Выслухаць, растлумачыць, узяць на кантроль. У гэтым назначэнне сходаў, якія праходзяць у Ляхавіцкім раёне

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Пяць гадоў назад у Ляхавіцкім раёне пачала актыўна ўкараняцца ў жыццё практыка правядзення сходаў грамадзян па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння

Гэта своеасаблівы экзамен, які трымаюць кіраўніцтва раёна, службаў, устаноў і арганізацый перад жыхарамі сельскай мясцовасці.
І такі варыянт дыялогу «ўлада – народ» паказаў сваю запатрабаванасць. Многія пытанні, узнятыя на сходах, вырашаюцца станоўча. Адпаведна расце давер землякоў да ўлады. У 2026 годзе першы сход адбыўся ў мінулы аўторак у Навасёлкаўскім СДК для жыхароў Навасёлкаўскага сельсавета.

За год зроблена нямала

Старшыня Навасёлкаўскага сельвыканкама Аляксандр Мацюшэнка спыніўся на найбольш значных момантах, якімі пазначаны леташні Год добраўпарадкавання. На мінулагодніх сходах жыхары сельсавета неаднойчы гаварылі пра разнастайныя дарожныя неўладкаванасці. Летась нека-торыя з праблемных момантаў вырашаны. Ямачны рамонт дарогі Ляхавічы – Навасёлкі, асфальтаванне вуліцы Пушкіна ў Краглях, прафіляванне дарог і вуліц населеных пунктаў, узбагачэнне шчэбнем дарожнага пакрыцця вуліцы Южакова ў Каранях і вуліцы Будаўнікоў у Дайняках, уладкаванне прыпыначных пунктаў у Каранях і Флер’янове – толькі частка з дарожнага добраўпарадкавання. З мэтай бяспекі выканана просьба жыхароў Навасёлак – каля школы ўладкаваны два «спячыя паліцэйскія». Аляксандр Мацюшэнка расказаў, што ўзнятае летась пытанне наконт устаноўкі крытага павільёна на прыпыначным пункце па вуліцы Калгаснай будзе вырашана сёлета падчас капітальнага рамонту гэтай вуліцы.
Уклад у паляпшэнне абслугоўвання тутэйшага насельніцтва ўнеслі і энергетыкі – рэканструявана лінія электраперадачы ў Краглях і Ціткаўшчыне, выраблена праектна-каштарысная дакументацыя па ўладка-ванні вулічнага асвятлення ва Ураджайнай на вуліцах Ленінскай, Камсамольскай і часткова Разіна.
Не засталіся ўбаку ад спраў грамадскай важнасці і самі аграгараджане і вяскоўцы. Жыхары Краглёў агранізавалі суботнік, падчас якога выдалілі старое кустоўе, а таксама абрэзалі кроны дрэў па вуліцы Пушкіна. Жыхары Пранчакоў навялі парадак на тэрыторыі тутэйшых могілак і пафарбавалі агароджу. Добраўпарадкаваннем могілак займаліся і жыхары Вялікай Лотвы. Ва Ураджайнай талакой выса-джаны туі. Жыхары Каранеўшчыны выступілі з ініцыятывай і сабралі сродкі для правядзення рамонту паклоннага крыжа.
Кіраўнік сельвыканкама спыніўся і на рабоце з пустуючымі дамамі. У 2025 годзе за адну базавую велічыню прададзена чатыры домаўладанні, адно – з аўкцыёну; чатыры знесены. На пастаяннай аснове вядуцца ўлік і кантроль за выкарыстаннем зямельных участкаў, выдзеленых для вядзення асабістай падсоб-най гаспадаркі. Адсочваецца мэтавае выкарыстанне земляў, адведзеных пад агародніцтва. Выяўленыя ўчасткі агульнай плошчай 1,4 гектара, якія
не выкарыстоўваліся па прыз-начэнні ў Пранчаках, Гарбачах і Навасёлках, уцягнуты ў сельгасабарот.

Не лішняя дапамога

Пра асноўныя здабыткі сельгаспрадпрыемства, абноўкі і дасягненні, рэкорды і планы гаварыў дырэктар ААТ «Шлях новы» Андрэй Коктыш. Таксама ён прапанаваў жыхарам сельсавета з рознымі пытаннямі, што знаходзяцца непасрэдна ў кампетэнцыі гаспадаркі, звяртацца да кіраўніцтва сель-гаспрадпрыемства. І адразу прагучала просьба аказаць дапамогу па скошванні травы. Старшыня райсавета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч падзякаваў кіраўніцтву «Шляху новага» за дапамогу ў расчыстцы дарог населеных пунктаў Навасёлкаўскага і Конькаўскага сельсаветаў, дзякуючы чаму не было істотных праблем з рухам рэйсавых і школьных аўтобусаў, аўталавак і спец-тэхнікі. З гаспадаркай нала-джана супрацоўніцтва і ў Навасёлкаўскай СШ імя
Г. Ф. Нагорнага. Дырэктар школы Святлана Шпак расказала, што чатыры выпускнікі навучальнай установы атрымліваюць далей-шую адукацыю па мэтавым накіраванні ад ААТ «Шлях новы» і гарантавана вернуцца на сваю малую радзіму запатрабаванымі маладымі спецыялістамі.

