Надзейная і міралюбівая. Тэмай адзінага дня інфармавання насельніцтва стала «Абарончая магутнасць беларуская арміі і патрыятызм у сучасных умовах»

Сімвалічна, што напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл тэмай адзінага дня інфармавання насельніцтва стала «Абарончая магутнасць беларуская арміі і патрыятызм у сучасных умовах».
Армія і патрыятызм несумненна маюць моцную ўзаемасувязь. Пра гэта ішла размова падчас сустрэчы інфармацыйна-прапагандысцкай групы пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Мікалая Мароза з калектывам дзіцячай школы мастацтваў. Выконваючы абавязкі намесніка камандзіра па ідэалагічнай рабоце воінскай часці 29969 Яўгеній Уласень адзначыў, што сучасныя Узброеныя Сілы Беларусі – трывалы шчыт ад любой знешняй пагрозы, надзейны фундамент на шляху стабільнага развіцця краіны. Беларуская армія – кампактная, мабільная, прафесійна падрыхтаваная і добра аснашчаная. Узровень
беларускіх ваенных не саступае вядучым арміям свету, а па некаторых паказчыках і пераўзыходзіць. У Беларусі ёсць надзейныя саюзнікі, яны падтрымліваюць нашу краіну, і разам мы выбудоўваем лінію абароны, накіраваную на стратэгічнае стрымліванне.
Служыць Радзіме і абараняць беларускі народ – не толькі паважаная прафесія, але і свяшчэнны абавязак грамадзяніна, замацаваны ў артыкуле 57 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Служба ва Узброеных Сілах з’яўляецца важным этапам станаўлення асобы. Прыняўшы ваенную прысягу, салдаты і афіцэры бяруць на сябе адказнасць самааддана абараняць незалежнасць і канстытуцыйны лад сваёй дзяржавы.
Сапраўднай школай жыцця назваў армію старшыня райвыканкама Мікалай Мароз. Кіраўнік раёна падкрэсліў, што Беларусь была і застаецца міралюбівай краінай. І ў той жа час прымаюцца ўсе меры
для павышэння абараназдольнасці. Размова ішла і пра тое, што высокі ўзровень патрыятызму грамадзян – неабходная ўмова для разгортвання народнага апалчэння і падтрымання баяздольнасці тэрытарыяльнай абароны.
Пракурор Ляхавіцкага раёна Ігар Палыка нагадаў, наколькі важна берагчы мір, свабоду і незалежнасць Радзімы, каб не дапусціць вайны. Наша краіна заўжды выдзялялася сваімі міратворчымі намаганнямі,
неаднойчы «мінская пляцоўка» выбіралася для правядзення мірных перагавораў. Спыніўся Ігар Палыка і на расследаванні крымінальнай справы генацыду беларускага народа.
Выхаванне патрыятызму пачынаецца з дзяцінства. У краіне дзейнічаюць 78 цэнтраў дапрызыўнай падрыхтоўкі, якія наведваюць каля 25 тысяч юнакоў і дзяўчат. У школах функцыянуюць 307 ваенна-патрыятычных клубаў, дзе навучаецца каля 12 тысяч выхаванцаў. У Ляхавіцкім раёне дзейнічаюць ваенна-патрыятычныя клубы
«Доблесць пакаленняў» (гімназія), «Фарпост» (СШ № 2), «Фартэцыя» (СШ № 1) і ваенна-патрыятычны атрад «Баграціён» (Начаўская СШ).
Лютаўскія адзіныя дні інфармавання мелі сваю адметнасць. Так, у сустрэчах у раёне электрасетак і раённым вузле электрасувязі прымалі ўдзел выхаванцы ваенна-патрыятычных клубаў. У Ляхавіцкай райбальніцы, дзіцячай школе мастацтваў, лясгасе арганізаваны тэматычныя выставы.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

