Лёд становіцца небяспечным. Раённая арганізацыя Асвода сумесна з Ляхавіцкім РАНС нагадвае пра неабходнасць выканання мер па бяспецы на вадаёмах

Заканчваецца перыяд зімовых маразоў, і з павышэннем тэмпературы паветра пачынаецца раставанне снегу і лёду. У сувязі з рэзкім пацяпленнем і ападкамі ў выглядзе дажджу структура лёду на вадаёмах мяняецца імклівымі тэмпамі.
Найбольш небяспечным лёд становіцца каля берагоў, дзе снег сыходзіць хутчэй. Ручайкі цёплай вады сцякаюць у вадаём і падмываюць ледзяное пакрыццё каля берага, а цяпло ад нагрэтай зямлі яшчэ скарэй садзейнічае працэсу разбурэння.
Асноўны ледзяны масіў разбураецца паэтапна. Калі сярэднясутачная тэмпература паветра становіцца дадатнай, то на паверхні покрыва пачынае інтэнсіўна раставаць снег, і гэты працэс будзе паскарацца вятрамі, туманам і дажджамі. Паверхневая вада пранікае ў лёд, парушае яго маналітную структуру, выклікае яе распад. Адначасова з гэтым лёд пачынае актыўна раставаць і знізу.
Вясенні лёд не вытрымлівае нават невялікія нагрузкі і разбураецца без характэрнага трэску, а з шыпячым гукам рэзка распадаецца пад нагамі. Асабліва небяспечны ўчасткі паблізу берага, месца з хуткім цячэннем і вусця рэк.
Раённая арганізацыя Асвода сумесна з Ляхавіцкім РАНС нагадвае пра неабходнасць выканання мер па бяспецы на вадаёмах.
Не ступайце на лёд, не вы-значыўшы яго трываласць.
Не правярайце трываласць лёду нагой – толькі пешняй. Пры выхадзе на падлёдную рыбалку абавязкова трэба мець пры сабе выратавальную камізэльку, вяроўку даўжынёй 15–20 метраў з пятлёй на адным канцы і грузілам вагой 500 грамаў на другім. Надзейны лёд – празрысты з зеленаватым адценнем. Будзьце асцярожныя паблізу вытыркаючых на паверхню кустоў, асакі, травы. Асцерагайцеся пляцовак на лёдзе, пакрытых снегам. Не выходзьце на лёд у адлігу. Не збірайцеся вялікімі групамі. Правярайце кожны крок на лёдзе пешняй збоку, хутка пакіньце тое месца, дзе з лункі пачала сачыцца вада.
Трапіўшы ў ваду з тэмпературай плюс 1 градус, у залежнасці ад стану арганізма і тэмпературы паветра, чалавек страчвае прытомнасць праз 15–20 мінут.
Галоўныя правілы самавыратавання
Не панікуйце, не трацьце сілы на лішнія рухі, пазбаўцеся ад цяжару. Гучна клічце на дапамогу. Шырока раскіньце рукі, абапіраючыся на лёд, каб не пагрузіцца ў ваду з галавой. Спрабуйце выбрацца самастойна, наваліўшыся тулавам на лёд. Апынуўшыся на лёдзе, не ўставайце, адпаўзіце або адкаціцеся ад праталіны мінімум на некалькі метраў і толькі потым падымайцеся. Рухайцеся ў той бок, адкуль прыйшлі, па праверанай на трываласць сцежцы.
Пры аказанні дапамогі пацярпелым таксама неабходна выконваць меры зясцярогі. Выратавальнік павінен набліжацца да пацярпелага толькі паўзком, інакш сам можа праваліцца. Для аказання дапамогі выкарыстоўвайце любыя падручныя сродкі: доўгую палку, жэрдку, дошку, куртку, рэмень, звязаны з шалем. Наблізіўшыся да пацярпелага паўзком, кіньце адзін канец і паўзком назад дапамагайце яму. Выбраўшыся на бераг, у першую чаргу здыміце мок-рае адзенне і насуха вытрыце пацярпелага, напаіце яго гарачым чаем, кавай.
Генадзій ПАЛЕЕЎ,
старшыня раённай арганізацыі Асвода.

