Калі дрэвы будуць вялікімі

У трэцюю нядзелю верасня сваё прафесійнае свята адзначаць людзі асаблівай прафесіі – работнікі лесу. На жаль, мы часта недаацэньваем іх паўсядзённую напружаную, руплівую працу. Многія думаюць: пасадзілі лес, і ён будзе расці сам па сабе сотні гадоў. Але задумайцеся: хто ахоўвае лес ад пажараў і хвароб, хто аднаўляе яго, каб плошчы не змяншаліся, хто сочыць за парадкам і чысцінёй, якія часта парушаюць нядбайныя госці, выязджаючы на ўлонне прыроды? Работнікі лесу ведаюць, як захоўваецца самабытнасць і багацце прыгожых беларускіх краявідаў. Рана ці позна з бацькоўскага дому ад’язджаюць у самастойнае дарослае жыццё дзеці, з’яўляюцца свае клопаты і праблемы ў сяброў і блізкіх, але застаецца работа, якая па душы і прыносіць задавальненне, радасць і нават суцяшэнне. І мала што ў жыцці можа прынесці большае адчуванне самазадаволенасці, чым разуменне таго, якую значную і патрэбную справу ты зрабіў для роднай зямлі. Хаця ўбачыць, як пасаджаныя табой дрэвы стануць вялікімі, змогуць толькі наступныя пакаленні…
Гэта яшчэ будзе. А пакуль ахоўваюць, упарадкуюць і прымнажаюць лясное багацце працаўнікі ДЛГУ “Ляхавіцкі лясгас”. Пра багатую 50-гадовую гісторыю прадпрыемства, яго цяперашнія здабыткі і перспектывы, працавітых і добрасумленных людзей – размова з дырэктарам лясгаса Міхаілам СВІСТУНОМ:

— Міхаіл Уладзіміравіч, на пачатку размовы хочацца павіншаваць Вас і ўвесь калектыў — былых і сённяшніх працаўнікоў ДЛГУ “Ляхавіцкі лясгас” з прафесійным святам і юбілеем прадпрыемства і пажадаць поспехаў і дасягненняў у такой важкай і важнай справе.
— Дзякуй.
— Скажыце, калі ласка, на сённяшні дзень лясная гаспадарка Ляхавіччыны, гэта…
— Ляхавіцкі лясгас раскінуўся на 53 тысячах гектараў, з якіх 47 тысяч пакрыты лесам. А яшчэ гэта 250 чалавек, якія лес абслугоўваюць і заняты на вытворчасці прадукцыі. Для іх лес – не толькі і не столькі месца работы, а сапраўдны зялёны сябар, захапленне, прафесія.
Увогуле, лес для нашай Ляхавіччыны, як і ў цэлым для краіны, – важны эканамічны і экалагічны рэсурс, з яго будуюць дамы, ён дорыць ежу, цяпло і здароўе, выкарыстоўваецца як выдатнае месца адпачынку. Згадзіцеся, няма большай асалоды, чым нават проста паблукаць па лясных сцяжынках і ўдосталь надыхацца гаючым водарам хваёвых і лісцевых дрэў, паслухаць спевы лясных птушак. А калі пашчасціць назбіраць пачастункаў — ягад і грыбоў ці лекавых раслін, — то, увогуле, лепшага падарунку для сябе і свайго здароўя зрабіць нельга.
— Наколькі адрозніваецца лясгас сённяшні ад таго, пяцідзесяцігадовай даўнасці?
— Загадам па галоўным упраўленні лясной гаспадаркі пры Савеце Міністраў БССР у 1960 годзе быў арганізаваны Ляхавіцкі лясгас. У яго склад увайшлі Крывошынскае, Тухавіцкае і Мядзведзіцкае лясніцтвы (якія дагэтуль адносіліся да Баранавіцкага лясгаса) і Гарадзішчанскае (вылучанае са складу Ганцавіцкага лясгаса). Са студзеня 1961 года было арганізавана яшчэ і Ляхавіцкае лясніцтва. За 1961 год пры плане 11,6 тысячы кубаметраў лесу было нарыхтавана – 15,1 тысячы. Першым дырэктарам прадпрыемства быў Мікалай Аксёнаў. Потым лясгас узначальвалі Мікалай Бядрыцкі, Іван Хвядчэня, Сяргей Домась, Віталій Сяргей. У 1988 годзе Ляхавіцкі лясгас расфарміравалі і зноў далучылі да Баранавіцкага, а праз 9 гадоў — аднавілі. У 2001 годзе ў складзе Ляхавіцкага лясгаса з’явілася Куршынавіцкае лясніцтва.
