Класная педыятрычная служба. Па выніках работы за 2025 год педыятрычная служба УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» прызнана лепшай на Брэстчыне сярод 13 райбальніц вобласці
Дзеці – наша будучыня. А якой яна будзе, у многім залежыць ад здароўя падрастаючага пакалення. Пра гэты важны складнік разам з бацькамі клапоцяцца і медыкі.
І тут хлопчыкам і дзяўчынкам Ляхавіччыны дакладна пашанцавала.
У раёне створаны выдатныя ўмовы для аказання якаснай медыцынскай дапамогі, прафілактыкі захворванняў, наладжаны каляндар прышчэпак, у тым ліку абавязковых. На варце здароўя маленькіх землякоў стаяць вопытныя прафесіяналы сваёй справы. І вось афіцыйнае прызнанне агульнай зладжанай работы калектыву пры істотнай дзяржаўнай падтрымцы. Па выніках работы за 2025 год педыятрычная служба УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» прызнана лепшай на Брэстчыне сярод 13 райбальніц вобласці.
На абласной калегіі акушэрска-гінекалагічнай і педыятрычнай службаў дыплом І ступені галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Брэсцкага аблвыканкама за дасягнутыя паказчыкі і добрасумленную працу ў сістэме аховы здароўя па выніках работы педыятрычнай службы ўручаны ўрачу – педыятру раённаму Інэсе Драздовіч.
– Канешне, прыемна і ганарова, што наша работа атрымала такую высокую адзнаку – упершыню педыятрычная служба Ляхавіччыны прызнана лепшай на Брэстчыне сярод аналагічных падраздзяленняў. У Ляхавіцкай ЦРБ для маленькіх пацыентаў створаны добрыя ўмовы. У паліклініцы арганізаваны прыём дзяцей па чатырох участках, у стацыянары педыятрычнага аддзялення ёсць 15 ложка-месцаў для шпіталізацыі, яшчэ некалькі ў стацыянары інфекцыйнага аддзялення. У нас сучасная дыягнастычная база, на належным узроўні пастаўлена работа па імунізацыі. Кіраўніцтва ЦРБ не пакідае без увагі пытанні ўдасканалення работы нашай службы, адчувальна матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне. Важна і тое, што педыятрычная служба
ўкамплектавана кадрамі.Медыкі аддзялення працуюць так, каб дзецям і іх бацькам было камфортна, і яны былі ўпэўнены ў тым, што абавязкова атрымаюць кваліфікаваную педыятрычную дапамогу. І, самае галоўнае, мы разам ў адказе за нашых дзяцей, – адзначае Інэса Драздовіч.
Галіна КАНЬКО.
Фота Наталлі ПЕРАПЕЧКА.






