Кібербяспека актуальна для ўсіх
На працягу апошніх гадоў бадай адна з самых актуальных і вострых праваахоўных тэм – махлярствы, што ўчыняюцца з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Дарослыя розных узростаў, школьнікі, студэнты і нават дашкаляты могуць адказаць на пытанне, як не стаць ахвярай махляроў і кіберзлачынцаў. Але, тым не менш, амаль штодня па ўсёй краіне рэгіструюцца выпадкі, калі грамадзяне добраахвотна аддаюць свае грошы зламыснікам, якія практыкуюць як даўно знаёмыя схемы, так і прыдумваюць новыя. Нягледзячы на пастаянныя папярэджанні ў СМІ, прафілактычную работу, якую праводзяць супрацоўнікі праваахоўных органаў, іншыя службы, махляры знаходзяць усё новыя ахвяры. Як не стаць адной з іх? Якая сітуацыя на Ляхавіччыне з кіберзлачынствамі. Хто ў зоне рызыкі? Адказваюць на гэтыя і іншыя пытанні, а таксама падрабязна растлумачваюць разнастайныя меры прафілактыкі і супрацьдзеяння кіберзлачынствам прадстаўнікі розных службаў і арганізацый раёна.

Дзяніс МАЙСЕНЯ, начальнік РАУС:
– Даводзіцца канстатаваць, што ў 2025 годзе ў нашым раёне
назіраецца рост колькасці кіберзлачынстваў. Летась іх зарэгістравана 49 (у 2024 годзе – 40).
Па 14 фактах устаноўлены падазроныя. Эфектыўнасць устанаўлення падазроных складае 66,7 працэнта (абласны паказчык – 39,8 працэнта). Прадаўжаецца зніжэнне колькасці цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў па гэтым напрамку – за мінулы год іх зменшылася напалову ў параўнанні з 2024 годам.
Не варта думаць, што пацярпелымі з’яўляюцца толькі пенсіянеры. Згодна са статыстыкай, найбольшая колькасць злачынстваў учынена супраць грамадзян ва ўзросце ад 30 да 40 гадоў – 21 злачынства. Яшчэ 10 пацярпелых ва ўзросце ад 16 да 29 гадоў, і толькі пяцёра – старэйшыя за 60 гадоў. Здавалася б, найбольш інфармаванымі і граматнымі ў сферы інфармацыйных тэхналогій павінны быць моладзь і грамадзяне сярэдняга ўзросту. І не толькі самім пазбегнуць
пасткі махляроў, але і займацца прафілактыкай сярод сваіх родных і знаёмых сталага ўзросту. Але на справе ўсё інакш. З пацярпелых большасць жанчыны (27), 31 – рабочыя і служачыя, 11 – пенсіянеры, 21 пацярпелы мае вышэйшую адукацыю.
Найбольш часта жыхары Ляхавіччыны станавіліся ахвярамі фішынгу. Удакладню, фішынг – від махлярства, мэта якога – атрыманне канфідэнцыяльных даных для доступу да разнастайных сэрвісаў (электроннай пошты, старонкі ў сацыяльнай сетцы, інтэрнэт-банкінгу і іншага). Так, адзін жыхар раёна, лічы, добраахвотна аддаў кібермахлярам 4 173 рублі. Яшчэ адна жыхарка раёна ледзьве не засталася без 7 800 рублёў, але дзякуючы своечасоваму ўмяшанню праваахоўных органаў грошы ўдалося вярнуць пацярпелай.
Акрамя таго, грошы кралі ў іншых грамадзян пад маркай набыцця тавараў і маёмасці праз інтэрнэт. Напрыклад, на адной з гандлёвых анлайн-пляцовак жыхар Ляхавіччыны «купіў» аўтамабіль, але так яго і не дачакаўся, затое застаўся без 4 745 рублёў.
Прыкладаў шмат. Таму супрацоўнікі РАУС асаблівы акцэнт робяць на прафілактыку кіберзлачынстваў і павышэнне лічбавай граматнасці насельніцтва. У мінулым годзе супрацоўнікі міліцыі правялі больш за 600 выступленняў у працоўных калектывах і ва ўстановах адукацыі. Акрамя таго, прафілактычныя гутаркі праведзены амаль з чатырма тысячамі пажылых і адзінока пражываючых грамадзян.
