Маю гонар быць міліцыянерам. Ветэранская арганізацыя былых супрацоўнікаў Ляхавіцкага РАУС дзейсная і ініцыятыўная

Ветэраны РАУС Анатолій Ушко, Генадзій Савасцюк, Леанід Стрыгельскі, Святлана Карнілава, Віталій Андрушкевіч, Аляксандр Азімка.

Пра тое, як было ў самым пачатку, калі райаддзел міліцыі фарміраваўся, сёння раскажуць хіба што скупыя радкі гістарычнай хронікі. На жаль, далёка не ўсе прозвішчы піянераў правапарадку занатаваны і не ўсе лёсы помняцца. Але тое, што адным з першых начальнікаў РАМ быў Іларыён Важнік, вядома дакладна. Як вядома і тое, што ў маі 40-га пры выкананні службовых абавязкаў загінуў міліцыянер Васіль Петрашэвіч; што ўсю вайну гераічна прайшоў Іван Бярэзін (кавалер ордэнаў Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны, узнагароджаны шматлікімі медалямі), які пазней быў адным з кіраўнікоў Ляхавіцкага РАУС і які пахаваны на праваслаўных могілках нашага райцэнтра; што ў партызанскіх атрадах змагаліся П. Барбялюк, М. Аўсянік, П. Зямноў, К. Піліпчук, М. Жукаў, В. Маргуноў, Е. Маркевіч, А. Бурынскі і іншыя, хто таксама граміў фашыстаў, а пазней апрануў міліцэйскую форму.

Легендай Ляхавіцкага РАУС быў участковы Барыс Казлоў – мусіць, немагчыма быць больш аўтарытэтным чалавекам, міліцыянерам, чым ён — сапраўдны мясцовы “Аніскін”. Да сёння з павагай сталыя землякі ўспамінаюць былога начальніка РАУС Фёдара Лакішыка, былога намесніка начальніка Івана Дарашэнку і іншых іх калег. Асаблівая старонка гераічнай гісторыі нашай міліцыі звязана з барацьбой з бандытызмам на тэрыторыі раёна пасля вызвалення яго ад фашысцкай акупацыі, і імёны загінуўшых міліцыянераў Яўгенія Нікіціна, Сяргея Лагуты, Віктара Глінскага, Івана Асоса, Івана Аношкі сталі сімвалам мужнасці, непахіснасці, вернасці службоваму абавязку…

У іх, першых, каму заўсёды найбольш цяжка і складана, былі і ёсць дастойныя паслядоўнікі. Але гэта ўжо іншая, больш мірная гісторыя (хаця ў дачыненні міліцэйскай службы заўсёды ёсць падставы гаварыць пра небяспечнасць, рызыку жыццём). Праўда, і ў ёй, у гэтай гісторыі, у некаторых былі ваенныя старонкі – як у аднаго з былых начальнікаў райаддзела Генадзія Каняева, начальніка аддзялення крымінальнага вышуку Генадзія Савасцюка, іх калегі Генадзія Лойкі, каму давялося прайсці праз Афганістан…

Усе яны годна вытрымалі выпрабаванне на права  міліцыянерам звацца, міліцыянерам быць.

Сёння яны ветэраны органаў унутранных спраў.
А, здаецца, яшчэ зусім нядаўна служылі ў розных падраздзяленнях Ляхавіцкага РАУС, стаялі на варце спакою землякоў, ахоўвалі правапарадак. У мінулым засталіся расследаванні злачынстваў і пошук прапаўшых людзей, дзяжурствы і вучэнні.
Ветэранская арганізацыя былых супрацоўнікаў РАУС (зараз яе ўзначальвае Іосіф Зубік) надзвычай дружная, дзейсная і ініцыятыўная.
Ветэраны частыя госці ў сваіх маладых калег. Ім ёсць што ўспомніць. Ім – слова:

