СМІ — барометр жыцця грамадства

Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч

9 красавіка ў Маладзечне прайшло выязное пасяджэнне калегіі Міністэрства інфармацыі па пытанні дзейнасці рэгіянальных СМІ.

На сённяшні дзень у Беларусі зарэгістравана 136 дзяржаўных друкаваных СМІ, заснавальнікамі якіх выступаюць абласныя, гарадскія і раённыя выканаўчыя камітэты. Па стане на 1 красавіка 2015 года ў Дзяржаўным рэестры зарэгістравана 47 тэлевізійных і 143 радыёпраграмы, заснавальнікамі якіх выступаюць мясцовыя органы ўлады, Белтэлерадыёкампанія, а таксама суб’екты гаспадарання рознай формы ўласнасці і фізічныя асобы.

Міністр інфармацыі Лілія Ананіч адзначыла, што рэгіянальныя СМІ з’яўляюцца яскравым барометрам жыцця грамадства, яны расказваюць аб усіх сферах дзейнасці. Але сёння недастаткова толькі апісваць падзеі, важна быць крыху наперадзе. Таму выданням неабходна карыстацца сучаснымі тэхналогіямі і развівацца.

Паводле слоў міністра, усе дзяржаўныя рэгіянальныя газеты сёння маюць свае сайты. Паказчыкам запатрабаванасці электронных версій выданняў з’яўляецца наведвальнасць рэсурсаў. У суткі адзначаецца ад 100 да 350 наведванняў. Геаграфія наведвальнасці даволі шырокая і не абмяжоўваецца межамі рэспублікі.

Важным фактарам функцыянавання інтэрнэт-рэсурсаў з’яўляецца актуальнасць і абнаўляльнасць матэрыялаў. Разам з тым неабходна ўдасканальваць дызайн-структуру сайтаў, сістэму ўнутраных рубрык, работу форумаў (у многіх сайтаў адсутнічаюць), інтэграцыю з сацыяльнымі сеткамі і г.д.

Лілія Ананіч адзначыла, што неабходна ў поўным аб’ёме задзейнічаць створаны інфармацыйны рэсурс – партал «СМІ Беларусі». Цяпер завяршаецца яго тэставая работа, запуск праекта плануецца ў кантэксце прафесійных мерапрыемстваў у маі 2015 года.

Пра тое, што сродкі масавай інфармацыі не маюць права таптацца на месцы, гаварыў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Ігар Бузоўскі.

«Выжыць ва ўмовах інфармацыйнай канкурэнцыі друкаваным, а тым больш рэгіянальным СМІ, – гэта заслугоўвае павагі. Але трэба разумець, што нельга таптацца на месцы, важным з’яўляецца пошук, гарэнне. Нельга дапускаць абыякавасці, таму што гэта вядзе да дэградацыі», – лічыць Ігар Бузоўскі.

Паводле яго слоў, важнымі з’яўляюцца каардынацыя дзеянняў на ўсіх узроўнях, сумеснае планаванне тэматыкі, пошук новых падыходаў у падачы інфармацыі. Неабходна ўмець карыстацца сучаснымі тэхналогіямі, каб выданні былі максімальна прадстаўлены ў сусветнай сетцы. Гэта датычыцца і прысутнасці ў сацыяльных сетках.

Па інфармацыі БЕЛТА.

Фота БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *