Пошта ідзе да вас. 7 мая — Дзень работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі

Жаданы госць у шасці вёсках Ганчароўскага сельсавета Генадзій Лойка, які 5 гадоў сумяшчае работу вадзіцеля і паштальёна РВПС.

Нягледзячы на тое, што электронныя пісьмы ўсё часцей замяняюць папяровыя, а электронныя сродкі сувязі становяцца ўсё больш папулярнымі, паштальён – жаданы госць у кожным доме. У вёсцы ён раскажа пра навіны і падзеі, даставіць карэспандэнцыю і тавары, пацікавіцца справамі, прынясе пенсію і прыме аплату за тэлефон.

Ляхавіцкі раённы вузел паштовай сувязі аб’ядноўвае гарадское і 20 вясковых аддзяленняў паштовай сувязі, плюс яшчэ аддзяленне на ко-лах – перасоўнае. Усе абсталяваны спецыяльнымі камп’ютарнымі сістэмамі, а насельніцтву аказваецца нямала карысных паслуг.

“Сёння людзі ідуць на пошту не толькі каб набыць перыёдыку, але і каб купіць неабходныя спажывецкія тавары, заказаць буйнагабарытныя (халадзільнікі, пральныя машыны, мэблю і іншае). Прычым, апошнія будуць дастаўлены бясплатна. Таму сярэднямесячны тавараабарот па нашым вузле паштовай сувязі складае 500 мільёнаў рублёў”, – дзеліцца поспехамі начальнік РВПС Вольга Арэхва.

У адпаведнасці з патрабаваннямі часу пошта развівае свае паслугі. Адправілі пасылку ці паштоўку – паслуга “Камфорт” дазволіць адрасатам у дзень атрымання паштовага адпраўлення з дапамогай SMS-апавяшчэння даведацца пра гэта, а атрымальнік выбірае адрас і час атрымання ўручэння. Попытам карыстаецца ў насельніцтва паслуга паскоранай дастаўкі пошты – EMS. Прычым паслуга даступна не толькі на тэрыторыі Беларусі, аказваецца больш чым у двухстах краінах свету.

90 высокакваліфікаваных і адказных работнікаў забяспечваюць сёння паштовую сувязь раёна. Іх добрасумленная праца не застаецца па-за ўвагай. Так, старшы інструктар па эксплуатацыйных, вытворча-тэхнічных і арганізацыйных пытаннях Тамара Булатая да прафесійнага свята ўзнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь. Ганаровай граматай РУП “Белпошта” ўзнагароджана намеснік начальніка РВПС Таццяна Дарашэнка. Партрэт паштальёна Таццяны Арцёмчык упрыгожвае Дошку гонару Брэсцкага філіяла Белпошты.

РВПС шануе і не забывае сваіх былых работнікаў. Асаблівы гонар пошты – ветэран вайны Уладзімір Янушкевіч і яго жонка Валянціна, якія доўгі час працавалі паштальёнамі Альхоўскага аддзялення паштовай сувязі.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *