Вынік, ды пакуль не той? Колькі малака і якой якасці трэба надаіць даяркам на Альхоўскай ферме, каб атрымаць добрую зарплату?

Сёння ў Альхоўцах самае адметнае і люднае месца — малочнатаварная ферма. Яна яшчэ і “хлебнае”месца, бо працаўладкавацца ў вёсцы не вельмі лёгка. На МТФ утрымліваецца 286 кароў, якія раздзелены на 4 групы. Працуе 5 даярак, улічваючы падменную. Тут жа — цялятнік для вырошчвання нованароджанага маладняку і група адкорму. Карацей, самая звычайная ферма. Пабываць іменна на ёй падштурхнула тое, што часта гэта МТФ згадваецца як адстаючая, і ўжо шмат гадоў там без перамен.

Летась на Альхоўскай МТФ ад кожнай каровы надаілі па 3161,6 кілаграма малака (па ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” у сярэднім 3900), таварнасць прадукцыі склала 87,8 працэнта. На 100 кароў атрымана 57 цялят. Апошні паказчык асабліва ”ўразіў”: работа па аднаўленні статка, якая значна ўплывае на вытворчасць малака, зведзена практычна да нуля.

На “жыгулях” даехаць да МТФ не проста: каляіны, балота – да самых дзвярэй малочнага блока. Без гумавых ботаў не абысціся і работнікам, якім даводзіцца цёмнымі ранкамі і вечарамі абыходзіцца яшчэ і без асвятлення – лямпачка ў ліхтары перагарэла, і ніхто не спяшаецца яе замяніць. Загадчыца МТФ Валянціна Казлова расказала пра нялёгкую работу даярак, даглядчыкаў, маўляў, стараюцца, а вынікаў асаблівых няма.

Пачала з таго, што ў малочным статку шмат нізкапрадукцыйных кароў.

— Уявіце сабе: мы толькі нядаўна пазбавіліся ад тых рагуль, якія нам некалі дасталіся пры расфарміраванні племзавода “Ганчароўскі”. Якая тут прадукцыйнасць…

Расказвае, што спрабавалі на ферме самастойна выгадаваць цялушак, каб пасля ўвесці ў статак. Але іх забіралі на іншыя фермы, дзе, на думку кіраўніцтва райаграсэрвісу, справы былі яшчэ горшымі. Загадчыца не адмаўляе, што слаба наладжана работа па аднаўленні статка. Ферма працуе па-даўнейшаму: не выдзелены сухастой, пра тое, што ён павінен быць раздзелены на тэхналагічныя групы і забяспечаны адпаведна распрацаванымі рацыёнамі кармлення, наогул размовы няма.

“Рэвалюцыйнымі” палічылі жывёлаводы перамены, якія ў іх адбыліся пасля рэканструкцыі кароўніку, калі жывёлу паставілі на беспрывязнае ўтрыманне, а кармы стаў раздаваць “Хозяин”. Даяркі, якія раней 6 разоў на дзень павінны былі навязаць-развязаць кожную карову, пасля накарміць, прыбраць стойлы, цэлымі днямі прападалі на ферме.

— Цяпер і мы хоць крыху ўздыхнулі, — расказвае загадчыца МТФ, — бо даярак у нас і так мала, гэта адна з нашых праблем…

Працуюць дзве пенсіянеркі, якіх і замяніць няма кім. Рабіліся спробы знайсці кадры: па запрашэнні прыехала маладая пара – яна даярка, ён даглядчык. Але пратрымалася жанчына да першай зарплаты, а пасля запіла і, у рэшце рэшт, з’ехала з вёскі. Такая заганная з’ява як захапленне спіртным уласціва некаторым тутэйшым работнікам і вельмі перашка-джае справе.

Між іншым, даяркі Ірына Варажэўская і Ірына Прыхач – старанныя і адказныя. І, яшчэ, як адзначае Валянціна Казлова, калі б не заатэхнік Юрый Карповіч, які ўжо 20 гадоў працуе ў жывёлагадоўлі і дасканала ведае ўсе тонкасці гэтай справы, напэўна, нявырашаных пытанняў было б значна больш. І днём, і ноччу ён па выкліку едзе на ферму, не лічыцца з асабістым часам, не дзеліць работу на сваю і чужую.

Сёлета, нарэшце, выдзелілі на ферму для аднаўлення статка 72 цялушкі. Пасля расцёлаў групу прыняла Ірына Прыхач, выдатна раздаіла, што адразу паўплывала на агульныя паказчыкі: пачаўся год з важкай прыбаўкі, ад кожнай каровы цяпер штодзень надойваюць па 10,4 літра малака (а раней – 7,2), на малаказавод адпраўлена яго 85 тон пры тлустасці 3,9 працэнта. Па словах загадчыцы фермы, калектыў працуе і над атрыманнем малака вышэйшага гатунку. Пакуль што праблема не вырашана. Кантрольныя дойкі, якія на ферме право-дзяцца рэгулярна і ў час якіх адбіраюцца спецыяльныя пробы, паказваюць павышанае ўтрыманне саматычных клетак. Гэта значыць, што здароўе жывёлы павінна быць пад кантролем, і эканоміць тут на леках нельга. А яшчэ патрэбна працягваць выбракоўку кароў і ўводзіць у статак маладых высокапрадукцыйных жывёл.

У пачатку года павялічылася таварнасць малака і склала 93 – 94 працэнты. Паказчык дасягнуты дзякуючы таму, што з лістапада мінулага года цяляты выпойваюцца спецыяльнай сумессю для маладняку. Ды і прывагі сталі больш важкімі: з пачатку года кожнае цяля прыбывае за суткі у сярэднім па 900-1100 грамаў. Стараюцца цялятніцы Ганна Гурыновіч, Тамара Коршун, Таццяна Сяргей, Марына Маслоўская, Таццяна Мішкевіч.

На пытанне, што трэба, каб паспяховы старт меў такі ж працяг, загадчыца фермы адказала: больш увагі ўдзяляць людзям. У вёсцы жыве шмат моладзі, але працаваць на ферме асабліва не імкнуцца. Здавалася б, і жыллё будуецца. А вось умовы працы патрабуюць перамен. На ферме ёсць раздзявалка для жывёлаводаў і душавая, але хацелася б мець пральную машыну для мыцця спецадзення. Ніхто не адмяняў патрабаванне падтрымліваць у належным санітарным стане ферму і тэрыторыю, зрэшты, гэта таксама адзін са складальнікаў атрымання якаснай прадукцыі.

Другое пытанне – аплата працы. Каб яна падрасла, трэба забяспечыць рост вытворчасці. Іншымі словамі, зарплату трэба зарабіць. І ўлічыць “дробязі”, якія адбіваюцца на выніках. На першы погляд, другараднае пытанне: салому для падсціланне кароў склалі ў сцірты не ля фермы, а на палях. Цяпер, каб падаслаць жывёлу (а гэта робіцца тут праз дзень), трэба ехаць за некалькі кіламетраў. То паліва няма, то дарогу развезла – усё не на карысць справе. Прыкладна па такім сцэнарыі ўзяліся тут будаваць дарогу да новага комплексу: спраектавалі так, што замест паўтара кіламетра, калі напрамкі, высыпаюць акольнымі шляхамі – утрая даўжэйшую. Але гэта ўжо іншая гісторыя.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *