«Самы круты понт – гэта сям’я». У гэтым перакананы ляхавічанін Іван Негарожын

Сям’я ляхавічан Івана і Дзіяны Негарожыных сваім ладам жыцця пацвярджае, што нараджэнне дзіцяці – гэта пачатак новай і яркай гісторыі. Маладыя бацькі не паставілі на паўзу свае захапленні, проста сын Мацвей сёння прымае ў іх самы непасрэдны ўдзел. Быць актыўнымі – значыць быць уважлівымі да кожнага кроку, новага гуку і слова, якія дорыць ім дзіця ў сваіх бясконцых «вандраваннях» па вялікім свеце, – такую формулу выпрацавала для сябе сям’я.
Гісторыя знаёмства Івана і Дзіяны Негарожыных пачалася ў сацыяльных сетках, працягнулася, калі Дзіяна ўжо вучылася ў педкаледжы, а Іван працаваў выратавальнікам-пажарным у Нясвіжы. Сяброўства праз нейкі час прывяло да прыгожага вяселля. У сям’і ёсць свой кодэкс шчасця, у якім вялікімі літарамі пазначана: не трымаць адзін на аднаго крыўду, шукаць кампраміс і ўмець рабіць першы крок.
– Марылі нарадзіць сабе вялікае шчасце. І яно ў нас з’явілася больш за год назад – любімы сынок Мацвейка. Хвалявалася ў раддоме,
каб хаця ж не пераблыталі майго Мацвейку з чужым дзіцём. А калі прынеслі карміць, то адразу пазнала. Ён копія свайго бацькі, – дзеліцца маладая мама.
Актыўнасці Негарожыных можна па-добраму пазайздросціць. Яны прымаюць удзел у разнастайных марафонах і сямейных забегах, едуць на веласіпедах, катаюцца на лыжах-каньках, плаваюць у басейне, сплаўляюцца на байдарках.
Так, летась Мацвей, якому было тры месяцы, разам з бацькамі прыняў удзел у першым у сваім жыцці забегу – на «Ляхавіцкіх мілях дабра» праехаў у калясцы. Сёлета самаму юнаму бегуну «Ляхавіцкіх міляў» споўніўся год і тры месяцы. Гадавалы Мацвей ганяў мяч і падчас сямейнага фестывалю «Мама, тата, я – футбольная сям’я».
Многія ведаюць Негарожыных і як актыўных ціктокераў, якія
вядуць свой блог. У Дзіяны больш за 6 000 падпісчыкаў. Іван ў дапамогу жонцы, але аматараў яго відэагісторый таксама нямала –
каля 2 000. Актыўнасць у сацсетках пачалася з дэкрэта Дзіяны, якая выкладвала відэаролікі пра падрыхтоўку да родаў, дзялілася парадамі, і аўдыторыя пачала адгукацца. Так з’явіліся гісторыі пра будныя дні звычайнай сям’і, якая жыве ў невялікім горадзе.
– Мы вельмі любім наш горад. Тут утульна і камфортна. Усё ў крокавай даступнасці, і ўсе родныя побач. І гэта вельмі спрашчае многія праблемы, – адзначаюць Негарожыны.
Нядаўна ў Івана і Дзіяны з’явіўся яшчэ адзін сямейны праект – дача, уладкаваннем якой яны таксама займаюцца разам.
– Без сумеснага правядзення часу трывалыя адносіны пабудаваць цяжка. У мінулым засталася мадэль сям’і, у якой жонка гадуе дзіця, а муж – здабытчык. Сёння маладыя людзі стараюцца знаходзіць час і сілы пабыць разам, – разважаюць маладыя бацькі.
Іван дзеліцца, што гадаваўся без бацькі, і зараз стараецца як мага больш часу праводзіць разам з сынам. Бацькоўства – гэта не абавязак, а прывілея, сцвярджае малады бацька і лічыць новы статус лепшай роляй ў сваім жыцці.
– Лічу, што важна любіць і быць любімым. І ў адданасці дзецям прыклад для мяне – мой цесць. Аляксандравіч многаму навучыў і мяне. Буду вучыць сына быць добрым і сумленным чалавекам, –
дзеліцца Іван, які любіць расказваць сыну пра сваю службу і марыць, што некалі і Мацвей пойдзе па яго слядах. Іван Негарожын –
начальнік дзяжурнай змены ПАВЧ № 1 і лічыць, што служба ў РАНС для сапраўдных мужчын.
У маладых бацькоў за два гады сямейнага жыцця з’явіліся цудоўныя традыцыі, сярод якіх сумесныя паездкі, бліны з мачанкай па выхадных і, канешне, здаровы лад жыцця. Іван з’яўляецца і трэнерам па тэнісе.
У подпісе да аднаго з відэаролікаў у TikТоk, дзе ў галоўнай ролі Мацвей, малады бацька змясціў такія словы «Самы круты понт – гэта сям’я». І растлумачэнне: мець моцную і шчаслівую сям’ю – самая вялікая і рэдкая раскоша, якая патрабуе намаганняў, але прыносіць значна больш каштоўнасцяў, чым матэрыяльныя выгоды.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.




















