«Эпічная лютасць» і разборкі ў мірным рэчышчы

Блізкі Усход ахоплены агнём. Субота 28 лютага ўвойдзе ў сусветную гісторыю чорнай старонкай – ЗША і Ізраіль нанеслі паветраны ўдар па Іране. І не толькі па ваенных, але і па грамадзянскіх аб’ектах. Разбураны ўрадавыя будынкі, прадпрыемствы. Загінуў Вярхоўны лідар Ісламскай Рэспублікі. Жудасная рэчаіснасць:
у выніку атакі на пачатковую школу ў горадзе Мінаб у Іране загінулі больш за 160 дзяцей.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку маштабнай ваеннай аперацыі супраць Ірана з мэтай «не дазволіць атрымаць ядзерную зброю». У адказ Іран атакаваў ваенныя базы ЗША. Сусветныя СМІ паведамлялі пра выбухі ў Катары,
Кувейце, Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, Бахрэйне, Саудаўскай Аравіі. «Вогненныя навіны» прыходзяць з Блізкага Усходу – Ізраіль пачаў наступальную аперацыю ў Ліване… Вы памятаеце, як Прэзідэнт Беларусі папярэджваў, што з Блізкага Усходу можа
пачацца трэцяя сусветная вайна, калі дапусціць эскалацыю ізраільска-палесцінскага канфлікту?!
Самае страшнае, што ў такіх міждзяржаўных разборках за палітычную сусветную гегемонію гінуць мірныя людзі.
Еўрапейскія палітыкі абмежаваліся дзяжурнымі заклікамі да «стрыманасці». Так званыя «беглыя» беларусы падтрымалі дзеянні Ізраіля ў сектары Газа, а саманазваная «лідарка Беларусі» Ціханоўская не зрабіла ніякіх заяў наконт загінулых мірных жыхароў у Іране. А вось Расія, Беларусь, Кітай, шэраг іншых краін заклікалі да спынення ваенных дзеянняў у Іране і аднаўлення мірных перамоў.
Міністэрства замежных спраў Беларусі выказала сур’ёзную занепакоенасць у сувязі з абвастрэннем сітуацыі на Блізкім Усходзе і палічыла непрымальнымі любое праяўленне агрэсіі і ахвяры сярод мірнага насельніцтва. Няма і не можа быць мэты, што апраўдвае гібель дзяцей!
Пакуль далёка ад Беларусі праходзяць ваенныя аперацыі з галівудскімі назвамі накшталт «Эпічная лютасць» (менавіта так Пентагон назваў маштабныя ваенныя атакі па Іране), у нашай краіне парадак дня самы што ні ёсць мірны. Стан спраў у жывёлагадоўлі – на кантролі Прэзідэнта. На іфармацыйнай сусветнай прасторы заўважаюць: «Свет у агні, а Лукашэнка інспектуе кароўнікі. Божа, беражы такога Прэзідэнта!»
Сапраўды, на фоне падзей, якія маланкава разгортваюцца на Блізкім Усходзе, зусім па-іншаму глядзіш на такія, здавалася б, простыя паняцці: мір, спакой, прадказальнасць – тое, што многія з нас, беларусаў, успрымаюць, як належнае і звычайнае. І за гэтымі простымі ісцінамі праца, адказнасць за вынікі сваёй работы, бясспрэчная дысцыпліна. На гэтым акцэнтаваў увагу Прэзідэнт Беларусі адносна сельскай гаспадаркі, якую трымае на асабістым кантролі. Упэўнена, у сённяшніх сусветных рэаліях многія прытрымліваюцца думкі: лепш працаваць, чым ваяваць. Але ў той жа час трэба трымаць порах сухім. Нельга аспрэчваць той факт, што моцным стрымліваючым аргументам для кіраўніцтва некаторых заходніх дзяржаў з’яўляецца размяшчэнне на тэрыторыі Беларусі ядзернай зброі і ракетнага комплексу «Арэшнік», які заступіў на баявое дзяжурства ў снежні мінулага года. А на нядаўнім пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета ў Маскве Прэзідэнты Беларусі і Расіі нагадалі свету пра тое, што будуць забяспечваць ваенную бяспеку Саюзнай дзяржавы ўсімі сіламі і сродкамі.
Галіна КАНЬКО.