Брэстчына ўшаноўвае лепшых хлебаробаў. У хлебным караваі Брэстчыны, які сёлета ўпершыню ў гісторыі перавысіў паўтара мільёна тон, адчувальны ўклад і Ляхавіцкага раёна
Жніво-2025 для руплівых аграрыяў Ляхавіччыны стала ўжо гісторыяй. Цікавай, яскравай, напоўненай працоўнымі буднямі і новымі рэкордамі. І за кожным жніўным дасягненнем – героі хлебнай нівы – працавітыя і добрасумленныя, адказныя і надзейныя, адданыя нялёгкай сялянскай справе, тыя, хто шчыраваў ад світання да змяркання, не шкадуючы сіл, каб засекі краіны запоўніць шчодрым ураджаем.

Плыве па залацістым жніўным полі магутны камбайн. Упэўнена вядзе магутную тэхніку і ўважліва сочыць, каб кожны наліты колас трапіў пад жняярку, зладжаны экіпаж камбайнераў. Хвіліна за хвілінай – і запаўняецца бункер зернем новага ўраджаю. Неўзабаве залацісты паток збожжа перасыпаецца ў кузаў аўтамабіля. Эстафету ад камбайнераў пераймаюць вадзіцелі на адвозцы. Дзясяткі рэйсаў за дзень па знаёмым маршруце «поле – элеватар» зрабіў кожны з вадзіцеляў на адвозцы збожжа.
Асаблівая місія сёлета была ўскладзена на работнікаў ЗСК – давесці да патрэбнай кандыцыі вільготнае зерне. І да гонару аператараў-зернесушыльшчыкаў з пастаўленнай задачай яны справіліся. Дзякуючы ў тым ліку і ім наш раён паспяхова выканаў дзяржзаказ, а ў хлебным караваі Брэстчыны, які сёлета ўпершыню ў гісторыі перавысіў паўтара мільёна тон, адчувальны ўклад і Ляхавіцкага раёна.

Жніво стала праверкай на трываласць і зладжанасць для работнікаў мехмайстэрняў, інжынерна-тэхнічнай і агранамічнай службаў. Каб у хлебаробаў было шмат сіл, паклапаціліся работнікі сталовых. Вось так, папрацаваўшы талакой, з высокімі жніўнымі дасягненнямі, падтрымліваючы і прымнажаючы слаўныя традыцыі мінулых пакаленняў хлебаробаў, Ляхавіччына заўтра адправіцца ў Белаазёрск на абласны фестываль-кірмаш «Дажынкі-2025». І без сумненняў са святочнай сцэны прагучаць прозвішчы землякоў-перадавікоў, якія працай славяць сваю малую радзіму.
У 2025 годзе ў Ляхавіцкім раёне атрымана найвышэйшая ў Брэсцкай вобласці ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых культур (без кукурузы) – 53,1 ц/га (на 6,1 ц/га больш за папярэдні год). І гэта самае вялікае значэнне за ўсю гісторыю раёна.
У 2025 годзе сельгасарганізацыі раёна па стане на 1 верасня намалацілі 70 315 тон збожжа – 111,4 працэнта да аб’ёму на 1 верасня 2024 года – плюс 7,2 тысячы тон.
Агульны намалот збожжа з улікам кукурузы і рапсу чакаецца ў бягучым годзе 100–103 тысячы тон.
І гэта азначае, што леташні раённы рэкорд за ўсю гісторыю статыстычных даных у аб’ёме 100,6 тысячы тон будзе абноўлены!
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.








