Працоўнае месца з канкрэтным адрасам. У Ляхавіцкім аграрным каледжы прайшло дзяржаўнае размеркаванне

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

17 снежня стала знакавым для сёлетніх выпускнікоў Ляхавіцкага аграрнага каледжа.
Менавіта ў гэты дзень прайшло дзяржаўнае размеркаванне, і без пяці хвілін маладыя спецыялісты даведаліся, дзе пасля атрымання дыплома пачнецца іх працоўны шлях. Пуцёўкі ў прафесійнае жыццё атрымалі 25 будучых аграномаў, 47 ветэрынарных фельчараў і 28 заатэхнікаў.
Выпускнікі накіраваны на работу ў сельскагаспадарчыя арганізацыі Ляхавіцкага, Баранавіцкага і іншых раёнаў Брэстчыны, а таксама Мінскай і Гродзенскай абласцей.

…У зале дзяржаўная камісія, выпускнікі і наймальнікі. Старт урачыстай і важнай цырымоніі далі ветфельчары, на якіх павышаны попыт у работадаўцаў. І калі на выпускніка адсутнічаў персанальны запыт, за яго, у прамым сэнсе, пачыналася напружаная барацьба. Так, напрыклад, было ў Ганны Жалязняк, працоўную вакансію якой прапаноўвалі адразу некалькі наймальнікаў з сельгаспрадпрыемстваў  Кобрынскага, Камянецкага, Баранавіцкага, Ляхавіцкага і іншых раёнаў. Каб зацікавіць маладога спецыяліста, абяцалі дастойную зарплату, службовы аўтамабіль, вырашэнне жыллёвага пытання і іншыя бонусы.
Улічваючы такі попыт, дзяржаўная камісія навучаль-най установы не давала згоду на размеркаванне ў адно сельгаспрадпрыемства больш
за двух ветфельчараў.
Вельмі чакаюць маладых спецыялістаў з Ляхавіцкага аграрнага каледжа і ў нашым раёне. Чатыры выпускнікі каледжа прыйдуць на працу ў ААТ «Жарабковічы», тры – у ААТ «Шлях новы». Па два маладыя спецыялісты пасля атрымання дыпломаў будуць працаўладкаваны ў СВК «Ляхавіцкі», СУП «Белазем’е» і аграпрадпрыемства «Яблыневы Пасад» і г. д.
Сярод тых, хто зацікаўлены ў кваліфікаваных кадрах, ААТ «Шлях новы». Намеснік дырэктара Таццяна Гатоўчыц сёлетніх выпускнікоў-каляджан ведае па праходжанні імі практыкі. На першае працоўнае месца ў гаспадарку прыйдуць аграном Раман Курловіч, ветфельчар Максім Кажан і заатэхнік Рэнат Арлоўскі. Усе – з Ляхавічаў. Для маладых кадраў у гаспадарцы прадугледжаны поўны сацыяльны
пакет у адпаведнасці з заканадаўствам. Калі спецыялісты ствараюць сем’і, то ААТ прадастаўляе жыллё ці кампенсуе выдаткі на яго найм у адпаведнасці з дагаворам.
Ляхавічанін Іван Казак збіраецца прыступіць да працы ветэрынарным фельчарам у СВК «Ляхавіцкі». Ён імкнуўся
да гэтага і зараз задаволены, што мара спраўдзілася. Практыку праходзіў у Пружанскім раёне, а з першым працоўным месцам вызначыўся менавіта на малой радзіме, каб прынесці карысць свайму рэгіёну. Іван заканчвае каледж з высокім рэйтынгам дыплома – 9,37 бала, і гэта дало яму права выбару.
У «Яблыневы Пасад» размеркаваны будучыя аграномы Мікіта
Савіцкі і Іван Беляновіч. Іван – мясцовы, з Задвор’я, а Мікіта з Ганцавіцкага раёна. Юнакі адзначаюць, што да працы прыступяць з інтарэсам і задавальненнем.
– Размеркаванне – лагічны фінал вучобы і адказны старт
прафесійнага шляху, на якім тэорыя сустракаецца з практыкай. Нашы выпускнікі не шукаюць працоўнае месца – іх чакаюць на прадпрыемствах аграпрамысловага комплексу краіны. Сотня нашых выпускнікоў – маладых спецыялістаў АПК – пачынае кар’еру з гарантыяй працаўладкавання і падтрымкай дзяржавы. Хочацца, каб заказчыкі кадраў больш актыўна ўключаліся ў мэтавую падрыхтоўку і такім чынам «вырошчвалі» кадры загадзя, – падкрэслівае дырэктар Ляхавіцкага аграрнага каледжа Ірына Прыступа-Юнік.
Наперадзе ў выпускнікоў пераддыпломная практыка і дзяржаўныя экзамены. А ўжо ў красавіку дыпламаваныя спецыялісты папоўняць калектывы прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу. Першымі адправяцца на працоўныя месцы заатэхнікі і ветфельчары.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.