Сяргей ЗАНЬКО, падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы, былы старшы следчы:
—У 1968 годзе пасля заканчэння сярэдняй школы міліцыі па накіраванні прыехаў у Ляхавічы. 15 гадоў працаваў у крымінальным вышуку, быў начальнікам аддзялення. Потым перайшоў у следства, дзе служыў да 1995 года. Начныя выклікі на здарэнні, амаль што паходныя ўмовы працы і бадай самая галоўная нязручнасць – адсутнасць транспарту: адзіны аўтамабіль — у начальніка. Мы ўсе вучыліся ва Уладзіміра Пархомчыка, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны. Прыкладам для пераймання былі Іван Шпак, Яўгеній Булаты. Людзі ставіліся да міліцыянераў з павагай. Дапамагчы следству лічылася абавязкам, добрай справай.
Генадзій САВАСЦЮК, падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы, былы першы намеснік  начальніка:
— Яшчэ калі выконваў інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане, вырашыў: вярнуся да мірнага жыцця — пайду служыць у міліцыю. Закончыў сярэднюю спецыяльную школу міліцыі і з 1984 па 2001 год працаваў у крымінальным вышуку, у адным аддзеле прайшоў шлях ад лейтэнанта міліцыі да падпалкоўніка.
Гэта цяпер у следчых і крыміналістаў пад рукой камп’ютары, мабільнікі, а раней – ручка, блакнот, логіка, інтуіцыя, надзейнае плячо калег – і ўперад рэйсавым аўтобусам. Першымі памочнікамі заўсёды былі ўчастковыя міліцыянеры. Дапамагалі і грамадзяне. Працавалі ў цесным узаемадзеянні са старшынямі калгасаў і сельсаветаў. Раскрылі сотні крымінальных спраў. Многія памятаю і сёння. Напрыклад, тое, калі быў учынены разбойны напад на дом у адной з вёсак нашага раёна. Усе супрацоўнікі, і не толькі крымінальнага вышуку, літаральна без сну працавалі над гэтай справай. Дзясяткі апытаных сведкаў, некалькі версій… Злачынцаў знайшлі, завадатара банды суд прыгаварыў да вышэйшай меры пакарання.
У аддзеле служылі сапраўдныя прафесіяналы: Аляксандр Бортнік, Іван Варатынец, Іван Шпак — якіх цяпер ужо, на жаль, няма ў жывых. Заўсёды прыкладам добрасумленных адносін да справы былі і застаюцца Генадзій Каняеў, Эдуард Максімчык, Фёдар Улезла і многія іншыя.
Святлана КАРНІЛАВА, маёр міліцыі ў адстаўцы, былы начальнік аддзялення па грамадзянстве і міграцыі:
— Мой міліцэйскі стаж – 30 гадоў. Са школы марыла працаваць следчым. Пасля некалькіх гадоў работы ў Баранавічах, перавялася ў Ляхавіцкі райаддзел. Яго ўзначальваў вельмі прыстойны чалавек, адукаваны спецыяліст Генадзій Каняеў, які прайшоў Афганістан. Следчай групай (у яе ўваходзілі я і Іван Ладыга) кіраваў Сяргей Занько.
Мне заўсёды шанцавала на добрасумленных і адказных калег. І калі ўзначальвала следчую групу (дарэчы, у пачатку 90-х гадоў следчае аддзяленне ў рэспубліцы заняло другое месца), і калі з 1993 па 2008 год кіравала аддзяленнем па грамадзянстве і міграцыі.
Светла і ўдзячна ўспамінаю Веру Пятрову – маю папярэдніцу ў АГІМе. З пашпартысткамі Кацярынай Мацюх, Наталляй Казакевіч і інспектарам Валянцінам Якубцом пачыналі выдачу першых пашпартоў грамадзян Рэспублікі Беларусь. Па выніках пашпартызацыі аддзяленне заняло першае месца ў вобласці.
Леанід СТРЫГЕЛЬСКІ, падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы, былы намеснік начальніка:
—Самай важнай і значнай у прафесійнай біяграфіі лічу работу ўчастковага інспектара. Працаваў участковым у мясцінах, дзе нарадзіўся і вырас. Землякі ставіліся паважліва і з разуменнем. Участак быў немалы – 24 вёскі.
Прыкладам у прафесійнай дзейнасці для мяне стаў колішні начальнік міліцыі Фёдар Грынько. Менавіта пры ім я рабіў першыя крокі ў праваахоўных органах. Фёдар Кандрацьевіч быў патрабавальным да падначаленых, але ніколі не ўспамінаў і не папракаў пралікамі і памылкамі. Казімір Хрол – яшчэ адно вельмі дарагое для мяне імя. Старшы дзяжурны па РАУС узяў мяне пад крыло, калі я стажыраваўся ў ”дзяжурцы”. Пасля я ўзначальваў аддзяленне прафілактыкі.
Уладзімір Занько, Уладзімір Тадра, Іван Дубіна, Іван Ярома, Васілій Багдановіч доўгі час верай і праўдай працавалі вясковымі ўчастковымі. У горадзе адказна і добрасумленна забяспечваў грамадскі парадак Міхаіл Ілюкевіч. Прыгадаю і Мікалая Каляду і многіх іншых. У свой час узначальваў РАУС Фёдар Дамарад.
Кожная прафесійная прыступка прыносіла пэўны і неабходны вопыт. І заўсёды побач былі калегі, якія падкажуць, параяць і дапамогуць.

Вольга БАРАДЗІНА, Галіна КАНЬКО, Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *