Ласунак да вашага стала. Асартымент Ляхавіцкага малочнага завода зноў папоўніўся
Радаваць шматлікіх прыхільнікаў сваёй смачнай карыснай прадукцыяй для СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” стала добрай традыцыяй. 2015 год толькі пачаўся, а дзве навінкі ўжо з’явіліся ў продажы ў гандлёвых кропках.
Спачатку месца разам з іншым асартыментам пад брэндам “Ляхавічок” заняла смятана тлустасцю 26 і 28 працэнтаў у новай даволі зручнай упакоўцы – ёмістасцях па 200 і 400 грамаў з накрыўкай. Пакупнікі адразу ацанілі навінку: смакавыя якасці засталіся ранейшымі, а вось упакоўка стала больш прывабнай і зручнай (пасля адкрыцця не трэба баяцца, што рэшткі смятаны выльюцца – баначка шчыльна закрываецца).
Літаральна днямі заводскі асартымент папоўніўся зноў. Як расказала начальнік вытворчасці малочнага завода Людміла Скараход, прыбыло ў «кампаніі» тварожных дэсертаў. У складзе новага прадукта “Ласунак” толькі натуральныя інгрэдыенты: тварог, цукар, вяршкі і жэлацін, у якасці напаўняльнікаў – курага ці ванілін. Упакоўка яркая і зручная – баначкі па 220 грамаў. Дэсерт спадабаўся пакупнікам: штодзень яго выпускаецца па 70 кілаграмаў.
Усяго сёлета на заводзе плануецца асвоіць выпуск каля 10 навінак. Якіх — пакуль сакрэт. Тэхнолагі распрацоўваюць новыя рэцэпты, іміджмейкеры — упакоўку, вывучаюцца рынкі збыту. Адно вядома: галоўны прынцып прадпрыемства – выпускаць прадукцыю карысную, смачную, натуральную – застаецца нязменным.
Галіна КАНЬКО.

