Бібліятэка аб’ядноўвае пакаленні. З Днём бібліятэк калектыў і ветэранаў бібліятэчнай справы і ўсіх прыхільнікаў кнігі і бібліятэк

Бібліятэка – гэта важны культурны складнік і гарадскога, і вясковага жыцця. Сённяшняя бібліятэчная сістэма актыўна пашырае свае інфармацыйныя гарызонты, прапаноўвае шматлікім наведвальнікам насычаную праграму, якая ахоплівае шырокі спектр інтарэсаў розных пакаленняў.

Дырэктар ЦБС   Вольга Пляшэвіч.

– На працягу апошніх пяці гадоў значная ўвага надаецца развіццю інфармацыйна-камунікацыйнай актыўнасці нашых бібліятэк. І сёння нам ёсць чым ганарыцца.
Мы прадстаўлены ў сацыяльных сетках, рэгулярна абнаўляецца кантэнт сайта, развіваем уласныя ўнікальныя праекты і інтэрактыўныя сэрвісы. Напрыклад, у 2024 годзе напоўнілі наш вэб-сайт інтэрактыўнай базай унікальных даных пра ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі», а сёлета – рэсурсам «Мястэчка Востраў:500 гадоў гісторыі». Адзначу і правядзенне мадэрнізацыі матэрыяльна-тэхнічнай базы бібліятэк, у шэрагу ўстаноў зроблены касметычны рамонт. Купалаўка і дзіцячая бібліятэка выкарыстоўваюць аўтаматызаваную сістэму кіравання бібліятэчнымі працэсамі, – расказвае дырэктар Ляхавіцкай ЦБС Вольга Пляшэвіч.

 Каб у бібліятэках было заўжды цікава, захапляльна, каб сюды хацелася прыходзіць зноў і зноў, прычым людзям розных узростаў і прафесій, сацыяльнага статусу і прыярытэтаў, клапоцяцца супрацоўнікі кніжных храмаў. Бібліятэкары сістэматычна павышаюць свае прафесійныя навыкі, удзельнічаюць і перамагаюць у творчых конкурсах, укараняюць навейшыя тэхналогіі ў работу. Так, з 2020 года чытачы атрымалі доступ да электроннай бібліятэкі «ЛітРэс», тым самым пашырылі кола даступнай літаратуры.

– Без перабольшвання, кожная бібліятэка Ляхавіччыны імкнецца быць не проста месцам, куды можна прыйсці за кнігай, а сапраўдным культурным цэнтрам, дзе можна знайсці нешта цікавае. Пацвярджэнне таму – праекты апошніх гадоў, якія паспелі заваяваць сотні прыхільнікаў, прычым не толькі сярод жыхароў раёна. Нас ведаюць далёка за межамі Брэстчыны, Беларусі, – адзначае Вольга Пляшэвіч.

Сярод найбольш запатрабаваных і папулярных праектаў варта назваць віртуальны «Мае Ляхавічы», які дапамагае старшакласнікам вывучаць гісторыю раёна, ствараючы будучыню гарадской прасторы праз інтэрактыўныя даследаванні і відэаблог. Праект «Бібліятэка +»
накіраваны на аднаўленне любві да кнігі і літаратурнай спадчыны. Мюзікл «Прымакі» – музычная пастанова бібліятэкараў па матывах твораў Янкі Купалы – заваяваў шмат станоўчых водгукаў у гледачоў. Яшчэ адзін праект «Адкрытая старонка» сваёй мэтай ставіць стварэнне інклюзіўнага асяроддзя для чытачоў з абмежаванымі магчымасцямі. Колькі прыхільнікаў у штогадовай акцыі «Кнігаварот» – яскравай падзеі ў Дзень бібліятэк, мерапрыемства прыцягвае гараджан гульнямі, квэстамі і падарожжамі ў захапляльны свет літаратурных твораў.

Творчыя праекты аўтарства таленавітых супрацоўнікаў бібліятэчнай сістэмы атрымліваюць дастойныя адзнакі на абласным, рэспубліканскім і міжнародным узроўнях. У 2021, 2023, 2024, 2025 гадах у разнастайных намінацыях рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры» ляхавіцкія бібліятэчныя праекты ўдастойваліся дыпломаў І і ІІ ступеняў. Акрамя таго, на рахунку землякоў-бібліятэкараў перамогі ў рэспубліканскіх конкурсах «Бібліятэка – цэнтр духоўнай асветы і выхавання», творчых работ, прысвечаных Году гістарычнай памяці, а таксама шэрагу абласных конкурсаў.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА  і з архіва ЦБС.

►У Ляхавіцкім раёне 18 гарадскіх і вясковых бібліятэк. У бібліятэчнай сістэме раёна працуе 48 чалавек.
►Колькасць чытачоў – 10,6 тысячы. Агульная колькасць наведванняў – 158,8 тысячы, кнігавыдач – 151,3 тысячы.
►Па стане на пачатак 2025 года дакументальны фонд Ляхавіцкай ЦБС склаў 244 394 экзэмпляры.
►Бібліятэка аказвае насельніцтву 26 відаў платных паслуг.