Па прынцыпе справядлівасці. Як разлічваецца плата за жыллёва-камунальныя паслугі для грамадзян, не занятых у эканоміцы

Кастрычнік прынёс істотныя змены ў жыроўкі пэўнай катэгорыі грамадзян. Некаторых, у тым ліку нашых землякоў, яны агарошылі сумамі. Самыя значныя змяненні датычаць грамадзян, не занятых у эканоміцы.
Пастановай Савета Міністраў № 465 «Аб разліках у сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі», якая ўступіла ў сілу з 1 кастрычніка 2025 года, зацверджана Палажэнне аб парадку разлікаў і ўнясення платы за жыллёва-камунальныя паслугі, паслугі па кіраванні агульнай маёмасцю сумеснага домаўладання і платы за карыстанне жылымі памяшканнямі дзяржаўнага жылфонду, кампенсацыі расходаў на электраэнергію, а таксама парадку пераразліку за некаторыя віды камунальных паслуг і іх спынення (аднаўлення).
– У дакуменце акрэслены змяненні, што тычацца грамадзян, не занятых у эканоміцы. Калі плацельшчык ЖКП уключаны ў спіс грамадзян, не занятых у эканоміцы, і з’яўляецца уласнікам кватэр (незалежна ад іх колькасці), плата за камунальныя паслугі (гарачае вода-, цепла-, газазабеспячэнне) будзе разлічана па павышаных тарыфах адносна ўсіх жылых памяшканняў такіх грамадзян і на ўвесь аб’ём спажытай паслугі. Для параўнання: да 1 кастрычніка 2025 года павышаныя плацяжы налічваліся ў тым выпадку, калі грамадзянін быў зарэгістраваны ў сваёй кватэры, і разлічваліся ў залежнасці ад колькасці сумесна зарэгістраваных з ім іншых грамадзян, – адзначае старшыня райсавета дэпутатаў, старшыня пастаянна дзеючай камісіі па садзейнічанні занятасці насельніцтву Ляхавіцкага раёна Юрый Чаранкевіч.
Як падкрэсліў старшыня камісіі, такія меры закліканы падштурхнуць непрацуючых грамадзян, а таксама тых, хто атрымлівае «шэрыя зарплаты», да афіцыйнага працаўладкавання. Дзяржаўныя субсідыі на жыллёва-камунальныя паслугі накіроўваюцца ў першую чаргу менавіта тым, хто сваёй працай уносіць уклад у развіццё розных галін эканомікі нашай краіны. І гэта справядліва.
Галіна КАНЬКО.

