СВК “Шлях новы” на комплексах у Навасёлках, Вялікай Лотве, на Зубелевіцкай МТФ малочны статак таксама падзелены на тэхналагічныя групы з адпаведным кармленнем, пачаліся масавыя расцёлы кароў. Тут адладжаны ўвесь тэхналагічны працэс, і надоі павялічыліся.

У лепшы бок мяняюцца справы ў ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”. Аднак, там яшчэ шмат трэба працаваць над укараненнем новых тэхналогій. Пакуль што прыбаўка ў надоях ідзе за кошт збалансаваных рацыёнаў кармлення і за кошт таго, што сянаж у рулонах якасны і пажыўны.

Другі важнейшы паказчык – таварнасць малака, якая склала за мінулы год 89,6 – на 1,9 працэнта больш, як летась. Павелічэнню садзейнічала ўкараненне тэхналогіі вырошчвання рамонтнага маладняку: колькасць малака, якое выпойваецца, са стандартных 360 літраў на адно цяля зменшылася да 210. Па гэтай тэхналогіі працуюць у СВК “Шлях новы”, “Востраў-Агра”(2 МТФ), МТФ СВК “Тальмінавічы”, ДП “Нача”, ЗАТ “Белпрампрыбор”, ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” (Альхоўская і Вялікагарадзішчанская МТФ). Пастаўлена канкрэтная задача: да 1 чэрвеня гэтая тэхналогія павінна запрацаваць ва ўсіх гаспадарках раёна, таварнасць прадукцыі сёлета неабходна давесці да 92 працэнтаў.

Якасць прадукцыі – той паказчык, які істотна ўплывае на прыбытак і ў касах гаспадарак, і ў кашальках жывёлаводаў. Летась гатункамі экстра і вышэйшым малаказавод прыняў 79,8 працэнта малака ад усёй колькасці прададзенага (па вобласці 80 працэнтаў). Больш як 80 працэнтаў малака гатункамі экстра і вышэйшым атрымана летась ў СВК “Жарабковічы”, “Шлях новы”, “Востраў-Агра”; за 90 працэнтаў — у ДП “Нача”, ЗАТ “Белпрампрыбор”. Усе 100 працэнтаў надоенага малака ў СВК “Ляхавіцкі” і аграрным каледжы залічаны гатункамі экстра і вышэйшым.

Астатнім гаспадаркам трэба настойліва працаваць над якаснымі параметрамі атрымліваемай сельгаспрадукцыі. Прычым, найперш неабходна навесці элементарны парадак на МТФ, адрамантаваць памяшканні, карацей, зрабіць тое, што не патрабуе асаблівых грашовых затрат, але вельмі важнае для вытворчасці. Зааветспецыялістам неабходна ўзмацніць кантроль за здароўем жывёл, захоўваць тэхналогію мыцця і дэзынфекцыі даільнага абсталявання.

Сёлета раённая тэхналагічная група і райветстанцыя плануюць асаблівую ўвагу ўдзяліць атрыманню якаснай прадукцыі на фермах ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”, СВК “Тальмінавічы”, “Ліпнянка”. Ужо вядзецца работа ў СВК “Востраў-Агра”, ЗАТ “Белпрампрыбор”. Прычым, ёсць усе перадумовы атрымання ў гэтых сельгас-прадпрыемствах малака гатунку экстра ад 30 да 40 працэнтаў.

Дарэчы, новы год у жывёлагадоўлі раёна пачаўся спрыяльна. Студзеньскія надоі багацейшыя на 8 працэнтаў у параўнанні з леташнімі ў гэты ж перыяд, на 10 працэнтаў павялічыўся продаж малака, узрастаюць паказчыкі таварнасці прадукцыі. Пакуль што без перамен толькі ў СВК “Тальмінавічы”, “Ліпнянка”. Аднак ёсць спадзяванні, што гэты год стане пераломным для раёна ў плане добрых перамен у жывёлагадоўчай галіне.

Запісала Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *