Саната падарыла навагодні настрой. Пад акампанемент аркестра ў Ляхавічах пачалося шэсце казачных герояў, якое ўзначалілі Дзяды Маразы і Снягуркі

У аўторак вечарам горад, ахутаны туманам, напоўніўся вясёлай музыкай, смехам і гоманам. Пад акампанемент аркестра пачалося шэсце казачных герояў, якое ўзначалілі Дзяды Маразы і Снягуркі. Па святочным маршруце ў калоне прайшлі амаль паўтары сотні навагодніх персанажаў. Творчасць і крэатыўнасць праявілі
не толькі работнікі культуры, але і прадстаўнікі ўстаноў адукацыі, прадпрыемстваў і арганізацый.

На ўсім маршруце казачную калону віталі землякі – дарослыя і дзеці, якія весела падбадзёрвалі ўдзельнікаў шэсця, што накіравалася да гарадской ёлкі на плошчы Леніна.
Навагодняе чараўніцтва, казачныя героі і выдатны настрой – усё гэта
запамінальныя акорды пераднавагодняй «Каляднай санаты – 2025».

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч ад імя райвыканкама і дэпутацкага корпуса раёна звярнуўся з навагоднім віншаваннем да землякоў. Ён адзначыў, што ў адыходзячым у гісторыю 2025 годзе, які прайшоў у Беларусі пад знакам добраўпарадкавання, прадпрыемствамі і арганізацыямі, грамадзянамі зроблена шмат, каб наш раён быў яшчэ больш прывабным і ўтульным. Прагучалі пажаданні моцнага здароўя, вясёлага святочнага настрою, шчасця, аптымізму і мірнага неба.
Жадаючых паўдзельнічаць у пераднавагоднім прадстаўленні было шмат. І як не паверыць у цуд, калі пасля магічнага заклінання прыгажуня-ёлка зазіхацела рознакаляровымі агнямі!
Не толькі дзецям цікава было назіраць за прыгодамі казачных герояў, удзельнічаць у конкурсах і віктарынах, падпяваць песні ў выкананні самадзейных артыстаў, танцаваць і нават крышачку сваволіць. Цудоўны выбар шматлікіх навагодніх прапаноў прадставілі народныя майстры: было што купіць і сабе пад ёлачку, і ў якасці падарунка родным, блізкім, сябрам і калегам.
І нават зусім не снежаньскае надвор’е не сапсавала агульны настрой радасці, натхнення, веры ў цуды. Як адзначыў адзін са шматлікіх Дзядоў Маразоў: «Галоўнае, што весела і цікава, а снег я начарую!»…
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