Дзіяна ТРЫСЦЕНЬ, начальнік упраўлення па працы, занятасці
і сацыяльнай абароне райвыканкама:
– Імкнёмся ахапіць як мага больш землякоў разнастайнымі прафілактычнымі мерапрыемствамі. У мінулым годзе ў аддзяленні комплекснай падтрымкі ў крызіснай сітуацыі і дзённага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту і ў аддзяленні сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў ТЦСАН неаднойчы праводзіліся мерапрыемствы па фінансавай і лічбавай граматнасці. З удзелам супрацоўнікаў міліцыі, ЦБП «Беларусбанка» арганізаваны пяць круглых сталоў з мэтай папярэджання і прафілактыкі злачынстваў, учыненых у сферы высокіх тэхналогій. У ТЦСАН функцыянуе клуб «Граматны пенсіянер». Падчас работы «Школы сацыяльнага работніка» для пажылых грамадзян, якія атрымліваюць сацыяльныя паслугі на даму, праведзены прафілактычныя заняткі. Для гэтых мэт выкарыстоўваем і інтэрнэт-рэсурсы, бо нашы падапечныя актыўна імі карыстаюцца. Акрамя таго, значную ўвагу надаём інфармаванню насельніцтва праз распаўсюджванне буклетаў, памятак, лістовак, правядзенне акцый. За 2025 год распаўсюджана больш за 4 600 інфармацыйных матэрыялаў.
Марыя САРАКАВІК, начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама:
– Асноўная задача ўстаноў адукацыі – забеспячэнне інфармацыйнай бяспекі непаўналетніх. У першую чаргу – прафілактыка. З гэтай мэтай у мінулым годзе арганізавана амаль паўтысячы мерапрыемстваў па інфармацыйнай бяспецы. Штогод у лютым ва ўсіх школах раёна праводзіцца тыдзень бяспекі ў інтэрнэце. У сакавіку прайшоў Тыдзень лічбавай і фінансавай граматнасці. Чатыры гады запар праводзіцца дыстанцыйная камандная алімпіяда па інфармацыйнай бяспецы, летась у ёй удзельнічалі 120 навучэнцаў. Запатрабаваны і прафілактычныя акцыі «На варце лічбавай бяспекі» і «Тыдзень кібербяспекі». З інтарэсам і навучэнцы, і педагогі сустракаюцца з работнікамі РАУС, якія праводзяць акцыі па інфармацыйнай бяспецы.
Яшчэ адным крокам да лічбавай бяспекі непаўналетніх стала абмежаванне выкарыстання гаджэтаў у адукацыйным працэсе. З 1 верасня 2025 года тэлефоны навучэнцаў змяшчаюцца ў спецыяльна абсталяваныя ячэйкі, што знаходзяцца пад відэаназіраннем. Гэты крок дазволіў значна зменшыць час, які школьнікі праводзяць у інтэрнэце, што, у сваю чаргу, зніжае рызыку ўцягнення непаўналетніх у кіберзлачыннасць.
Акрамя таго, у навучальных установах значная ўвага надаецца інфармацыйнай адукацыі работнікаў і бацькоў школьнікаў.
Няўважлівасць і неасцярожнасць грамадзян застаецца адной з галоўных умоў учынення кіберзлачынстваў.
Як раяць работнікі міліцыі, грамадзянам пры выкарыстанні электронных устройстваў, рэсурсаў сеткі інтэрнэт і электронных сродкаў плацяжоў варта праяўляць павышаную асцярожнасць. Пры правядзенні электронных плацяжоў на інтэрнэт-пляцоўках правярайце правільнасць электроннага адраса, наяўнасць прыкмет арыгінальнага сайта. Варта крытычна ацэньваць інфармацыю,
якую незнаёмцы паведамляюць у тэлефонных званках. Памятайце, што супрацоўнікі праваахоўных органаў, банкаўскіх і іншых устаноў не звоняць грамадзянам па рабочых пытаннях у мэсанджарах, не просяць аказаць садзейнічанне ў пошуку зламыснікаў, прадоўжыць дагавор на аказанне паслуг ці ўзяць крэдыт, а тым больш перадаць каму-небудзь наяўныя грошы ці пералічыць грошы ў іншую краіну. Калі вам паступіў такі званок, неадкладна спыніце размову і звярніцеся ў органы ўнутраных спраў.
Падрыхтавала Галіна КАНЬКО.

