Стабільнасць – добрая прыкмета. Жывёлагадоўля Ляхавіцкага раёна дэманструе дынамічнае развіццё

Як мінімум увесь мінулы і вось ужо тры кварталы бягучага года жывёлагадоўля раёна дэманструе дынамічнае развіццё. Паляпшаюцца ключавыя паказчыкі вытворчасці, узводзяцца і даводзяцца рамонтам да сучасных патрабаванняў аб’екты і памяшканні, узбагачаецца кармавы стол жывёлы. А стабільнае развіццё і ёсць прыкмета прафесіяналізму ляхавіцкіх аграрыяў.

Адной з надзённых задач жывёла-гадоўлі ў другой палове восені з’яўляецца завяршэнне падрыхтоўкі памяшканняў да работы ва ўмовах халоднай пары года. І калі ад пытання з адсутнасцю свежай травы можна абстрагавацца па прычыне нязначнасці, магчымасці роўнай замены (наогул, усё ідзе да таго, каб зімовы і летні рацыён жывёлы выраўняць і зрабіць максімальна ўсесезонным), то холад
не цётка. І абараніць фермы ад яго пранікнення – азначае паклапаціцца пра здароўе і, адпаведна, прадукцыйнасць статкаў. Як расказаў першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Васілій Пыжык, асабліва актуальным данае пытанне з’яўляецца для жывёлагадоўчых памяшканняў старога тыпу. Іх усё менш застаецца ў сельгаспрадпрыемствах раёна, аднак пакуль яны ёсць. І каб працу такіх фермаў не падмарозіла зіма, неабходна правесці рэвізію «худых» месцаў і комплекс падрыхтоўчых мерапрыемстваў. Напрыклад, уцяпліць дзвярныя праёмы, адрамантаваць вокны, праверыць на функцыянал ва ўмовах мінусавых тэмператур сістэмы водапаення. На сучасных малочнатаварных комплексах рэкамендуецца яшчэ пратэсціраваць сістэмы ацяплення, закрыццё-адкрыццё аконных праёмаў, гарантаваць падагрэў вады ў ёмістасцях для паення. Важнае значэнне мае спраўнасць прытокавай і выцяжной вентыляцыі. У памяшканнях неабходна падтрымліваць пастаянны абмен паветра, пры гэтым ніякіх скразнякоў –
нагадвае знаёмую кожнаму жывёлаводу ісціну Васілій Пыжык.
Ужо як мінімум з канца 2023 – пачатку 2024 года жывёлагадоўля Ляхавіцкага раёна рухаецца з павелічэннем валавой вытворчасці малака. Напрыклад, у студзені 2024-га тэмп яе росту склаў
14 працэнтаў у параўнанні з аналагічным папярэднім перыядам. Прыкладна з такім жа тэмпам нашы жывёлаводы працягваюць рухацца і ўсе гэтыя два дзясяткі месяцаў. Вал ляхавіцкага малака па выніках сёлетняга верасня склаў больш за 61 тысячу тон і перавысіў верасень-2024 амаль на 15 працэнтных пунктаў. Удойнасць сярэдняй раённай каровы склала амаль 5 500 кілаграмаў. І гэта нягледзячы на тое, што адзін з лепшых малакавытворцаў раёна ЗАТ «Белпрампрыбор» «адскочыў» больш як на 460 кілаграмаў. Значыць, прыбавілі іншыя нашы сельгаспрадпрыемствы. У параўнанні з леташнім вераснем ААТ «Жарабковічы» ад кожнай каровы атрымала на 837 кілаграмаў малака больш, прыбаўка ААТ «Шлях новы» склала 816 кілаграмаў, ААТ «Нача» – больш за паўтоны.
Апошні час па-добраму здзіўляла СУП «Ліпнянка». Па выніках сакавіка 2024 года вал малака ў «Ліпнянцы» павялічыўся ў 5,8 раза ў параўнанні з сакавіком папярэдняга года, у сёлетнім верасні тэмп росту склаў у параўнанні з леташняй базай 160 працэнтаў. Што ў цэлым нядрэнна, але ж гэта працэнты, не нядаўнія разы. А ўдойнасць сярэдняй каровы ў тым жа параўнанні вырасла толькі на 14 кілаграмаў.
– Гэтаму ёсць лагічнае тлумачэнне. Каля трэці кароў «Ліпнянкі» на працягу мінулых жніўня – верасня знаходзіліся ў запуску. Ужо ў бягучым месяцы пачнуцца расцёлы і, як лагічна меркаваць, адбудзецца рост удойнасці і адпаведна валавой вытворчасці малака, – тлумачыць начальнік райсельгасхарчу.
Сказанае ў адрас жывёлагадоўлі СУП «Ліпнянка» можна дапоўніць і напамінам пра тое, што прадпрыемства працягвае рэканструяваць сваю чарговую малочнатаварную ферму. З завяршэннем будаўнічых работ на МТФ «Востраў» з’явіцца сучасная даільная зала, з нуля будзе ўзведзены адзін кароўнік, яшчэ некалькі плануецца глыбока рэканструяваць.
Гэтым часам сельгаспрадпрыемствы Ляхавіччыны працягваюць фарміраваць свае кармавыя запасы за кошт кукурузы. Папаўняюцца і зерневыя, і сіласныя склады гаспадарак. У фінішных планах аграрыяў мець 35 цэнтнераў кармавых адзінак травяністых кармоў на ўмоўную галаву. Па факце гэты паказчык пакуль набліжаецца да лічбы 34.

Іван КАВАЛЕНКА.