Пра мужнасць і вернасць прысязе. Каляндар змяшчае даты, якія становяцца мостам паміж эпохамі і пакаленнямі. Адна з іх – 15 лютага – Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў

Каляндар змяшчае даты, якія становяцца мостам паміж эпохамі і пакаленнямі. Адна з іх – 15 лютага – Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Сёння гучаць розныя ацэнкі падзей таго часу.
Але рэальнасць такая, што прысутнасць у Афганістане савецкіх салдатаў і афіцэраў, інструктараў і грамадзянскіх спецыялістаў не абмежавалася ваеннай падтрымкай, за якой звярнулася да СССР Дэмакратычная Рэспубліка Афганістан. Місія, па вялікім рахунку, была гуманітарнай і нават сацыяльнай. Нашы суайчыннікі дапамагалі мірнаму насельніцтву і ўзводзілі школы, бальніцы, дарогі, іншую інфраструктуру, вялі барацьбу з наркатрафікам,
які ўжо тады ўяўляў пагрозу для будучых пакаленняў.
З вышыні гісторыі можна сцвярджаць, што сапраўдная сіла дзяржавы – у яе эканамічным суверэнітэце, крэпасці тылу і ў моцнай палітычнай волі кіраўніцтва, здольнага прымаць адказныя рашэнні. Дзякуючы цвёрдай і прынцыповай пазіцыі Прэзідэнта, у нашай краіне забяспечаны мір, стабільнасць і бяспека. Беларусь стала востравам спакою ў цэнтры Еўропы. Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў і застаецца верным слову: наша дзяржава заўсёды гатова аказаць брацкую дапамогу і выступаць міратворцам. Але беларускія ваеннаслужачыя не прымаюць і не будуць прымаць удзел у баявых дзеяннях за межамі краіны.
Напярэдадні Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў на старонках «ЛВ» пра мужнасць, воінскую доблесць, вернасць прысязе і правільныя арыенціры ў выхаванні падрастаючага пакалення разважалі землякі.
Генадзій ЛОЙКА, старшыня раённай арганізацыі
ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане»:
– Сёлета спаўняецца 40 гадоў, як вярнуўся з Афганістана. Пра тое, што буду служыць у гарачай кропцы, загадзя не ведаў ніхто з нашага прызыву. У вучэбцы ў Мінску на разводзе раптам аб’явілі, што адпраўляемся выконваць інтэрнацыянальны абавязак. Праз пару гадзін мы,18-19-гадовыя юнакі, ехалі ў невядомасць. Так, у красавіку 1984 года на два гады вайсковая дарога прывяла мяне ў Баграм.
Невыноснымі былі не клімат, калі летам спякота да плюс 50,
і не развітанне з роднымі, а бачыць, як гінуць тыя, з кім сябруеш, абменьваешся радасцямі і праблемамі. Менавіта братэрства і падтрымка адзін аднаго дапамагалі справіцца з выпрабаваннямі. Мы трымаліся адзін аднаго,
і гэта было нашай сілай. З вышыні свайго вопыту і ўзросту магу сцвярджаць: шчасце – жыць у мірнай краіне.
І пра гэта заўсёды кажу, калі сустракаюся з падрастаючым пакаленнем. А яшчэ пра тое, што кожны малады чалавек павінен абавязкова прайсці армію – выканаць свой канстытуцыйны абавязак, каб навучыцца быць сапраўдным мужчынай і абаронцам.
Людміла БУХАНАВА, удзельнік вайны ў Афганістане:
– У Афганістан я, інжынер-будаўнік, трапіла, можна сказаць, выпадкова.
А затрымалася амаль на тры гады – з 1986-га па лістапад 1989 года.
Мы займаліся праектаваннем і будаўніцтвам салдацкіх казармаў, сталовых, клубаў. Дапамагалі і мірнаму насельніцтву. Шмат чаго пабудавалі і адрамантавалі ў Кабуле. Правялі інжынерныя сеткі, узвялі дзіцячы сад – такую цывілізацыю ім стваралі. Мы рабілі сваю работу і ведалі адно: займаемся важнай справай. Сёння разумею – гэта было не дарэмна. Вытрымаць усе цяжкасці там дапамагалі сяброўства
і ўпэўненасць у тым, што дома чакаюць. Калі прыязджала ў водпуск дадому ў Начу, запісала на магнітафонную касету спеў
салаўя ў нашым лесе. І потым слухалі яе сярод грукату вайны, пакуль стужка зусім не сцерлася. Такі быў кантраст: там – пяскі, спякота
і небяспека, а ў дынаміках – голас роднай прыроды…
Арцём КІРУТА, начальнік адасобленай групы Ляхавіцкага раёна
ваеннага камісарыята г. Баранавічы, Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў:
– 15 лютага – дата важная для нашай краіны. Сёння на Ляхавіччыне жыве 50 чалавек, якія ў свой час прайшлі Афганістан, Сірыю і маюць статус воіна-інтэрнацыяналіста. Нашы суайчыннікі
не словам, а справай даказалі, што заўсёды гатовы стаць на абарону не толькі сваёй Радзімы, але і тых, каму патрэбна дапамога. І яркі прыклад – дапамога афганскаму народу. Акрамя баявых задач, з якімі нашы суайчыннікі паспяхова спраўляліся, яны дапамагалі мірнаму насельніцтву.
Іх прыклад – узор для сённяшняй моладзі: заўсёды заставацца патрыётам сваёй краіны, не быць раўнадушным да чужой бяды і быць гатовым да абароны свайго народа і дзяржавы.
Вераніка ЛАЎРУКЕВІЧ, навучэнка ваенна-патрыятычнага клуба
«Доблесць пакаленняў» гімназіі:
– У сучасным свеце, дзе часта культывуюцца каштоўнасці асабістага поспеху і камфорту, прыклад воінаў-інтэрнацыяналістаў – узор служэння абавязку. Для нас, старшакласнікаў, якія сёння шукаюць жыццёвыя і прафесійныя арыенціры, гераізм і мужнасць воінаў-інтэрнацыяналістаў – прыклад вернасці прысязе, таварышам і свайму сумленню. Ветэраны Афганскай вайны – людзі, якія жывуць сярод нас. Вельмі ўсхвалявала і прымусіла задумацца сустрэча з воінам-інтэрнацыяналістам Генадзіем Пятровічам Лойкам. Падчас такіх шчырых размоў мы, старшакласнікі, вучымся быць сумленнымі, адказнымі і сур’ёзнымі. І прыходзіць усведамленне, што менавіта ад нас, сённяшніх школьнікаў, залежыць памяць пра тых, хто да канца заставаўся верным абавязку.
Падрыхтавала Наталля ПЕРАПЕЧКА.