Пытанні, якія хвалююць

У рэшце рэшт адбылася падзея, якую з нецярпеннем чакалі аграгараджане. Летась тут пабудаваны станцыя абязжа-лезвання і дзве свідраваны (сродкі выдаткаваны з бюджэту). Увядзенне ў эксплуатацыю аб’ектаў паспрыяла паляпшэнню падачы вады і яе якасці. Але не ўсё так проста. На сходзе прагучала калектыўная незада-воленасць тым, што вада ў дамы паступае брудная, псуецца бытавая тэхніка і сантэхніка. Намеснік старшыні райвыканкама Аляксей Галяк патлумачыў, што станцыя абязжалезвання працуе ў штатным рэжыме, пробы вады на ўтрыманне жалеза адпа-вядаюць санітарным нормам. Але мясцовыя водаправодныя сеткі зношаныя, і пастаянныя прамыўкі амаль не даюць эфекту. Прагучала прыемная навіна:  запланавана замена водаправода з мадэрнізацыяй (водаправод будзе пракладзены і па іншых вуліцах аграгарадка).
Дырэктар КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Андрэй Чайкоўскі патлумачыў, што ў бліжэйшы час водаправод будзе перададзены «Шляхам новым» на баланс камунгаса, будзе выраблена праектна-каштарысная дакументацыя. А пасля фінансавання пачнуцца замена і мадэрнізацыя.
Наколькі рэальна, каб у Навасёлкаўскую амбулаторыю ўрача агульнай практыкі прыязджаў стаматолаг? Такое пытанне адрасавана галоўнаму ўрачу УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Аляксею Майсею, які даў станоўчы адказ. Будуць фарміравацца заяўкі, і па магчымасці адзін-два разы на тыдзень спецыяліст адпаведнага профілю будзе весці прыём у амбулаторыі, тым больш, што тут маецца сучасная стаматалагічная ўстаноўка. Таксама будуць выраша-ны пытанні работы выязнога пульмаскана і дастаўкі пацыентаў у паліклініку транспартам урачэбнай амбулаторыі.

Пашырэнне асартыменту фруктаў, каўбасных вырабаў, тавараў прамысловага прызначэння ў Навасёлкаўскім магазіне «Родны кут» – з гэтымі і іншымі прапановамі звярнуліся аграгараджане да старшыні праўлення райпо. Васілій Некрашэвіч уважліва выслухаў людзей і паабяцаў разабрацца па кожнай пазіцыі. Як паведамілі ў аддзеле эканомікі райвыкан-кама, праведзены маніторынг паказаў наяўнасць дастатковага асартыменту большасці тавараў і прадуктаў. Што тычыцца фруктаў і садавіны, то іх асартымент будзе пашыраны.
Уздымаліся тэма дарожнага рамонту, праблема бадзяжнай жывёлы, перападаў напружання ў электрасетцы і іншыя тэмы. Тэм у аграгараджан і вяскоўцаў для размовы з кіраўніцтвам раёна, прадстаўнікамі розных службаў і арганізацый было нямала. Прычым рашэнне некаторых з іх прапаноўвалася на месцы. Іншыя праблемныя моманты таксама выслуханы і ўзяты на кантроль.
Старшы оперупаўнаважаны аддзела крымінальнага вышуку Ляхавіцкага РАУС Уладзіслаў Зубік узняў важную тэму. На сёння ў краіне сярод самых распаўсюджаных – кіберзлачынствы. Летась у нашым раёне зарэгістравана 49 кіберзлачынстваў. Супрацоўнік РАУС у чарговы раз нагадаў, як не трапіць на вудачку махляроў, заклікаў быць уважлівымі і асцярожнымі, нікому не перадаваць свае асабістыя даныя, любую інфармацыю ад незнаёмцаў пераправяраць, перш чым выконваць іх просьбу, і абавязкова паведамляць пра такія выпадкі ў міліцыю.

Інспектар РАНС Аляксей Клетаніца паведаміў, што за мінулую пяцігодку ў Навасёлкаўскім сельсавеце адбылося 10 пажараў, найбольш – па тры – у Навасёлках і Вялікай Лотве, загінулі два чалавекі. Асноўныя прычыны пажараў – неасцярожнае абыходжанне з агнём і парушэнні правілаў эксплуатацыі печаў.

Падчас дыялогу старшыня райвыканкама Мікалай Мароз неаднаразова падкрэсліваў: не трэба чакаць чарговага сходу, задаць пытанне ці пазначыць праблему можна, патэлефанаваўшы на прамую тэлефонную лінію, ці звярнуцца на асабісты прыём, які праводзяць кіраўніцтва раёна, сельвыканкамаў, прадстаўнікі розных службаў і арганізацый.

Кожная ўзнятая тэма не застаецца без увагі, рэзюмаваў Мікалай Мароз.
Галіна КАНЬКО.