— Якімі новымі напрацоўкамі можа пахваліцца прадпрыемства цяпер, і якія планы на бліжэйшую перспектыву?
— Перш за ўсё хочацца расказаць пра стварэнне цяплічнай гаспадаркі . У гадавальніках вырошчваем дэкаратыўна-пасадачны матэрыял, які будзем прадаваць не толькі прадпрыемствам і арганізацыям Ляхавіччыны, высаджваць у лясных масівах, але і рэалізоўваць за межы раёна.
Абнаўляем і ўзбуйняем машынна-трактарны парк. Зусім нядаўна набылі новы, трэці ўжо, лесавоз. У годзе наступным важкім здабыткам стане набыццё фарватара і харвестара – тэхнікі, якая выконвае вялікую колькасць аперацый па распілоўцы драўніны, а кіруецца аўтаматычна. Напрыклад, харвестар замяняе работу адразу 10-15 вальшчыкаў.
— Пра планы зразумела. А якія асноўныя клопаты для прафесіяналаў лясной гаспадаркі актуальныя на дзень сённяшні?
— Разумнае выкарыстанне і павелічэнне лясных угоддзяў Ляхавіччыны – асноўныя задачы, якія паспяхова вырашаюць работнікі ДЛГУ “Ляхавіцкі лясгас”. У складзе прадпрыемства 6 лясніцтваў, адным з лепшых з’яўляецца Востраўскае. Як тэатр пачынаецца з вешалкі, так і лес — з лясніцтва. Кожнае з 6-ці вылучаецца чысцінёй, парадкам і ўтульнасцю. Шмат увагі лесаводы надаюць паляпшэнню санітарна-гігіенічнага стану прыгарадных лясоў, ахове іх ад пажараў, мерапрыемствам па лесааднаўленні.
Вырасціць лес і зберагчы яго ад агню, хвароб і несанкцыянаваных высечак няпроста. Работнікі лесу, як клапатлівыя і руплівыя гаспадары, павялічваюць і захоўваюць бясцэнную скарбніцу. Яны адносяцца да лесу, як да жывой істоты, якая можа радавацца, крыўдаваць і нават злавацца, але пры беражлівых адносінах да сябе шчодра адорвае сваімі багаццямі. Дзякуючы самаадданай працы кожнага работніка лясной гаспадаркі на сваім працоўным месцы, павялічваецца працэнт аддачы ляснога фонду.
Унікальная асаблівасць працы лесавода — непарыўная сувязь з будучыняй. Усё, што мы робім сёння, праз гады і нават стагоддзі паслужыць нашым дзецям, унукам і праўнукам. Каб пасаджанае дрэва набралася моцы і стала гатовым для «ўжывання» (у тэхнічным сэнсе) прадуктам, неабходна 80-100 гадоў. І ўвесь гэты час за дрэвам патрэбны вельмі плённы догляд, каб яно вырасла магутным, здаровым і якасным. Дарэчы, цікавы факт: самым капрызлівым дрэвам у доглядзе з’яўляецца елка.
Ёсць у нас і прамысловая галіна. Толькі станоўчых водгукаў заслугоўваюць лесанарыхтоўчыя брыгады. Вальшчыкі лесу (яны пры любых умовах надвор’я і ў любую пару года на працоўным пасту — паверце, не кожны згадзіцца на такія ўмовы працы, можа таму зараз настолькі адчувальны дэфіцыт прадстаўнікоў гэтай прафесіі, і не толькі ў нашым лясгасе), вадзіцелі лесавозаў, трактарысты – менавіта з іх працы пачынаецца лесапрамысловая дзейнасць.
