Прафілактыка па максімуме. На тэрыторыі Ляхавіцкага раёна з 15 па 19 студзеня прайшло спецыяльнае прафілактычнае мерапрыемства «Дом без пажару»
Рэйдавыя групы на працягу пяці дзён, у тым ліку і ў выхадныя, абследавалі домаўладанні грамадзян, якія ўваходзяць у «групу рызыкі»: адзінокіх і адзінока пражываючых пенсіянераў, людзей з інваліднасцю, мнагадзетных сем’яў, а таксама тых, хто вядзе асацыяльны лад жыцця.

Першачарговая ўвага нададзена Жарабковіцкаму і Крывошынскаму сельсаветам з-за росту вог-ненных здарэнняў. На прафілактычны маршрут выйшлі супрацоўнікі РАНС і ТЦСАН, Ляхавіцкага раёна газазабеспячэння і энерганагляду, сельвыканкамы, педагогі школ і дзіцячых садкоў.
Сцюдзёнае надвор’е – экзамен на бяспеку для ўсіх сістэм жыццезабеспячэння. Насельніцтва актыўна выкарыстоўвае абагравальныя прыборы, павялічваецца нагрузка на электрасеткі, на максімуме працуе і пячное ацяпленне. Менавіта ў такіх умовах рэзка павялічваецца рызыка кароткіх замыкан-няў, перапалу печаў і, як следства, узнікнення пажараў.

Мэта акцыі «Дом без пажару» – не толькі выявіць парушэнні, але і дапамагчы людзям, растлумачыць, як зберагчы свой дом і пазбегнуць трагедыі. Выратавальнікі нагадваюць: бяспека ў зімовы перыяд –
гэта, у першую чаргу, адказнасць і ўвага кожнага да свайго жылля.
У дзень старту акцыі, 15 студзеня, тры рэйдавыя групы наведалі домаўладанні ў Малышах, Стральцах, Бенькаўцах, Шчэрбаве Крывошынскага сельсавета. У наступныя дні былі і іншыя населеныя пункты, у тым ліку Жарабковіцкага сельсавета. У цэнтры ўвагі спецыялістаў кожная дэталь, якая датычыць правільнай эксплуатацыі печаў, электраабсталявання, газавых прыбораў, стану праводкі і г. д.
Важныя таксама наяўнасць і спраўнасць аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў.
– Добры дзень, – вітаецца з гаспадарамі прадстаўнічая каманда. І кожны з яе членаў пачынае абследаваць свае кропкі. У кожным доме ў землякоў цікавіліся, ці трэба расчысціць снег, як падрыхтаваны да зімы, якія ёсць праблемы. Пасля дэталёвага «аналізу» домаўладання міжведамас-ная прафілактычная група адпраўляецца ў наступны дом.
– Трэба адзначыць, што, у параўнанні з мінулымі гадамі, насельніцтва больш адказна адносіцца да стварэння бяспечных умоў пражывання. І колькасць заўваг зменшылася. Менш стала і няспраўных апавяшчальнікаў. Аднак праблемныя моманты застаюцца, і датычаць яны менавіта эксплуатацыі пячнога ацяплення. Дзе-нідзе ў дамах яшчэ па старых звычаях складваюць дровы перад печкай ці сушаць адзенне. А гэта катэгарычна забаронена, бо стварае пагрозу ўзгарання, – падкрэслівае начальнік РАНС Юрый Буйкевіч.
Супрацоўнікі РАНС падсумоўваюць тыповыя парушэнні, звязаныя з пячным ацяпленнем: непабеленыя дымаходы на гарышчы, неадпаведнасць стандартам перадтопачнага ліста, памер якога павінен быць не менш за 50 на 70 сантыметраў. Ліст выконвае важную функцыю: прадухіляе ўзгаранне падлогі пры магчымым выпадзенні гарачага вуголля.
Спецыялісты нагадваюць: дакладнае выкананне гэтых, здавалася б, дробязяў – аснова бяспекі дома з пячным ацяпленнем.

Выратавальнікі тлумачылі, што цыгарэта ў руках нецвярозага чалавека – гэта патэнцыяльная «бомба». Жаданне «расслабіцца» і закурыць у ложку можа за секунды ператварыць дом у пастку і пазбавіць жыцця не толькі курца, але і яго блізкіх. Супрацоўнікі РАНС і іншыя службы далі гаспадарам дамоў рэкамендацыі па ўхіленні парушэнняў. Сацыяльна ўразлівыя катэгорыі да выпраўлення памылак будуць знаходзіцца на асаблівым кантролі.
Работнікі РАНС таксама праводзілі тлумачальныя гутаркі ў працоўных калектывах, магазінах, СДК і іншых сацыяльных аб’ектах.
Спецыялісты ТЦСАН вывучалі патрэбу вяскоўцаў і аграгараджан у сацыяльных паслугах і забяспечанасць жыццядзейнасці. У халоднае надвор’е асабліва вялікае значэнне для пажылых мае сацыяльна-бытавая дапамога: дастаўка паліва, прадуктаў харчавання і г. д. У Галаўнінцах 90-гадовай Ганне Міхайлаўне – інваліду II групы – растлумачылі парадак прадастаўлення матэрыяльнай дапамогі са сродкаў ФСЗН для набыцця падгузнікаў і абсталявання жылых пакояў АПА. За кошт раённай арганізацыі «Белая Русь» падчас прафілактычнай акцыі пяць АПА ўстаноўлены ў дамах землякоў, сярод іх і адзінокі інвалід II групы Мікалай Іванавіч, які пражывае ў Заліпенні. Астатнія прыборы знайшлі сваё месца ў дамах тых, хто схільны да ўжывання алкаголю.
– Прысутнасць у складзе рэйдавых груп прадстаўнікоў розных суб’ектаў прафілактыкі, у тым ліку грамадскіх аб’яднанняў, дазваляе своечасова і аператыўна аказваць комплексную дапамогу землякам з уразлівых катэгорый насельніцтва, – адзначае загадчык аддзялення ТЦСАН старшыня раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Наталля Ісаханава.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.


