Калі дарога – прафесія. У апошнюю нядзелю кастрычніка дарожнікі адзначаюць сваё прафесійнае свята. З чым да яго падышоў калектыў Ляхавіцкага ДРБУ-200 КУП «Брэстаблдарбуд»?

Раённы выканаўчы камітэт і раённы Савет дэпутатаў віншуюць
з прафесійным святам – Днём аўтамабіліста і дарожніка –калектывы і ветэранаў дарожных службаў і аўтапрадпрыемстваў.

ФАКТ

84 кіламетры дарог у раёне адрамантавала за пяць гадоў ДРБУ-200 бягучым і капітальным рамонтам. Сума ўкладзеных сродкаў дасягнула 19 мільёнаў рублёў.

Максім Муха, начальнік ДРБУ-200:

– Асноўным відам нашай дзейнасці з’яўляецца бягучы і капітальны рамонт аўтамабільных дарог. Акрамя гэтага, ДРБУ-200 выступае падрадчыкам выканання тых ці іншых дарожных работ. Гэта нашы работнікі заасфальтавалі сёлета 17 вуліц і завулкаў райцэнтра. За кожнай вытворчай лічбай – напружаная праца, раннія пад’ёмы і вялікая адказнасць. Выпадковых людзей сярод дарожнікаў няма. І гэта пацвярджае кадравы факт: палова працаўнікоў ДРБУ-200 мае стаж больш за 20 гадоў!
З прафесійным святам, паважаны калектыў! Няхай кожная адрамантаваная дарога, кожны кіламетр асфальту і кожны задаволены погляд жыхароў стануць нашай самай важкай узнагародай.

За дзесяцігоддзі дзейнасці калектыў ДРБУ-200 пакінуў нямала дарожных аўтографаў у вёсках і аграгарадках, на аўтадарогах, што злучаюць паміж сабой населеныя пункты.

Сёння на балансе ДРБУ-200 больш за 613 кіламетраў аўтамабільных дарог і вуліц населеных пунктаў. Значная колькасць транспартных артэрый раёна сёлета набыла новы выгляд. Агульная працягласць адрамантаваных участкаў з уладкаваннем дарожнага ці гравійнага пакрыцця склала каля 19 кіламетраў. І гэта без уліку ямачнага рамонту. Укладзена каля 25 000 тон асфальту. Узведзена пяць новых пляцовак на прыпыначных пунктах грамадскага транспарту з устаноўкай аўтапавільёнаў, а на сямі зроблена пераўладкаванне. Сухія факты не раскрываюць цудоўнага настрою ад аўтамабільнай паездкі па дарозе Ляхавічы – Крывошын – Свяціца. На аўтадарозе Ганчары – Куршынавічы – Ганцавічы гравійка заменена на асфальт, які злучыў раёны-суседзі. Бягучы рамонт зроблены і на ўчастках дарогі Краглі – Падлессе, Ляхавічы – Дамашы, пад’ездзе да Дарава-Чыж ад аўтадарогі Ляхавічы – Баранавічы і г. д.
Дарожная «перазагрузка» адбылася ў Русінавічах перад «Дажынкамі». Зараз надышла чарга абнаўлення аўтадарогі Ляхавічы – Сваятычы, дзе ўжо ўкладзены асфальт на ўчастку працягласцю два з паловай кіламетры. Аб’ект будзе ўведзены ў эксплуатацыю ў наступным годзе, калі заасфальтуюць астатнія 2,6 кіламетра.
Праца калектыву ДРБУ-200 – значны ўклад у развіццё інфраструктуры раёна, стварэнне камфортных умоў і забеспячэнне бяспекі дарожнага руху. Ёсць чым пахваліцца і за пяцігодку вытворчай дзейнасці. Нямала аўташляхоў набыло новае жыццё. У 2020 годзе раёнка пісала: «ДРБУ-200 завяршыла асфальтаванне 4,6 кіламетра дарогі Ляхавічы – Перахрэсце, 900 метраў дарогі Грушаўка – Пашкоўцы, вуліцы Савецкай у аграгарадку Падлессе, вуліцы Лермантава ў Флер’янове. Вядзецца заключны этап асфальтавання на двухкіламетровым участку ў вёсцы Рачканы». З-за тунэля, які праходзіў пад чыгункай, у Зарэчча не мог праехаць буйнагабарытны транспарт. І гэта стварала шэраг праблем. Дзякуючы дарожнікам у вяскоўцаў з’явіліся 700 метраў новай дарогі і пераезд. Работы вяліся з верасня 2024 года па чэрвень 2025 года.
Летась у вёсцы Літве «апранулася» ў асфальт больш за паўкіламетра вуліцы Леніна. Новае пакрыццё з’явілася і ў Начы на ўчастках вуліц 60 гадоў Савецкай Улады і Спартыўнай. У Малым Падлессі цалкам «пераапрануліся» з гравійнага пакрыцця на асфальтавае вуліцы Царкоўная і Надрэчная. У 2023 годзе зроблена пераўладкаванне моста за вёскай Сваятычы. Кошт работ склаў амаль 1,5 мільёна рублёў. Абноўлена і дарога паміж вёскамі Задвор’е і Набярэжнай. І гэта толькі кропкавыя факты дарожнай мадэрнізацыі Ляхавіччыны.
Адметнасць Ляхавіцкага ДРБУ-200 – развіццё ўласнай вытворчасці. 11 гадоў назад тут быў уведзены ў эксплуатацыю міні-завод па выпуску тратуарнага борта і пліткі. Сёння ляхавіцкія вырабы набываюць усе дарожныя службы Брэстчыны. У год міні-завод выпускае сем тысяч «квадратаў» тратуарнай пліткі. За пяцігодку – каля 30 000 квадратных метраў пліткі.
У штодзённай працы не абысціся без добрай тэхнікі, аўтапарк якой у ДРБУ-200 налічвае не менш за паўсотні адзінак. Летась набыты самазвал і трактар.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.