Плённа дзейнічае і ўчастак па пагрузцы, цэх дрэваапрацоўкі, пчалярня. Адсюль станоўчая дынаміка і рэнтабельнасць усяго прадпрыемства ў цэлым. Дарэчы, з пачатку года ўжо нарыхтавана 26,1 тысячы кубоў драўніны — план па нарыхтоўцы перавыконваецца.
Асобна хочацца звярнуць увагу і на паляўнічую гаспадарку. Асноўная задача яе працаўнікоў (паляўніцтвазнавец і 3 егеры) – ахова і павелічэнне пагалоўя дзікіх жывёл. У хуткім часе плануецца арганізаваць платнае паляванне для замежных грамадзян, для чаго пабудуецца домік паляўнічага.
— Вядома, што пэўная частка прадукцыі прадпрыемства запатрабавана ў замежжы. Якая ў прыватнасці і дзе?
— Так, у нас, прычым даўно, наладжаны цесныя партнёрскія сувязі з некаторымі краінамі Еўропы, куды лясгас пастаўляе сваю прадукцыю. Напрыклад, балансавая драўніна запатрабавана ў Польшчы, Фінляндыі, Латвіі, піламатэрыялы – у Германіі і Латвіі, добра на экспарт у Еўропу ідуць і колатыя дровы.
— Міхаіл Уладзіміравіч, скажыце, калі ласка, леснікі і сапраўды такі суровы народ, якім мы прывыклі яго ўспрымаць па кнігах ці кінафільмах?
— Пытанне, канешне, цікавае. Уявіце: на работу трэба калі толькі пачне світаць. Для леснікоў гэта схема даволі звыклая. Напружаныя будні і дзяжурствы па выхадных. Здавалася б, якая тут рамантыка. Але ж трэба бачыць, з якой акуратнасцю, шчырасцю і апантанасцю леснікі даглядаюць кожны кусцік і дрэўца, клапоцяцца пра насельнікаў лесу – звяроў і птушак. Яны ведаюць кожную сцяжынку, як табліцу множання. За суровым выглядам кожнага хаваецца добрая, клапатлівая душа і трапяткое сэрца.
— Вытворчыя паказчыкі могуць многае сказаць пра работу прадпрыемства. Аднак, як вынікае з нашай размовы, — галоўны здабытак у Ляхавіцкім лясгасе — людзі, якія поўнасцю аддаюць сябе любімай справе.
— Нашы працаўнікі — самае вялікае багацце лясгаса. Цэнім кожнага, таму што разумеем: разам мы – адна каманда, у якой заўсёды дапамогуць, падтрымаюць, падбадзёраць і абавязкова павераць.
Напярэдадні прафесійнага свята з цеплынёй і ўдзячнасцю ўзгадваем нашых дарагіх ветэранаў вытворчасці. Асаблівая ўвага і пашана нашым былым працаўнікам — інжынеру Анатолію Чэшку, леснікам Казіміру Зянько, Валянціну Крыкалу, ляснічым Анатолію Кляцкову, Ігару Шчаўроўскаму, памочніку ляснічага Аліне Кляцковай, вадзіцелю Уладзіміру Бярэзічу, майстру Леаніду Дубіне, слесару-электрыку і рацыяналізатару Міхаілу Сегеню, трактарысту Іосіфу Кендышу, станочнікам Марыі Кулак і Уладзіміру Лешыку, бухгалтарам Веры Герасімовіч, Галіне Лук’янчык, Алене Ходар і Зінаідзе Аўдзеня. Яны ўнеслі значны ўклад у развіццё лясгаса, перадавалі свой багаты вопыт маладым, які сёння паспяхова і з энтузіязмам пераймаюць і ўпэўнена працягваюць пачатую 50 гадоў таму справу.
Хто, як не мы, работнікі лесу, ведаем і разумеем лепш за іншых сэнс слоў: лес — наша нацыянальнае багацце. Напярэдадні прафесійнага свята хочацца павіншаваць усіх калег, ветэранаў лясной гаспадаркі з прафесійным святам, пажадаць усім моцнага здароўя, упэўненасці, натхнення, каб усё ладзілася і дома, і на рабоце.
Гутарыла Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *