Кожная пятнiца – роднае, сваё. Хто ў Ляхавіцкім раёне стаў удзельнікамі праекта «Кожная пятнiца – роднае, сваё»

Усё большую папулярнасць набывае праект, ініцыяваны Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю, «Кожная пятнiца – роднае, сваё».
Да яго актыўна далучаюцца прадпрыемствы і арганізацыі, канцэрны, гандлёвыя сеткі рознай формы ўласнасці. Праект накіраваны на падтрымку і папулярызацыю нацыянальнай прадукцыі, культуры, мовы і айчынных вытворцаў. Акцыя ахоплівае ўсе сферы: ад прамысловых і харчовых тавараў да музыкі, адзення і нацыянальнай кухні. Па задумцы арганізатараў штотыднёва па пятніцах пажадана насіць адзенне і абутак беларускіх вытворцаў, гатаваць стравы з мясцовых прадуктаў, слухаць беларускую музыку, чытаць і размаўляць на беларускай мове. А разнастайныя гандлёвыя сеткі прапаноўваюць скідкі на розныя тавары айчыннай вытворчасці.
Акрамя таго, кожны беларус можа стварыць сваю ўласную пятніцу з родным, сваім. А разам атрымаецца прыгожае і шчырае свята.
Такім чынам кожная пятніца можа ператварыцца ў добрую сямейную традыцыю – накрыць стол смачнымі беларускімі стравамі, сустрэць гасцей у адзенні беларускіх брэндаў і паглядзець разам беларускія фільмы ці патанцаваць пад песні беларускіх аўтараў.
На гэтым тыдні да праекта далучыліся магазіны Ляхавіцкага райпо, якія падрыхтавалі для пакупнікоў спецыяльныя прапановы.
– Канешне, і гандлёвыя кропкі, і падраздзяленні райспажыўкааперацыі лічаць справай гонару падтрымаць беларускую прадукцыю. Мы ахвотна ўдзельнічаем ва ўсебеларускім праекце. У гэту пятніцу да яго далучыліся крама «ПраЗапас» (на здымку) і магазін «Родны кут» (вуліца Будаўнікоў, 2) у райцэнтры, а таксама магазіны «Родны кут» у Ліпску, Галаўнінцах, Русінавічах, Тальмінавічах, Падлессі, Навасёлках (Навасёлкаўскі сельсавет).
Тут устаноўлены скідкі на запатрабаваныя ў пакупнікоў беларускія прадукты – рапсавы алей і грэцкія крупы. Дарэчы, 93 працэнты тавараў, якія рэалізуюцца ў нашай гандлёвай сетцы, беларускай вытворчасці, – расказвае намеснік старшыні праўлення райпо Уладзімір Шырэй.
Таксама ў Ляхавіцкім раёне ўдзельнікамі праекта сталі гандлёвыя сеткі «Санта», «Еўраопт», «Суседзі» (магазін «Разумны выбар»).
– Гэта ідэя сапраўды важная. Мэта маштабнага праекта – паказаць багацце і якасць беларускіх тавараў, падкрэсліць іх канкурэнтаздольнасць і зрабіць такую падтрымку традыцыйнай.
Мы, беларусы, павінны аддаваць перавагу беларускім таварам, якія маюць добрую якасць.
І такі выбар кожнага з нас умацоўвае нашу краіну, нашу культуру. Купляючы беларускае, мы ўносім пасільны ўклад у справу дзяржаўнай важнасці.
Лічу, што рэалізацыя праекта садзейнічае аб’яднанню вытворцаў, гандлёвых арганізацый і спажыўцоў, фарміруючы традыцыю падтрымкі ўсяго беларускага, і ўмацоўвае нацыянальныя каштоўнасці, – адзначае намеснік старшыні райвыканкама Людміла
Матчэня.
Няхай кожная пятніца стане днём пашаны і павагі да якаснай беларускай прадукцыі, днём сапраўднай любві да сваёй культуры. Купляйце беларускае, ганарыцеся сваім!
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.



