Прышчэпка плюс супрацьвірусны этыкет
Пік ВРІ традыцыйна чакаецца ў студзені – лютым. А пакуль самы час прайсці вакцынацыю і атрымаць высокі шанц пазбегнуць каварнай інфекцыі. Прышчэпка – найбольш бяспечны і эфектыўны спосаб абараніцца ад грыпу.
Імунітэт пасля вакцынацыі фарміруецца на працягу 7–21 дня і трымаецца да 6–12 месяцаў. Аптымальны час для прышчэпкі – кастрычнік –лістапад. Канешне, гарантыю не захварэць на 100 працэнтаў не дае ніводны прэпарат. Калі ўсё ж віруса не ўдалося пазбегнуць, у прышчэпленага хвароба будзе працякаць у лёгкай форме і без ускладненняў.
У Ляхавіцкім раёне бясплатна вакцынавана 10,5 працэнта насельніцтва трохкампанентнай вакцынай «Грыпол плюс» (вытворчасці Расіі).
Медыкі раяць у першую чаргу прышчапіцца супраць грыпу тым, хто ўваходзіць у групу рызыкі: дзеці ад шасці месяцаў да трох гадоў, навучэнцы, дарослыя з хранічнымі захворваннямі дыхальнай, сардэчна-сасудзістай, эндакрыннай сістэм, маюць парушэнні функцый нырак, асобы старэйшыя за 65 гадоў, цяжарныя, работнікі ўстаноў адукацыі, аховы здароўя, грамадскага харчавання, сферы абслугоўвання і іншыя катэгорыі.
Неабходна прытрымлівацца элементарных правілаў, асабліва ў перыяд павышанага захворвання ВРІ, грыпам і каранавірусам. Пазбягайце шматлюдных месцаў ці скараціце сваё месцазнаходжанне ў іх. Захоўвайце дыстанцыю не менш за 1,5–2 метры адзін ад аднаго. Не забывайце пра гігіену рук: часцей мыйце іх з мылам ці выкарыстоўвайце сродкі дэзынфекцыі на спіртавой аснове. Захоўвайце рэспіраторны этыкет (трэба прыкрываць рот і нос насоўкай, калі чхаеце ці кашляеце, не датыкацца рукамі да носа, рота, вачэй). Трэба сістэматычна праветрываць кватэры і рабочыя памяшканні, па магчымасці больш бываць на свежым паветры; не забываць і пра рацыянальнае харчаванне, вітаміны ў рацыёне, агародніну, садавіну і г. д. Вядзіце здаровы лад жыцця – паўнацэнны адпачынак і харчаванне, аптымальная фізічная актыўнасць.
Усё гэта дапаможа мінімізаваць сустрэчу з разнастайнымі віруснымі інфекцыямі.
Леанарда ШЫНГЕЛЬ,
памочнік урача-эпідэміёлага райЦГіЭ.

