Поле давярае працавітым. СВК «Ляхавіцкі» завяршыў сяўбу ранніх яравых збожжавых і прыступіў да сяўбы аднагадовых

СВК «Ляхавіцкі» завяршыў сяўбу ранніх яравых збожжавых і прыступіў да сяўбы аднагадовых, якія пойдуць на «зялёны канвеер» для грамадскага статка. З першага дня сяўбы на палетках пасяўны агрэгат Леаніда Пішча. Механізатар не навічок – працуе 20 гадоў, магутны «ДжонДзір» «асядлаў» адным з першых у раёне. Начальнік Русінавіцкага вытворчага ўчастка Іван Юнік сцвярджае, што такіх механізатараў, як Леанід Пішч, трэба яшчэ пашукаць. Ён прафесіянал, адказны, абавязковы чалавек, якому ў гаспадарцы давяраюць самыя складаныя работы. Райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу сёлета прызнаў яго лепшым на сяўбе. Старшыня райкама прафсаюза Мікалай Вайцешык уручыў перадавіку падзячнае пісьмо і каштоўны падарунак прама ў полі (на здымку).

Палявыя работы працягваюцца і ў іншых гаспадарках. У СВК “Ліпнянка” сеюць. Хоць з невялікім спазненнем, але здолелі адрамантаваць свой пасяўны агрэгат і выйсці ў поле. Справіцца з сяўбой больш як на 1000 гектараў пры адсутнасці глебаапрацоўчай тэхнікі немагчыма. Спадзяюцца на дапамогу іншых гаспадарак раёна. Дарэчы, памагатыя не прымусілі сябе доўга чакаць: Ляхавіцкае ПМС, СВК “Жарабковічы” прыгналі ў Ліпск два энерганасычаныя трактары, якія рыхтуюць землі пад сяўбу. Дапамагае ЗАТ “Белпрампрыбор”, не адмахваюцца ад просьбаў ільнонасенстанцыя, райаграсэрвіс, які працаваў на падкормцы азімых збожжавых.

Застаецца складаным становішча ў СВК “Тальмінавічы”, дзе працуюць два пасяўныя агрэгаты, якія засеялі 36 працэнтаў запланаваных плошчаў. Куршынавіцкія землі ўзяўся ўздымаць СВК “Ляхавіцкі”, які ўжо апрацаваў 200 гектараў запушчаных угоддзяў, яшчэ 100 гектараў – ДП “Нача” .

Амаль 190 гектараў ранніх збожжавых (столькі запланавана) пасеяна ў СВК “Востраў-Агра”. Цяпер задача – рыхтаваць землі і працягваць веснавую пасяўную кампанію.
У СВК “Ляхавіцкі”, “Шлях новы”, на льнозаводзе і ў аграрным каледжы завяршылі сяўбу ранніх яравых і прыступілі да аднагадовых культур, якія пойдуць на корм жывёле. Хутка прыступяць да гэтай работы ЗАТ “Белпрампрыбор” і ДП “Нача”.
Каму трэба прыбавіць тэмпаў, дык гэта СВК “Жарабковічы” і райаграсэрвісу, якія маюць вялікія пасяўныя плошчы. У гэтых гаспадарках у дастатку тэхнікі, механізатараў, ёсць усё неабходнае. А ў СВК “Жарабковічы” – і вопыт работы па падрыхтоўцы глебы ў дзве змены. Усяго ў раёне, па стане на 7 красавіка было пасеяна 68 працэнтаў ад плана ранніх збожжавых і 33,4 працэнта ад агульнага плана веснавой сяўбы.
Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *