На Ляхавіччыне па выніках дзесяці месяцаў колькасная перавага за хлопчыкамі. Расказваем падрабязна

За 10 месяцаў 2025 года на Ляхавіччыне зарэгістравана 87 нараджэнняў, з якіх 54 – у горадзе.

Невялікая колькасная перавага за хлопчыкамі – іх 44, дзяўчынак – 43. Бягучы год адзначыўся і нараджэннем двойні, расказала «ЛВ» начальнік аддзела загса райвыканкама Вольга Новік.
Першынец нарадзіўся ў 26 сем’ях, другое дзіця – у 29, трэцяе – у 19, чацвёртае – у 10, пятае – у двух, а ў адной сям’і – шостае дзіця.
Па інфармацыі аддзела загса, сярэдні ўзрост маці – 29 гадоў, бацькі – 30 гадоў.
Самымі юнымі былі 19-гадовы бацька і 18-гадовая маці. Сёлета бацькамі сталі і 44-гадовыя жыхары Ляхавіччыны.

Найбольш папулярныя ў 2025 годзе дзявочыя імёны – Аліна, Васіліса, Ясенія, Міраслава, Паліна. Самыя рэдкія імёны, якімі называлі дзяўчынак, – Аміра, Дзінара, Каталіна, Меліса, Моніка. У хлопчыкаў самыя папулярныя імёны – Цімафей, Уладзіслаў, Мацвей, Арсеній, Багдан. Сярод юных землякоў і ўладальнікі рэдкіх імёнаў – Дамір, Майк, Назар, Ратмір і Эмір.
90 пар прынялі адно з важных рашэнняў свайго жыцця – сталі сям’ёй, 77 з іх атрымалі пасведчанні аб заключэнні шлюбу ў аддзеле загса райвыканкама.

У кастрычніку марш Мендэльсона гучаў для пяці пар, адна цырымонія прайшла ў Востраўскім сельвыканкаме. Сярэдні ўзрост кастрычніцкага жаніха – 42 гады, нявесты – 39. Самыя маладыя – 29-гадовы жаніх і 26-гадовая нявеста. Заручальным пярсцёнкам з нявестай абмяняўся 60-гадовы жаніх, жонкай стала і 56-гадовая зямлячка.
Вяселле згулялі грамадзянін Кыргызстана і грамадзянка Беларусі.
Урачыста было ў аддзеле загса райвыканкама і ў люстэркавую дату – 25.10.25. Для адной пары гэты дзень стаў пачаткам сямейнага шляху.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.