12 галоўных нагод для шчасця. У лістападзе на Ляхавіччыне зарэгістравана 12 нараджэнняў
У лістападзе на Ляхавіччыне зарэгістравана 12 нараджэнняў, з якіх 10 хлопчыкаў і дзве дзяўчынкі. Тры пасведчанні аб нараджэнні выдадзены ў Жарабковіцкім сельвыканкаме, расказала «ЛВ» начальнік аддзела загса райвыканкама Вольга Новік.
Дачок бацькі назвалі Карынай і Міраславай. Сярод хлопчыкаў у лістападзе было па два Максімы і столькі ж Паўлаў, а таксама Уладзіслаў, Данііл, Ігар, Міхаіл, Сямён і Цімафей. У мінулым месяцы зарэгістравана нараджэнне двойні – хлопчыкаў Паўла і Ігара.
Лістападаўскім здаравячком стаў ляхавічанін Цімафей, які нарадзіўся вагой 4 080 грамаў пры росце 56 сантыметраў.
Сярэдні ўзрост лістападаўскага бацькі – 31 год, маці – 30. Самым маладым бацькам стаў 21-гадовы ляхавічанін, маці – 22-гадовая гараджанка.
Радасць бацькоўства спазналі і крыху старэйшыя жыхары Ляхавіччыны – 36-гадовы бацька і 38-гадовая маці.
Першынец нарадзіўся ў трох сем’ях, другое дзіця – у чатырох, трэцяе
дзіця – у трох, чацвёртае дзіця – у двух сем’ях.
Марш Мендэльсона гучаў для сямі пар маладых. Сярэдні ўзрост жаніха – 37 гадоў, нявесты – 36. Юныя маладыя ў лістападзе – 19-гадовыя ляхавічане.
Сталі мужам і жонкай 70-гадовы жаніх і яго 62-гадовая спадарожніца жыцця.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

